Безгалосыя

Источник материала:  
19.11.2010 09:53 — Разное

Мы беларусы, з розным колерам вачэй і валасоў, у нас розныя палітычныя сімпатыі і розныя светапогляды, але ёсць тое, што нас аб’ядноўвае — нам неабыякавы лёс краіны.

Менавіта гэта павінны былі ўчора прадэманстраваць дзесяць беларусаў, якія прэтэндуюць на самую высокую пасаду ў дзяржаве.

Не прадэманстравалі.

Наадварот, пасяджэнне ЦВК, на якім і вызначалася, хто стане кандыдатам у прэзідэнты, паказала, што многіх з тых, хто балатуецца ў прэзідэнты, не вельмі і хвалюе лёс краіны, лёс народа…

Лукашэнка праігнараваў цырымонію ўручэння пасведчання кандытата ў прэзідэнты. Наведванне Парку высокіх тэхналогій яму падалося больш важным. Нібыта заўтра той Парк захопяць іншапланецяне і магчымасці сустрэцца са спецыялістамі па высокіх тэхналогіях у яго больш не будзе.

Але калі сур’ёзна, то, на мой погляд, менавіта ўчора, 18 лістапада, Аляксандр Лукашэнка прадэманстраваў, што не будзе пры ягоным кіраўніцтве спакою ў нашай Беларусі, не будзе цярплівасці да чужой думкі, не будзе павагі да апанентаў.

Не з’явіўшыся ў ЦВК, ён не апазіцыю праігнараваў. Ён праігнараваў больш за мільён беларусаў,

якія паставілі свае подпісы за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты прадстаўнікоў дэмакратычнага руху. Так, гэта не выбаршчыкі Лукашэнкі. Але яны таксама беларусы, яны маюць права на сваю думку, яны маюць права голасу. За ўсе 16 гадоў Лукашэнка так і не зразумеў, што ўзрушваюць нашу краіну ў розных палітычных крызісах не нейкія ворагі, што гэта робіць ён сам. Робіць вось такім стаўленнем да мільёнаў людзей — іх знявагай і ігнараваннем іх пазіцыі.

Ён нават на гадзіну-другую не пажадаў «зняць карону» і стаць роўным сярод роўных,

сесці паміж Кастусёвым і Міхалевічам, выступаць не першым, а па алфавіце. Хаця добра ведае, што менавіта так павінны праходзіць сапраўдныя выбары.

Але і Някляеў не прыйшоў. Для яго арганізавалі он-лайн канферэнцыю з Варшавы, якая трансліравалася праз камп’ютары на Кастрычніцкую плошчу.

Адкуль узялася «зорнасць», якая не дазволіла выпрацаваць графік паездак так, каб у знакавыя моманты выбарчай кампаніі знаходзіцца ў Беларусі?

З аднаго боку, магчыма, Някляеў палічыў, што 18 лістапада нічога лёсавызначальнага ў Мінску не адбудзецца. Ну, пасведчанне кандыдата ў прэзідэнты ўручаць, ну, будзеш мець магчымасць сказаць членам ЦВК, свайму галоўнаму апаненту нейкія важныя словы… Але як чалавек, прэтэндуючы на самую высокую пасаду, павінен быў разумець, што ў многіх узнікнуць пытанні: што ты робіш падчас выбарчай кампаніі за межамі краіны, калі хочаш стаць палітыкам нумар адзін тут, у Беларусі? Каго ты агітуеш у Кіеве, Празе, Варшаве? Тое, што беларуская апазіцыя даўно загітавала Еўропу, мы ведаем. Хто будзе агітаваць Беларусь?

Не з’явіўся на ўручэнне кандыдацкіх пасведчанняў і Віталь Рымашэўскі. Замест яго на пасяджэнне ЦВК прыйшоў Павел Севярынец. Дэманстратыўна паставіў перад сабой бел-чырвона-белы сцяжок, не падаў рукі Лідзіі Ярмошынай, рэзка выступіў. У тым сэнсе, што сістэма сённяшняй улады прагніла і яе трэба мяняць. Што сённяшнія ўлады павінны пакаяцца, бо падманваюць народ. Заявіў у вочы членам ЦВК, што Аляксандр Лукашэнка не можа балатавацца на пасаду прэзідэнта…

Севярынец, які прайшоў нават праз турму, мае права на такія словы. Але дзе ў гэты час быў Рымашэўскі?

Спачатку ішлі паведамленні, што ён у Парыжы, потым — у Галандыі…

Скажыце, у якой краіне існуе практыка, калі палітык падчас выбараў з’язджае за яе межы?.. Можа, у Еўропе такое прынята? Ці ў ЗША? Падаецца, што

нідзе, нават пры самых дэмакратычных выбарах і самым сумленным падліку галасоў палітык не можа спадзявацца на перамогу, калі ў самыя важныя моманты выбараў яго фізічна ў краіне няма.

Цяпер ужо можна гаварыць і пра тое, што не дачакаліся выбаршчыкі напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты сенсацыі.

У штабах ведаюць, што існавала дамоўленасць паміж найбольш моцнымі кандыдытамі — Някляевым, Саннікавым і Раманчуком — аб тым, што яны абвесцяць пра адзінства. Але не здарылася. У апошні момант адмовіўся Яраслаў Раманчук. Перадумаў.

Паміж сабой у ягонай камандзе тлумачылі, што больш дзёрзкім Яраслаў хоча быць, больш рашуча выступаць, а Някляеў ды Саннікаў яго нібыта стрымліваюць. Зразумела, у свеце гэтых тлумачэнняў чакалі ад Раманчука нейкага моцнага ходу — балючага і непрыемнага для галоўнага кандыдата. Нешта накшталт «Дзе грошы, Саша?» — пытання, якое ў 2006-м агучыў Аляксандр Казулін.

І што?

Выступаючы на пасяджэнні ЦВК, Раманчук спакваля намякнуў Лідзіі Ярмошынай пра тое, якіх выбараў ад яе чакае Беларусь, падарыўшы альбом пра Парыж. Смела?.. Вытанчаны здзек з неўязной у краіны Еўропы Ярмошынай?..

Не ведаю, ці пакрыўдзілася Лідзія Міхайлаўна, але я расчаравана, што смеласці Раманчуку ўсё ж не хапіла.

Каб сказаць пра сорам для беларусаў жыць у апошняй дыктатуры Еўропы, пра тое, як была растоптана Канстытуцыя, пра страшэнныя злачынствы са знікненнем вядомых палітыкаў… Можа, ён забыўся, што зніклыя палітыкі былі ягонымі аднапартыйцамі?

Толькі па прапанове Андрэя Саннікава хвілінай маўчання на пасяджэнні ЦВК былі памянуты тыя, хто аддаў жыццё за Беларусь.

Шкада, вельмі шкада, што ў гэты дзень кандыдацкія пасведчанні не атрымлівалі Генадзь Карпенка, Віктар Ганчар, Юрый Захаранка…


Падзяліцца навіной: 
Святлана Калінкіна, НВ + skalinkina.livejournal.com

←Маскоўскія мільянеры беларускага паходжання разбудоўваюць свае родныя вёскі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика