Рэха Грунвальда дакацілася да Палінезіі

Источник материала:  
17.11.2010 15:58 — Разное
Памятныя манеты да 600-годдзя знакамітай бітвы выпусцілі не толькі ў Беларусі, Літве, Польшчы і Украіне.

Манеты да 600-годдзя Грунвальда, Палау.

Манеты да 600-годдзя Грунвальда, Выспы Кука.

Манеты да 600-годдзя Грунвальда, золата, 50 рублёў, Беларусь.

Манеты да 600-годдзя Грунвальда, золата, 20 рублёў, Беларусь.

Манеты да 600-годдзя Грунвальда, срэбра, 20 рублёў, Беларусь.

Манеты да 600-годдзя Грунвальда, медна-нікелевыя, 1 рубель, Беларусь.

Манеты да 600-годдзя Грунвальда, золата, 500 літаў, Літва.

Манеты да 600-годдзя Грунвальда, срэбра, 50 літаў, Літва.

Манеты да 600-годдзя Грунвальда, медна-нікелевыя, 1 літ, Літва.

Манеты да 600-годдзя Грунвальда, срэбра, 10 злотых, Польшча.

Манеты да 600-годдзя Грунвальда, медна-цынкава-алюміневыя, 2 злотыя, Польшча.

Былая нямецкая калонія Палау адзначыла 600-годдзе знакамітай бітвы выпускам памятных манет. Сваю манету адчаканілі і Выспы Кука, паведамляе сайт Музей грошай.

На манетах Рэспублікі Палау, а іх тры, выяўленыя Вітаўт і Ягайла, польскі рыцар на кані і тэўтонец. Манеты наміналам 1 даляр, наклад кожнай манеты — 2500 штук. Назва серыі «600 Years Battle Of Grunwald». Выспы Кука выпусцілі манету наміналам 5 даляраў, агульным накладам 1000 шт. Яна адчаканеная з срэбра 925-й пробы, вага — 25 г. На аверсе манеты партрэт каралевы Елізаветы II, на рэверсе — польскага караля Ягайлы на фоне бітвы і подпісы «Wladyslaw II Jagiello», «1362—1434», «1410 Battle Of Grunwald».

Беларусь

Нацыянальны банк Беларусі адчаканіў па паўтысячы залатых манет (900-й пробы) наміналам 20 і 50 рублёў, 2500 срэбных 20-рублёвых манет 925-й пробы і 3000 медна-нікелевых 1-рублёвых.

На аверсе залатой манеты наміналам 50 рублёў, срэбнай і медна-нікелевай манетаў размешчаныя дзяржаўны герб, у цэнтры — стылізаваная выява мяча, якая сваім абрысам нагадвае чалавека. На адваротным баку манет размешчана стылізаваная пячатка ў выглядзе адбітка вялікага пальца, у структуры якога намаляваны надпіс «Грунвальдская Бітва» і дата — «1410/07/15».

На аверсе залатой манеты наміналам 20 рублёў размешчаныя выява дзяржаўнага герба, у цэнтры ў абрамленні вянка з дубовага лісця выявы двух гатычных мячоў. На рэверсе манеты выява чары, увянчанай вянком з дубовага лісця, якая сімвалізуе ёмішча пакут ад перажытай вайны, і дзесяць размешчаных крыжападобна пірамідальных выступаў, як памяць аб загінуўшых у Вялікай вайне. Надпісы: у верхняй частцы — «Грунвальдская Бітва», у ніжняй — «600 год».

Літва

Літоўцы выпусцілі да юбілею 3 віды манетаў: 500 літаў з золата 999-й пробы (5000 шт.), 50 літаў з срэбра 925-й пробы (10 000 шт.) і 1 літ медна-нікелевага сплаву, фантастычным накладам у 1 000 000. На манетах адлюстраваныя батальныя сцэны, вершнікі і тагачасныя гербы. Надпіс па-літоўску «Грунвальдская бітва» і «дата 1410—2010».

Польшча

У Польшчы выпусцілі манеты двух відаў: авальныя срэбныя (925-й пробы) наміналам 10 злотых — 60 000, і круглыя медна-цынкава-алюміневага сплаву наміналам 2 злотыя накладам у 1 400 000 шт. На аверсе авальнай срэбнай манеты размешчаны партрэт Ягайлы, герб краіны і «Пагоня». На рэверсе — вершнік на фоне батальнай сцэны і надпіс «Грунвальд — 1410». На 2 злотых выява дзяржаўнага герба на аверсе і ваяры з гербамі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага на шчытах на рэверсе. А таксама надпіс: «Grunwald 1410».

Украіна

Нацбанк Украіны да Грунвальда выпусціў юбілейныя 20 грыўняў з срэбра 925 пробы. Агульны наклад манет — 5000. На аверсе манетаў выява дзяржаўнага герба краіны, кампазіцыя з трох рук у даспехах пакладзеных на меч, што сімвалізуе рыцарскае брацтва. На адваротным баку манеты — выява наступлення ваяроў і надпісы па-ўкраінску «Грунвальдская бітва», «600 год».

***

Даведка:

Рэспубліка Палау — выспавая дзяржава ў Філіпінскім моры Ціхага акіяна ў Мікранезіі. Выспы былі адкрытыя іспанцамі ў 1543 г. У свой час належалі Германіі, знаходзіліся пад патранажам Лігі нацый, ААН. Ад 1994 г. — незалежная краіна.

Выспы Кука — месцяцца ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна ў Палінезіі. З’яўляюцца парламенцкай манархіяй, якая знаходзіцца ў вольнай асацыяцыі з Новай Зеландыяй. Кіраўніком краіны з’яўляецца прадстаўнік каралевы Елізаветы ІІ.


Падзяліцца навіной: 
Падрыхтаваў Сямён Печанко

←Ёлачныя кірмашы ў Мінску адчыняцца 23 снежня

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика