З гонарам ушанавалі героя Грунвальда

Источник материала:  
04.11.2010 — Разное
Удзячныя нашчадкі з Мсціслава ўстанавілі памятны камень у гонар Сямёна Лугвена, які ўзначальваў у векапомнай бітве тры беларускія харугвы
У горада Мсціслава, аднаго з самых старажытных у Беларусі (1156), багатая і непаўторная гісторыя. Спачатку ён уваходзіў у склад Смаленскага княства. А з 1180 года гэта цэнтр самастойнага Мсціслаўскага княства, якое адыгрывала пазітыўную ролю ў грамадска-палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага.
З гонарам ушанавалі героя ГрунвальдаСярод князёў Мсціслаўскіх вылучаецца пачынальнік роду Сямён Лугвен (каля 1355–1431), сын легендарнага вялікага князя ВКЛ Альгерда. Сямён Лугвен — асоба ўсё яшчэ недаацэненая, пра яго мала вядома. Чалавек мужны, адукаваны і кемлівы, ён умацоўваў сваю ўладу, але адначасова і падтрымліваў дзеянні вялікага князя Вітаўта. Як дзяржаўны муж, ён быў намеснікам вялікага князя ў Ноўгарадзе, ён падпісваў і акт Крэўскай уніі 1392 года. І менавіта Сямён у час Грунвальдскай бітвы 1410 года, памяць пра якую сёлета ўшаноўваецца, узначальваў аб’яднаныя сілы мсціслаўскай, смаленскай і аршанскай харугваў.
Непрымірымасць да ворагаў, рашучасць у адстойванні інтарэсаў княства спалучалася ў Сямёна Лугвена з хрысціянскай дабрачыннасцю і набожнасцю. Каля 1380 года ім заснаваны вядомы Мсціслаўскі пустынскі Успенскі манастыр, а потым у аддаленні ад горада — Ануфрыеўскі манастыр, які праславіўся сваімі цудамі.
Памяць пра выдатнага продка зберагаецца ў Мсціслаўі. Яму прысвечаны экспанаты ў раённым гісторыка-археалагічным музеі, пра яго расказваюць вучням школ на ўроках радзімазнаўства.
А сёлетняй восенню, у Дзень горада, у Мсціслаўі быў урачыста адкрыты памятны камень, прысвечаны выдатнаму дзяржаўнаму дзеячу ВКЛ. На ім надпіс: “Сямёну Лугвену Альгердавічу, родапачынальніку князёў Мсціслаўскіх, герою Грунвальдскай бітвы, фундатару праваслаўных святынь”.
Фота памятнага знака ласкава прыслана рэдакцыі “Голасу Ра-дзімы” Мсціслаўскім райвыканкамам.
P. S. Хто ж захоча падрабязней пачытаць пра Лугвена і горад, праслаўлены ім, раю звярнуцца да кнігі “Мсціслаў — Мстиславль: Эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі” Уладзіміра Караткевіча.

Адам Мальдзіс

←Урочище нашей памяти

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика