«І ўвогуле хто такі Напалеон?», або чаму спілавалі ўнікальнае дрэва

Источник материала:  
02.11.2010 10:26 — Разное
Адзін з самых легендарных военачальнікаў у гісторыі чалавецтва праліў бы горкія слёзы. У Бешанковічах амаль спілавалі дуб, на фоне якога французскі мастак маляваў Напалеона Банапарта, — згодна з прыгожай мясцовай легендай.

Так выглядаў дуб.

так выглядае зараз.

У перспектыве гістарычны дуб мог бы стаць «смачным» турыстычным аб’ектам. Але на яго паднялі знішчальную пілу. За што? Пра гэта даведаўся журналіст «Звязды».

Гістарычнае дрэва пачалі спілоўваць у чацвер 28 кастрычніка. Рэшткі напалеонаўскага дуба, які ў будучым мог бы прыносіць немалыя турыстычныя грошы ў бюджэт, валяліся на зямлі, як смецце. Пяціметровы ствол з абрэзкамі пакуль пакінулі. Дрэву было каля 400 гадоў, пасля распілоўкі на ім ужо ніколі не з’явіцца лісце.

-Такія дубы ёсць у кожным раёне. Дзе стары дуб — там і Напалеон. Спілаваць дуб папрасілі настаўнікі,

— запэўнівае Дзмітрый Талстой, начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Бешанковіцкага раёна. — Дрэва было ў аварыйным стане, утварылася вялізнае дупло. Мы спрабавалі яго лячыць, дзесяць гадоў мазалі і смоламі, і глінамі, але ўсё з часам старэе. Узнавіць дрэва было нельга. Дуб стаяў побач са школай, мог паваліцца.

Быў зроблены запыт у Міністэрства культуры. Як помнік ці каштоўнасць стары дуб нідзе не значыўся. Эстэтычнай ці выхаваўчай мэты ён не нёс.

Спецыяльная камісія прыняла рашэнне пілаваць.

— Але ж дрэва звязана з самім Напалеонам Банапартам!..

— У райвыканкаме падымалі пытанне, каб неяк увекавечыць гэты дуб — зрабіць камень ці пасадзіць новае дрэва. Але помнік Напалеону — гэта спрэчнае пытанне: ён жа заваёўнік.

«І хто такі Напалеон?» — да такой высновы прыйшлі на пасяджэнні ў райвыканкаме.

Для тых, хто недаацэньвае Напалеона, нагадаю: калі б не гэты легендарны военачальнік, увесь сённяшні свет выглядаў бы па-іншаму. Гэта дзякуючы яму на кантыненце быў цалкам знішчаны прыгонны феадальны лад. І хоць Напалеон імкнуўся падпарадкаваць сабе ўсю Еўропу і спальваў Маскву, беларусам гэты гістарычны дзеяч, на думку некаторых гісторыкаў, не імкнуўся прынесці ліха. Наадварот, калі нашы землі прыбрала да рук Расійская Імперыя, ён паабяцаў аднавіць Вялікае Княства Літоўскае — нашу гістарычную дзяржаву. Таму шляхта стала на бок Напалеона…

Але вернемся да Бешанковічаў. Тут, у палацы Храптовіча, Напалеон спыняўся на некалькі дзён. І згодна з прыгожай мясцовай легендай, яго партрэт малявалі на фоне гэтага самага дуба (верагодны мастак — немец Альбрэхт Адам). І хоць тая карціна не захавалася, многія жыхары Бешанковічаў ганарыліся дубам Напалеона і ўзахлёб распавядалі гасцям сваю прыгожую легенду.

— Шкада было, — амаль плача ў тэлефонную слухаўку Таццяна Савіла,

дырэктар сярэдняй школы № 2 Бешанковічаў. Адна з тых настаўніц, якія нібыта «ўзмаліліся», каб дуб Напалеона спілавалі. — Мы проста прасілі іх паглядзець, у якім ён стане. Прадстаўніку аховы прыроды мы сказалі: «Будзьце асцярожныя, усё ж такі гэта помнік». А ён адрэзаў: «Гістарычна гэта не пацверджана». Трэба сказаць, што раней добрая галіна з дуба і сапраўды адвалілася. Вядома, мы спужаліся: у нас тут дзеці вучацца, страшна. Таму мы папрасілі паглядзець, ці ў аварыйным стане дуб. Прыйшло многа людзей, вырашылі пілаваць. І калі ўжо вы пачалі, то паглядзіце — добра дрэва пілуецца ці дрэнна. Можа, яго і не трэба далей знішчаць, калі піла не бярэ?

— Калі гэта гістарычнае дрэва, чаму яно не было агароджанае, чаму не было шыльдачкі?

-Калісьці мы самі рабілі загарадку, але шыльдачкі ніколі не было. У мінулым годзе побач з дубам пачалі ставіць слупы, пацягнулі электратрасу. Загарадку давялося прыбраць…

Што атрымліваецца? Дуб, хай сабе пад ім і малявалі Напалеона Банапарта, спілаваны па законе. А што рабіць, калі дрэва старое і не падлягае аднаўленню?

Аўтарытэтны беларускі даследчык архітэктуры Сяргей Харэўскі сцвярджае, што ў свеце ёсць вялікая колькасць прэцэдэнтаў, калі такія гістарычныя дрэвы аднаўляліся:

— Не трэба далёка шукаць, зазірнем да суседзяў. За касцёлам Святой Ганны ў Вільні стаіць славуты Шырэйкішскі дуб. Паводле легенды (дакладных звестак, як і ў Бешанковічах, няма), пад дубам спаў Вялікі князь Гедымін, і менавіта там яму прысніўся Жалезны воўк (міфічная жывёла, якая, згодна з легендай, падказала Гедыміну, што менавіта ў Вільні трэба арганізоўваць сталіцу ВКЛ). Дуб гэты атачылі агароджай, каб людзі не падыходзілі і не было нешчаслівых здарэнняў. Дрэва лячылі, заштукоўвалі дуплы, акуратна пагаблявалі. Шмат разоў у яго ляскалі маланкі, яго круцілі буры. І дрэва па-ранейшаму стаіць. Упэўнены, што цалкам рэальна было выратаваць і гэты дуб у Бешанковічах — трэба было падпілоўваць толькі аварыйныя галінкі. Дзякуй Богу, у ХХІ стагоддзі ўжо ёсць тэхналогіі, каб залечваць дрэвы. Дуб Напалеона быў каласальнай прыроднай, гуманітарнай і мемарыяльнай каштоўнасцю.

— І чаму ў нас пілуюць такія аб’екты?

— Праблема ў тым, што ў краіне пакуль адсутнічае належная заканадаўчая база, якая магла б забараніць вандальнае знішчэнне такіх помнікаў. У заканадаўстве адсутнічае пакаранне за такія ўчынкі, не прапісана дапамога такім помнікам. Гэтую праблему неабходна вырашаць, іначай усе падобныя аб’екты будуць вынішчаныя. У той жа сталіцы з-за будаўніцтва новых аб’ектаў пад пагрозай водна-зялёны дыяметр, якім ганарыліся ў савецкую эпоху, уключалі ў шматлікія энцыклапедыі…

***

Калі інфармацыя пра спілаваны дуб з’явілася на адным з віцебскіх рэгіянальных сайтаў, наведвальнікі пачалі масава і рэзка абурацца: «Нягоднікі, цяпер адпілуйце сабе галаву і гэтак далей…»

Чыноўнікі хоць і пазнавата, але звярнулі на праблему пільную ўвагу. Гісторыя пра нешчаслівы лёс напалеонаўскага дуба дайшла да кіраўніка вобласці Аляксандра Косінца.

— Вы ж бачылі, што дуб спілавалі не цалкам. Гэтыя рэшткі дрэва кранаць не будуць,

 — абяцае Мікалай Заблоцкі, намеснік старшыні Бешанковіцкага райвыканкама. — Яшчэ год таму прымалася рашэнне: так, гэты напалеонаўскі дуб нясе вялікую пагрозу для дзяцей. Падалі галіны, побач школа, недалёка да бяды…

Цяпер пагроза знікла. Дрэва застанецца ў турысцкім маршруце. Дуб мы захаваем, гэта, безумоўна, — помнік гісторыі. Старшыня райвыканкама даў каманду — агарадзіць яго і зрабіць мемарыяльную шыльдачку. Тым больш што ў 2012 годзе будзе адзначацца 200-годдзе бітвы пад Астроўна. Гэтая падзея апісаная ў кнізе Талстога «Вайна і мір»…

Спадзяёмся, што турызм у рэгіёне будзе імкліва развівацца. Тут нарадзіліся мастак Іван Хруцкі, канцлер Леў Сапега. Тут знаходзіцца рэдкая пяцікупальная Свята-Ільінская царква, палац Храптовічаў і іншыя цікавыя турыстычныя аб’екты.

Падзяліцца навіной: 
Яўген Валошын, Звязда

←Сёння — Дзяды

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика