Андрэй Саннікаў: Мы моцныя
photo.bymedia.net |
«Наша Ніва»: Вы не ўдзельнічалі ў папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, чаму вырашылі ўзяць удзел на гэты раз?
Андрэй Саннікаў: Я ўдзельнічаў ва ўсіх выбарах, ва ўсіх палітычных кампаніях, у тым ліку прэзідэнцкіх. У 2001 годзе я працаваў спачатку з Сямёнам Домашам, а пасля таго як быў абраны адзіным Уладзімір Ганчарык, то працаваў у ягонай кампаніі. У 2006 годзе — на кампанію Мілінкевіча. Але я быў не вельмі задаволеным, як будуць выкарыстоўвалі нашы ідэі, структуры, пазіцыю. Было вырашана, што мы маем вялікі досвед, маем патэнцыял. Маем самую моцную ў краіне каманду, таму і вырашылі пайсці на выбары.
«НН»: А чаму Вы лічыце, што здольныя перамагчы Лукашэнку?
АС: Таму, што я іду перамагаць дыктатуру.
Я перакананы, што здолею прапанаваць народу альтэрнатыву. І людзі мяне падтрымаюць.«НН»: А ў чым ёсць Ваша альтэрнатыва?
АС: Мая альтэрнатыва — нармальная Беларусь. Гэта інтэграцыя ў Еўрасаюз, імгненнае паляпшэнне адносінаў з Расіяй, якое ўключае ўсе аспекты, якія цікавяць Расію. Пры гэтым захоўваючы нашы нацыянальныя інтарэсы. Гэта нармалізацыя адносінаў з Украінай. Гэта вельмі важны партнёр. Ненармальна, калі ў адносінах двух вельмі блізкіх народаў які ўжо год ідзе гандаль па пагадненнях у памежнай зоне. Я бачу, што гэта цікавіць людзей, яны бачаць у гэтым мадэль развіцця Беларусі. Калі мы пойдзем такім кірункам, то будзе паляпшэнне жыцця ва ўсіх сферах. Найперш у эканоміцы, культуры. Нават у сацыяльнай сферы, дзе існуе міф, што Лукашэнка стварыў умовы для сацыяльнай абароны чалавека. Гэта хлусня.
Станоўча ставіцца да прыватызацыі
«НН»: Канкрэтная эканамічная праграма ў Вас маецца?
АС: Праграма па галінах пакуль распрацоўваецца. Мы хацелі яе зрабіць на дадзеным этапе, але ўсё ж не варта. Бо шмат цікавых прапановаў, ідэй гучыць падчас сустрэч з людзьмі. Узнікаюць такія моманты, якія раней не ўлічвалі. Скажу, што гэтыя рэформы не будуць такімі складанымі для Беларусі, бо ёсць досвед суседзяў, як рухацца паводле крытэраў ЕС. Цікавы досвед Літвы па сельскай гаспадарцы, цікава, як Эстонія, Польшча вытрымала крызіс. Ці чаму суперлібералізацыя Чэхіі прывяла да праблемаў, а Славакія пасля Мечыяра зрабіла моцны рывок наперад? Гэта найбагацейшы досвед. Мы будзем ім карыстацца.
«НН»: Ці ўсё створанае пры Лукашэнку ў эканоміцы трэба ламаць?
АС: Лукашэнка не будаваў хату з фундамента. За савецкім часам гэта была даволі разгалінаваная эканоміка, але і цяжкая для такой краіны, як наша. Я не прымаю камандна-прымусовай сістэмы. Яна павінна быць разбурана. Але калі пабудаваны нейкі добры будынак, то што ў гэтым кепскага? Дарэчы, добрых будынкаў я як карэнны мінчанін у сталіцы не заўважаў. Я не прымаю аграгарадкоў, гэта разбурае сельскую гаспадарку. Ці будаўніцтва лядовых палацаў, калі не хапае на медыцыну. Калі былі Дажынкі ў Кобрыне, то там пабудавалі аквапарк. Пакажыце мне, хто туды ходзіць.
«НН»: Якое Ваша стаўленне да прыватызацыі буйных прадпрыемстваў?
АС: Станоўчае. Нешта трэба рабіць з прадпрыемствамі. Састарэласць вытворчасці ўжо нікуды не схаваеш нават прапагандыстамі. Як паветра патрэбна мадэрнізацыя. Але без падзелу ўлады і свабоднай прэсы не можа быць ніякай прыватызацыі. Я не бачу іншай магчымасці, акрамя кантролю грамадскасці праз СМІ. Таксама прыватызацыю прадпрыемстваў можна рабіць, толькі ўлічваючы інтарэсы тых, хто там працуе, — і рабочых, і менеджараў. Тое, што робіць цяпер з прыватызацыяй дыктатар, мяне палохае. Бо яна закрытая, таемная.
«НН»: То бок для Вас не так істотна, ці гэта прыйдзе расійскі, ці еўрапейскі інвестар?
АС: Істотна, каб працавалі законы. Каб прыходзілі найлепшыя, самыя вядомыя ў свеце брэнды. Каб прыходзілі высокія тэхналогіі, а не нейкі сэканд-хэнд. Паважаю ўсе краіны, але тыя ж кітайцы вельмі часта даюць не самы якасны прадукт.
«Еўрасаюз — гэта гісторыя поспеху»
«НН»: Вашай мэтай ёсць уступленне Беларусі ў ЕС?
АС: Так.
«НН»: А як тады будаваць адносіны з Расіяй?
АС: Нармальна. Прыводзіў і прыводжу прыклад Украіны. Гэта будзённая праца ўкраінскіх чыноўнікаў, накіраваная на ўступленне ў ЕС. Гэта не палохае расіян. І Беларусь не павінна палохаць. Больш за тое, Расія павінна быць зацікаўленай у сяброўстве Украіны і Беларусі ў ЕС. Чаму? Бо гэта павялічыць уплыў Расіі ў Еўропе. У сваю чаргу, гэта павялічыць абарону інтарэсаў нашых краін у Еўрасаюзе. Расія не пойдзе ў ЕС, але яна хоча жыць па еўрапейскіх стандартах. Я чытаю расійскіх аналітыкаў, гляджу ТБ, дык там толькі і кажуць, што пра Еўропу. Там ёсць жаданне нешта перабудаваць згодна з эфектыўнай мадэллю, а эфектыўная мадэль існуе ў Еўропе. Еўрасаюз — гэта гісторыя поспеху, што б ні казалі. Гэтая стратэгія развіцця супадае з нашымі памкненнямі.
«НН»: А як ставіцеся да таго, што Вас часам называюць прарасійскім палітыкам?
АС: Не задзявае. Я не толькі за незалежнасць, я таксама за свабоду. А Лукашэнка змагаецца з Расіяй, і што гэта дае Беларусі? З такой барацьбой за незалежнасць мы можам хутка прыйсці да ідэй чучхе. Іран, Куба і Венесуэла будуць нашымі гарантамі самастойнасці. Калі адкінуць некаторыя ідэалагічныя стэрэатыпы, то можна іншымі вачыма паглядзець на свет. Можна знайсці ў Расіі нават дапамогу ў руху ў Еўрасаюз. Гэта не неверагодна. У Расіі сёння больш кантактаў з Еўропай, чым у нас.
«НН»: Вы б прынялі такую дапамогу?
АС: Відавочна.
«Мы моцныя, бо вытрымалі жорсткую дыктатуру»
«НН»: Падзяляеце думку, што Лукашэнка слабы як ніколі, але і апазіцыя слабая таксама?
АС: Не. Тое, што ёсць шмат кандыдатаў, гэта нармальна. Калі пойдуць кандыдаты з альтэрнатыўнымі прапановамі, то гэта будзе спрыяць мабілізацыі. Зараз можна ўпэўнена сцвярджаць, што другі тур проста непазбежны. Тое, што апазіцыя слабая і раздробленая, мы чуем шмат гадоў. Я гэтага ніколі не казаў і не вітаў. Апазіцыя моцная, бо мы вытрымалі падчас вельмі жорсткай дыктатуры. Калі быць у апазіцыі знаходзяць мужнасць адзін-два чалавекі, то гэта ўжо вельмі добра. А калі іх тысячы, то гэта патэнцыял, які можа выдатна спрацаваць падчас прэзідэнцкай кампаніі. Я разлічваю размаўляць і кансультавацца з іншымі сур’ёзнымі кандыдатамі. Мой супернік — Лукашэнка, а кандыдаты ад апазіцыі — сябры, калегі.
Размаўляць з Лукашэнкам я не буду, як прапаноўваў некалі. Цяпер час не для размоваў.«НН»: А што думаеце пра адмову Мілінкевіча ўдзельнічаць у выбарах?
АС: Думаю, што гэта слушнае рашэнне. Калі Мілінкевіч заняў пазіцыю падтрымкі дыялога паміж Брусэлем і Лукашэнкам, я быў катэгарычна супраць. Гэтая пазіцыя вяла да маргіналізацыі дэмакратычных сілаў. Сённяшняе рашэнне Мілінкевіча разважлівае, яно дапаможа кансалідацыі апазіцыі.
«Чыноўнікам трэба вызначацца»
«НН»: Якую рэформу Вы рыхтуеце міліцыі?
АС: Паліцыя. Мы рухаемся ў Еўропу, і таму павінны быць еўрапейскія стандарты. Там няма ўмяшальніцтва ў тваё прыватнае жыццё. Я спакойна адчуваю сябе, калі бачу нямецкага ці французскага даішніка, бо нічога не парушаў. У нас жа міжволі пачынаеш нервавацца. Зараз міліцыю выкарыстоўваюць у палітычных мэтах таксама і гэта больш заўважна за іх звычайную працу. Хаця працу яны сваю робяць, злачынствы раскрываюць. Але ў грамадстве яны атаясамліваюцца з людзьмі, што выконваюць загады Лукашэнкі. Павінны быць законы, і жыць трэба паводле гэтых законаў.
«НН»: А што датычыць войска?
АС: Павінна быць прафесійнае войска, але і прызыў мусіць заставацца. Для поўнай прафесіяналізацыі спатрэбіцца час. Мы будзем мець сучаснае еўрапейскае войска.
У НАТО ўступаць мы не будзем.У адпаведнасці з Канстытуцыяй будзем нейтральнай дзяржавай.
«НН»: Ці шмат Вы бачыце сярод сённяшніх чыноўнікаў сапраўдных прафесіяналаў?
АС: Вельмі шмат. Але ім трэба рабіць выбар. Калі яны зараз будуць падтрымліваць Лукашэнку, то людзі не зразумеюць, што яны робяць у новым урадзе Беларусі. Нашы эксперты і чыноўнікі яшчэ да Лукашэнкі вельмі цаніліся ў Еўропе і ЗША. Нашы людзі не будуць крычаць, што яны найлепшыя, але робяць усё, каб быць такімі.
«НН»: Што Вы думаеце наконт люстрацыі?
АС: Я лічу, што новая ўлада павінна пазбавіць грамадскасць канфліктаў. Не, люстрацыі не трэба.
«Калі Лукашэнка не сыдзе, то Плошча»
«НН»: Вы за пашырэнне ўжытку беларускай мовы?
АС: Канечне. Трэба прафесійнае маладое якаснае тэлебачанне на беларускай мове. Эфект будзе ашаламляльны. Трэба добрая літаратура, у комплексе: дзіцячая, прафесійная. Ніякага гвалтоўнага ўвядзення мовы не будзе.
Людзі ў мяне часам пытаюцца: можа, усё ж пакінуць дзве дзяржаўныя мовы?Не! Ніяк не здолеем мы паважаць сябе, калі не будзе нашай мовы. Але ніякага ціску на рускамоўных не будзе. Гэта пры Лукашэнку ёсць ціск на беларускамоўных. Няма ў краіне беларускіх універсітэтаў. Людзей проста трэба прывабліваць.
«НН»: Лёс выбараў будзе вырашацца на Плошчы?
АС: Падаецца, што так. Калі раптам не запануе закон і не сыдзе ў адстаўку Лукашэнка, то тады Плошча.
«НН»: А ўздым у людзей бачыце?
АС: Я бачу як беларусы пачалі выпростваць спіны. Мяне цешыць адзінства сярод кандыдатаў, што трэба заклікаць людзей на вуліцу.
Андрэй Саннікаў нар. у Мінску ў 1954. Скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Працаваў перакладчыкам у Пакістане і Егіпце. У 1982—1985 працаваў у Сакратарыяце ААН у Нью-Ёрку. Пасля сканчэння Маскоўскай дыпламатычнай акадэміі ў 1989 — у Міністэрстве замежных справаў Беларусі. У 1995 прызначаны намеснікам міністра замежных справаў Беларусі. З лістапада 1996 перайшоў у апазіцыю, стаў міжнародным каардынатарам грамадскай ініцыятывы «Хартыя-97». Мае дыпламатычны ранг пасла. Жанаты, мае сына.
Гутарыў Зміцер Панкавец