Якія выбары без Гайдукевіча?
Якія ж выбары без Гайдукевіча? — абсёк сваіх калег непатапляльны дзядуля Лазавік. — І нічога, што спісы прэтэндэнта былі складзеныя ад балды. Гайдукевіч двойчы паказаў сябе надзейным спарынг-партнёрам Лукашэнкі, які першым (і апошнім) віншаваў лідэра з перамогай.
І… зняўся!
Непатрэбны? Так, непатрэбны. А пры якім раскладзе непатрэбны?Непатрэбны, каб выйграць на адносна дэмакратычных выбарах, бо толькі адцягне галасы. У Абхазію ездзіў, расійскі рубель прапаноўваў...
Зняццё Гайдукевіча — яшчэ адзін знак, што Лукашэнка хоча прызнання гэтых выбараў дэмакратычнымі без дэмантажу сістэмы.Першым знакам была сенсацыйная свабода палітычнай агітацыі.
Пікеты стаяць у самых людных месцах. І ніхто не лаецца нецэнзурна! І ніводнага затрыманага за палітыку.
Эвалюцыя сістэмы навідавоку?
Не,
застаюцца два прынцыповыя моманты. Па-першае, гэта тэледэбаты ў жывым эфіры з удзелам Лукашэнкі.Па-другое, гэта магчымасць кантролю за падлікам галасоў і занясеннем вынікаў у выніковыя бюлетэні.
Гэтак Уладзімір Варонін, прэзідэнт Малдовы, выйграў выбары ў сябе ў краіне ў 2005 годзе і тыя выбары былі прызнаныя Захадам часткова свабоднымі, нягледзячы на поўны кантроль Вароніна за дзяржаўнымі СМІ, бо ўсе астатнія опцыі, акрамя татальнага кантролю за дзяржаўнымі СМІ, былі ў Малдове сапраўды дэмакратычнымі,
а прарасейская апазіцыя прайграла, нягледзячы на фундаментальную падтрымку Масквы. Прэзідэнтам Варонін быў тады абраны, нагадаю, галасамі камуністаў і малдаўскіх хрысціянскіх дэмакратаў Народнага Фронту, якія падтрымалі яго як абаронцу незалежнасці.
Дазвольце прапанаваць лукашэнкаўцам яшчэ адзін моцны піяр-крок. Калі можна абысціся без Гайдукевіча, можна абысціся і без Лідзіі Ярмошынай. Раз новыя правілы — значыць, новыя правілы.
Андрэй Дынько