Саннікаў выйшаў у фаварыты сярод палітычных актывістаў

Источник материала:  
02.10.2010 23:44 — Разное

Саннікаў выйшаў у фаварыты сярод палітычных актывістаў
Саннікаў у пікеце па зборы подпісаў.

Сябры канкурэнтных ініцыятыўных групаў прызнаюць: найбольшыя чэргі ў Менску выстройваюцца каля агітацыйных пікетаў Андрэя Саннікава, лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Саннікаў упэўнена выйшаў на першае месца і ў абароненых ад падкрутак інтэрнэт-апытанках.

Пры гэтым Саннікаву ўдалося сабраць другую памерам ініцыятыўную групу сярод прадэмакратычных палітыкаў.

У чым ягоная прывабнасць? Ці гэта тлумачыцца тым, што ён аднолькава прымальны і для Захаду, і для Расіі, пра што выразна заявілі маскоўскія СМІ?

Думаецца, першасная прычына ў іншым.

Саннікаў — найбольш радыкальны крытык Лукашэнкі сярод усіх апазіцыйных кандыдатаў. Ён не гуляе ў «канструктыўную апазіцыю». Ён не абмінае маўчаннем мадам працэнтніцу. І не стамляецца паўтараць: дыктатара не перамагаюць на выбарах. Толькі Плошча можа паказаць краіне, што нацыя стаіць не за дыктатарам, а за перамены — ключавы момант для змены сістэмы.

Спецыфіка гэтых выбараў ці, калі хочаце, нават нацыянальнага характару палягае на тым моманціку, што нават людзі, якія ў выбары не вераць ды палітыкам не вераць, і каму дэмакратыя як сабаку пятая нага, нават гэтыя беларусы хочуць, каб на выбарах Лукашэнку была ясная альтэрнатыва. Каб яму ўрэзалі хоць на словах. Каб быў выказнік той вялікай, экзістэнцыйнай крыўды, якую Беларусь зазнала ад Лукашэнкі і якую не адкупляе ніякі эканамічны рост. І Саннікаў, калючы Саннікаў, трапляе ў гэтыя чаканні.

Дарэчы, не такія ўжо і дурныя людзі ў гэткім сваім, здавалася б, баягузлівым жаданні. Толькі наяўнасць моцна артыкуляванай альтэрнатывы можа стаць рухавіком пазітыўных зменаў, хоць за дэмакратыі, хоць за дыктатуры.

Радыкалізм заўжды прывабны на этапе праймерыз, якімі ў беларускіх умовах фактычна і ёсць збор подпісаў.

Аднак справа не толькі ў радыкалізме. Саннікаў — ясны прамоўца. Ягоны стыль кантрастуе са стрыманым падыходам Мілінкевіча. Саннікаў не баіцца ісці на канфлікт. Гэты, думаюць актывісты, і на тэледэбатах з Лукашэнкам за словам у кішэню не палезе.

Саннікаў умела камбінуе беларускі патрыятызм і еўрапейскую перспектыву.

Ён мае пазнавальную біяграфію: дзед-купалавец; жонка, сустрэтая на незалежніцкіх барыкадах; права подпісу на перамовах па ядзернай зброі. Гэта выгадна вылучае яго сярод іншых правацэнтрысцкіх кандыдатаў, што з"явіліся, нібы Піліпы з канапель.

Саннікаў таксама збірае плён прадуманай медыйнай працы. Ён стварыў самы папулярны апазіцыйны палітычны сайт — charter97.org. А цяпер Саннікава падтрымала і самая масавая папяровая газета — «Народная воля», палітычным аглядальнікам якой ён стаў.

Саннікаў згуртаваў вакол сябе шэраг знакавых постацяў незалежніцкага руху: Шушкевіч, Івашкевіч, Афнагель, акадэмік Гарэцкі.

Немалаважна ў структуры ягонай падтрымкі тое, што

Саннікаў абдумана і паслядоўна парушаў многія правілы — як тыя, якія навязвала дыктатура, так і тыя, якія стваралі сабе дысідэнты.

Ён не будаваў партыі — ва ўмовах, калі дыктатура талеравала клубныя партыі апазіцыі. Ён не дабіваўся рэгістрацыі сваёй суполкі. Ён акумуляваў рэсурсы — калі этыка патрабавала ад дысідэнцкіх групаў працы ў стане вечнага безграшоўя. «Хартыя’97» ад пачатку жорстка мадэравала свае форумы, каб выключыць магчымасці маніпулявання свядомасцю, якую лукашэнкаўцы ажыццяўляюць на некаторых іншых рэсурсах. «Дыктатуру можна перамагчы толькі адэкватнымі метадамі», — перакананыя многія разам з Саннікавым.

Несумненна, што ў абліччы Саннікава рэжым мае аднаго з самых разумных праціўнікаў.

Ці можа Саннікаў стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі? Здавалася б, наяўнасць «Гавары праўду» такі шанец амаль выключае.

Аднак

галоўнае будзе залежаць не ад колькасці подпісаў, сабраных тым ці іншым кандыдатам, а ад сацыялогіі.

За год дзейнасці Някляеву не ўдалося істотна пацясніць Мілінкевіча. Калі сацыялогія зафіксуе, а расійскія тэлеканалы замацуюць рывок Саннікава, то, у адсутнасць Мілінкевіча Саннікаў можа стаць супольным назоўнікам.

Аднак не трэба забывацца: пакуль Саннікаву ўдалося вылучыцца толькі сярод палітызаванай публікі, прычым мінскай. У рэгіёнах яго па-ранейшаму мала ведаюць, ініцыятыўныя групы яго там слабыя, а беларускія масы застаюцца ў ілюзіі, што Лукашэнка — гэта адзіны збаўца і паратунак нашай беднай старонкі. Такія ілюзіі мінуць не раней, чым калі людзі дазнаюцца пра шматтысячныя дэманстрацыі ў сталіцы.

І акурат

сталіца і можа стаць апорай Саннікава.

Як толькі апазіцыйны кандыдат займее падтрымку большасці ў сталіцы, жыхарства гэта адчуе. А як толькі жыхары тое адчуюць, масавыя пратэсты супраць любых непраўдападобных вынікаў выбараў будуць гарантаваныя.

Цікавы факт — зафіксаваны і рэпарцёрамі «Нашай Нівы, і блогерамі — мінчукі ў масе сваёй з абыякавасцю і кепікамі ставяцца да лукашэнкаўскіх пікетаў.
Падзяліцца навіной: 
Андрэй Дынько

←Американцев предупредят об опасности посещения популярных туристических мест в Европе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика