Не хадзіце на выбары
Я быў і застаюся прыхільнікам байкота надыходзячых «прэзыдэнцкіх выбараў». Няма ніякай падставы чакаць сумленнага падліку галасоў, а таму які сэнс грамадзянам лішні раз ісьці да ўчастка і ствараць масоўку для гэтага сумніўнага мерапрыемства? Цалкам магчыма, што ёсьць сэнс для
Які сэнс абмяркоўваць прэзідэнцкія праграмы, чый агульны галоўны пункт — «абы не Лукашэнка і абы хоць якая дэмакратыя» — па вялікім рахунку ёсць вычарпальным і мае куды большае права на жыццё, чым аргумент «абы не Кебіч» на выбарах у далёкім 1994 г. Няма сэнсу і вызначацца з тым, каго менавіта падтрымліваць у гэтым спектаклі з перадвызначаным канцом.
Нешматлікія нуднаватыя інтрыгі гэтых «выбараў» звязаныя не з іх імавернымі вынікамі, а палягаюць у тым,
1) хто ёсць спонсарам кандыдата Някляева і ці сапраўды ім ёсць Крэмль або групоўка ўнутры лукашэнкаўскай наменклатуры, а таксама
2) хто запусціў у замежную прэсу плётку пра тое, што кандыдат Саннікаў ёсць фаварытам Крамля і пагатоў «асноўным канкурэнтам Лукашэнкі».
Гэтак сама бязрадасна ўсё, аднак, і з іншага боку барыкадаў. Як слушна адзначае палітолаг В. Сіліцкі, улада ёсць закладнікам і без таго нерэальных афіцыйных вынікаў «выбараў» 2006 г., паводле якіх А. Лукашэнка нібы набраў 82,6% галасоў. Любое зніжэнне афіцыйнага выніку дзейнага прэзідэнта будзе сімвалічна і вонкава выглядаць нібыта «зніжэнне падтрымкі» і бурыць карціну ўсеагульнай любові да яго — пры тым, што ілюзія гэтай падтрымкі цяпер неабходная Лукашэнку як ніколі раней.
Колькі паставіць сабе ўлада гэтым разам? 85%? 95%? У любым выпадку, гэтая лічба будзе яшчэ меней адпавядаць рэальнаму рэйтынгу Лукашэнкі і рабіць справы яшчэ больш відавочнымі для яшчэ большай колькасці людзей.
Алесь Чайчыц