«Тролі» ў пагонах
Удзельнікаў форумаў папулярных грамадска-палітычных інтэрнэт-выданняў даўно не здзівіш навязлівай прысутнасцю ў дыскусіях каментатараў, якія пакідаюць аднатыпныя рэакцыі. «Таварышы» займаюцца тым, што правакуюць іншых удзельнікаў абмеркавання на адыход ад прадмету дыскусіі. Найперш у выпадках, калі абмяркоўваюцца важныя для грамадства тэмы. І тут у ход ідуць любыя сродкі — да непрыхаваных абраз.
На мове інтэрнэта падобнае дзеянне называецца тролінг (размяшчэнне ў сеціве правакацыйных паведамленняў з мэтай выклікаць канфлікты паміж удзельнікамі, справакаваць іх на ўзаемныя абразы).«Тролі» ў пагонах не стаяць на месцы і засвойваюць ўсё новыя і новыя формы ўздзеяння на інтэрнэт-аўдыторыю. Апошні часам сумнеўныя карыстальнікі ўсё больш апаноўваюць беларускі сегмент livejournal.com. На прыкладзе сайта«Белорусский партизан», на якім каментаванне артыкулаў даступнае толькі зарэгістраваным карыстальнікам ЖЖ, паспрабуем прааналізаваць працу некаторых падазроных каментатараў. Іх тут некалькі дзясяткаў. Натуральна, з поўнай упэўненасцю сцвярджаць, што ўсе гэтыя карыстальнікі з’яўляюцца замаскаванымі агентамі, нельга. Аднак, гэтую групу аб’ядноўвае некалькі характэрных момантаў, што наводзіць на пэўныя думкі.
Большасць з іх зарэгістравала свае акаўнты цягам гэтай вясны-восені. Характэрна, што амаль усе з іх у сваіх дзённіках нічога не пішуць, а толькі каментуюць (хто-ніхто ўмудрыўся пакінуць каля паўтысячы каментароў за некалькі месяцаў). У гэтых карыстальнікаў часцей за ўсё у сябрах няма нікога, апроч іх самых.Частка з іх у якасці месцажыхарства пазначае абласныя цэнтры Беларусі: zina_goik — Магілёў, bmark2002 — Гродна, doktar001 — Гомель. Многія з іх выкарыстоўвае ў якасці імя літарна-лічбавыя камбінацыі кшталту vvp333, kassa1, ці 17mag17.
Некаторыя з падобных часопісаў з’явіліся ўслед за гучнымі падзеямі ў палітычным жыцці беларускай апазіцыі.Напрыклад, адразу пасля ад’езду ў Польшчу клецкага актывіста Сяргея Панамарова ў ЖЖ з розніцай у адзін дзень з’явіліся клоны ягонага часопісу — punamarov.livejournal.com і panamarrov.livejournal.com. У якасці выяваў стваральнікі гэтых часопісаў выкарысталі калаж фотаздымкаў Панамарова ў міліцэйскай форме. Сапраўдны блог актывіста мае назву panamarou.livejournal.com.
Ёсць і такія, што сваімі непісьменнымі каментарамі на кепскай беларускай мове, з адначасовым ужываннем «і» беларускага ды «и» расейскага, ды выкарыстаннем выявы Зянона Пазняка, дадаюць у дыскусію абсурднасці (doktar001).
Часам на форумах, прысвечаных беларуска-расійскім адносінам, асабліва, калі гэтыя адносіны напружаныя, у двубоі сыходзяцца беларускія і расійскія «тролі». З беларускага боку гучаць пагрозы «дайсці да Смаленску», з расійскага — «аддаць Польшчы акупаваныя землі».Не пакідаюць раўнадушнымі «таварышаў» і пытанні мовы. Асабліва тут шчыруе bmark2002. Яму не да спадобы на планы БНФ вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай, ні спробы прафесара Астроўскага з Гродна арганізаваць у горадзе беларускамоўны клас.
Наперадзе прэзідэнцкія выбары, і не трэба быць Настрадамусам, каб прадбачыць, што актыўнасць «троляў» у пагонах будзе расці з кожным днём. Таму трэба быць пільнымі. І як раяць сталыя інтэрнаўты — не карміць «троляў».
Глядзі яшчэ:
Брыгаднікі
Сямён Печанко