Час катастроф
Савецкі “Тытанік”
31 жніўня 1986 года патануў пасажырскі цеплаход “Адмірал Нахімаў”. У Чорным моры блізу Наварасійска загінулі 423 чалавекі з 1234. Большасць загінулых пасажыраў былі з Украіны – 267 чалавек і РСФСР – 72, трое – з Беларусі...
Судна здзяйсняла турыстычны круіз па лініі Крым-Каўказ. Для “Адмірала Нахімава”, які выйшаў у той дзень з Ялты, рэйс у любым выпадку павінен быў стаць апошнім. Пасля гэтага судна збіраліся адправіць на злом.
Трагедыя адбылася ў Цэмескай бухце – той самай, на беразе якой савецкія войскі ўвосені 1943 утрымлівалі плацдарм, вядомы пад назвай “Малая зямля”. (Між іншым, капітан “Адмірала Нахімава” вадзіў перад тым розныя караблі – адзін з іх насіў імя “Леанід Брэжнеў”). Гэта здарылася ў раёне мыса Даоб, у 23-15. Начное паветра было крыштальна чыстым. Ва ўмовах амаль поўнага штыля не заўважыць агромністы цеплаход, які нагадваў добра ілюмінаваны хмарачос, было немагчыма. Безумоўна, яго бачылі на борце сухагруза “Пётр Васёў”, які апынуўся зусім побач. Заўважылі і “Пятра Васёва” на борце “Адмірала Нахімава”. Але яго капітан пайшоў спаць, даручыўшы кіраванне свайму намесніку. Да апошняга моманту абодва судны йшлі кожнае сваім курсам, хоць гэта яўна пагражала сутыкненнем. Спачатку ніхто не хацеў саступаць, а потым было позна...
“Пётр Васёў” пратараніў борт пасажырскага карабля.
“Адмірал Нахімаў” патануў за сем хвілін. У тагачаснай прэсе яго потым назавуць “савецкім “Тытанікам”. Чымсці крушэнне ў Чорным моры, пэўна, нагадвала кадры з фільма, знятага Джэймсам Камеранам прыканцы 90-х.(Рэальны “Тытанік”, як вядома, патануў пры сутыкненні з айсбергам у Атлантыцы ў 1912). Толькі рэальнасць куды больш жорсткая і неэстэтычная, чым кіно. Паводле ўспамінаў аднаго з відавочцаў трагедыі 86-га, “...людзі трымаліся за леяры і ўсё, за што можна было зачапіцца... З адчыненых ілюмінатараў цягнуліся рукі няшчасных людзей, якія не змаглі выбрацца з сваіх кают у час”. (Цыт. паводле расійскай Вікіпедыі). У халоднай вадзе апынуліся каля тысячы чалавек, якія барахталіся сярод шматлікіх прадметаў ды аскабалкаў, перапэцканыя фарбай з сухагруза і мазутам. Адзіным сродкам ратавання спачатку былі надзіманыя плоцікі з “Адмірала Нахімава”. Потым падыйшоў кацер...Усяго ўдалося выратаваць 836 чалавек.
Гэтая лічба афіцыйна была агучана 4 верасня ў Маскве. Колькасць ахвяр не называлася. Паведамлялася толькі, што на той дзень было паднята 116 цел. Пошукі астатніх былі спынены 10 верасня, пасля таго, як пры аглядзе патанулага карабля загінуў адзін з вадалазаў. Глыбіня на месцы крушэння – 47 метраў.
Адмірал і два капітаны
Урадавую камісію, якая займалася катастрофай пад Наварасійскам, узначальваў член палітбюро ЦК КПСС Гейдар Аліеў. Перад тым ён узначальваў камісію, якая займалася расследаваннем катастрофы на Волзе – пасажырскае судна на поўнай хадзе ўрэзалася ў мост, у выніку чаго знесла ўсю верхнюю палубу разам з капітанскім мосцікам.
Як у вядомай расійскай песні: “на палубу вышел – палубы нет”.
Гісторыя “Адмірала Нахімава” заслугоўвае асобнага рамана. Ён быў пабудаваны ў 1925 годзе ў Германіі пад назвай “Берлін”. Да 1938 года параход ажыццяўляў рэгулярныя рэйсы паміж портам Брэмерхафен і Нью-Ёркам.
Падчас Другой сусветнай вайны судна выкарыстоўвалася ў якасці плывучага шпіталя.
У студзені 1945 “Берлін” падыйшоў да Лібавы для эвакуацыі нямецкай курляндскай групоўкі. Судна было падбіта савецкай тарпедай, але працягвала рухацца. Ля порта Свінемюндзе яно падарвалася на нямецкім мінным полі і лягло на глыбіні 18 метраў. Частка карабля заставалася ў наводным становішчы.
У 1947 –м годзе судна з другой спробы паднялі і перавялі ў Кранштадт пад новай назвай -- “Адмірал Нахімаў”. З 1957 карабель належаў Чарнаморскаму марскому параходству. (Порт прыпіскі – Адэса). У 1962 годзе, падчас Карыбскага крызіса, на ім перавозілі савецкіх салдат на Кубу пад выглядам сельскагаспадарчых рабочых.
Амаль усе караблі, якія насілі імя Нахімава, цярпелі крушэнні. У 1897 годзе грузавы параход “Нахімаў” патануў ля берагоў Турцыі. Савецкі крэйсер “Чырвона Украіна” (ранейшая назва – “Адмірал Нахімаў”) быў патоплены ў 1941 годзе.
Расійскі адмірал Нахімаў, нагадайма, загінуў пры абароне Севастопаля падчас Крымскай вайны сто сорак пяць гадоў таму – у чэрвені 1855 года.
Пасля трагедыі пад Наварасійскам абодвух капітанаў судзілі. Капітан “Адмірала Нахімава” Вадзім Маркаў атрымаў чатыры гады за халатнасць.Капітан “Васёва” Віктар Ткачэнка – дзесяць. Абодвух выпусцілі на свабоду датэрмінова ў 1992-м.
Ткачэнка з’ехаў у Ізраіль. У 2003 годзе ён патануў на сваёй яхце ў Атлантыцы, у раёне Ньюфаўндленда. (У тым самым раёне некалі пацярпеў крушэнне “Тытанік”). Маркаў памёр у Адэсе ў 2007 пасля працяглай хваробы.
Усю сістэму трэба мяняць
Але вернемся ў верасень 1986-га. Што казаць пра нежаданне уладаў называць лічбы загінулых у Цэмескай бухце... Праз некалькі тыдняў пасля трагедыі пад Наварасійскам у Маскве адбылася прэс-канферэнцыя на іншую, яшчэ больш важную тэму: Чарнобыль. (У прэс-канферэнцыі ўдзельнічаў, сярод іншых, першы сакратар Гомельскага абкама КПБ Камай). Але яна нагадвала, хутчэй, рапарт пра савецкія дасягненні. “Клопат пра чалавека ў нашай краіне заўсёды быў галоўным... (Гэта цытата з паведамлення ТАСС) і калі здарылася бяда, на першым месцы ставілася задача, як дапамагчы людзям, як аблегчыць іх лёс. Савецкая дзяржава цалкам кампенсавала матэрыяльныя страты грамадзян, пацярпелых пры аварыі на АЭС”. Далей паведамлялася, што прамянёвую хваробу атрымалі ўсяго 208 чалавек, з іх 29 памёрлі, што новых выпадкаў захворвання няма і што загінулі толькі тыя, хто атрымаў звышцяжкія дозы апраменьвання. І – ні слова пра радыяцыйнае забруджванне, небяспеку радыёнуклідаў. Нават самога слова “радыяцыя” ТАСС пазбягаў!
Гібель “Адмірала Нахімава” здарылася ўсяго праз чатыры месяцы пасля Чарнобыля. І таму ва ўспамінах сучаснікаў застаецца як бы ў ценю той гіганцкай катастрофы.
Але яна была далёка не адзінай і не апошняй.
Праз месяц пасля крушэння “Нахімава” у Атлантыцы, у раёне Бермудскіх астравоў, успыхнуў пажар на савецкай атамнай падлодцы К-219. Чатыры маракі загінулі адразу, яшчэ чацвёра памёрлі пасля вяртання.
У снежні 86-га – гібель людзей на шахце “Ясінаўская -Глыбокая” у Данбасе. Урадавая камісія тады так і не паведаміла, колькі людзей загінула. Іх было 25.
У чэрвені 1988 ў выніку выбуху на чыгуначнай станцыі ў Арзамасе загінуў, згодна з афіцыйнымі звесткамі, 91 чалавек.
Спіс можна працягваць. Але важней адказаць на пытанне – наколькі яны (а таксама і ўсе наступныя катастрофы) былі выпадковымі? Выявіць нейкую агульную заканамернасць у тэхнагенных аварыях альбо аварыях, выкліканых “чалавечым фактарам”, цяжка. Праўда, у выпадку з катастрофамі перыяду гарбачоўскай “перабудовы” усё выглядае больш-менш ясным. Дысцыпліна пры Гарбачове ўпала, пры Андропаву ці пры Сталіну такога не было б – упэўнена скажуць адны. Выпрацаваўся матэрыяльны рэсурс, савецкае абсталяванне састарэла, а замяніць яго адразу па ўсёй краіне не выпадала, ды й грошай у казне стала менш з-за падзення цэнаў на нафту – скажуць іншыя.
І ўсё ж, цяжка пазбавіцца адчування, што тое было прыкметай часу. І не толькі ў тым сэнсе, што тэрмін эксплуатацыі старых машын і тэхналогій скончыўся і трэба было мяняць, як у анекдоце пра сантэхніка, усю сістэму. Проста час сапраўды прыйшоў... Мы, самі таго не ўсведамляючы, ператварыліся тады не толькі ў закладнікаў сталінскага савецкага мінулага, але і адсутнасці будучыні, альтэрнатывы. Дакладней сказаць – адсутнасці ўяўлення пра будучыню. Старыя ідэалы ды ілюзіі (а без іх не можа існаваць ніякае грамадства) ператварыліся ў нішто, зжылі сябе. А новыя яшчэ не нарадзіліся...
Нелінейны светагляд ці рука Провіду?
Сёлета ў жнівеньскім нумары расійскага часопіса “Знание – сила” апублікаваны ўспаміны пра акадэміка РАН Сяргея Курдзюмава, які памёр два гады таму. Імя яго нічога не гаворыць шырокай публіцы. Але ён быў выдатным матэматыкам і фізікам-тэарэтыкам, паслядоўнікам знакамітага бельгійскага фізіка, філосафа Ільі Прыгожына ў галіне так званай сінергетыкі. У аснове яе ляжыць тое, што называюць “нелійнейным светапоглядам”... Вось адно з выказванняў Курдзюмава: “Трэба ведаць паводзіны складаных сістэм, ведаць іх унутраную патэнцыю развіцця, рабіць іх адпаведнымі гэтаму свету, а не ўродваць яго, не ствараць тое, што неўстойліва, распадаецца, вядзе да катастрофаў...” Адна з найбольш парадаксальных думак навукоўца палягае ў тым, што будучыня як бы прыцягвае да сябе працэсы ў цяперашнім. То бок, яны вызначаюцца будучыней, будуюцца з будычыні.
Гэта з навуковага гледзішча. А з гледзішча хрысціянскай рэлігіі гэта можна назваць “рукой Провіду”.
Катастрофы канца 80-х – пачатку 90-х, у тым ліку і так званая найвялікшая катастрофа ХХ стагоддзя, былі прадвызначаны будучыняй. Злом існуючага парадку проста не мог не адбыцца, бо рух у ранейшым кірунку вёў у тупік.
Апошнім часам падобныя аварыі і катастрофы зноў пачасціліся. З апошніх паведамленняў – пяць членаў экіпажа буксіра, які пацярпеў аварыю ў Моры Лапцевых, знойдзены мёртвымі, яшчэ шэсць зніклі без вестак. Перад тым былі “Кульгавы конь” (на дыскатэцы згарэлі 156 чалавек), Саяна-Шушэнская ГЭС (загінулі 75 чалавек), сёлета ў маі –катастрофа на шахце “Распадскай”, дзе ў выніку серыі выбухаў загінулі 66 чалавек. Апошні выпадак падаецца асабліва паказальным.
Некалькі дзясяткаў гарнякоў маглі заставацца жывымі ў шахце, але спробы іх выратаваць былі спынены начальствам з-за “безнадзейнай сітуацыі”. 24 чалавекі лічацца зніклымі без вестак.Напрошваецца параўнанне з тым, што адбываецца цяпер у Чылі. Там знайшлі гарнякоў меднай шахты на сямнаццаты дзень пасля аварыі, калі ўжо, здавалася, не было няікай надзеі. Да іх прабілі вузенькі тунель. Каб вывесці шахцёраў з- пад зямлі, трэба прабіць яшчэ адзін тунель, значна большы, а на гэта спатрэбіцца не адзін месяц. Усе чылійцы жывуць надзеяй на ўратаванне шахцёраў. Ім перадаюць пад зямлю прадукты, мабільныя тэлефоны, лісты сваякоў, прэсу. Перадалі нават мініятурную камеру і адзін з гарнякоў зняў відэрапартаж, які глядзела ўся краіна. Салідарнасць з’яднала нацыю.
Расія, магчыма, застаецца такой, як і была. Людзі не хочуць перамен. Але час мяняецца.
А што ж Беларусь? Ад катастрофаў нас Бог пакуль аберагае.Хоць наступстваў Чарнобыля хопіць на стагоддзі. Як доўга будзе працягвацца наш убогі дабрабыт, упартае нежаданне змен? І наколькі вялікі перад намі веер магчымых шляхоў эвалюцыі? Адказ на гэтае пытанне – не ў мінулых катастрофах, але ў тых, што нас чакацьме наперадзе. Будучыня будуе сама сябе. Але не без нашага ўдзелу, і галоўнае – не без нашага выбару.
Віталь Тарас