Рада інтэлігенцыі з удзелам Бураўкіна, Законнікава, Вярцінскага, Бандарэнка вызначыла нам лідэраў
З аднаго боку, рашэнне Рады інтэлігенцыі не мае юрыдычнай сілы. З іншага – рабіць выгляд, што яго няма, не атрымліваецца. А таму яно і абмяркоўваецца, і дыскутуецца, і крытыкуецца. Андрэй Дынько стрэліў артыкулам «Рада інтэлігенцыі з удзелам генерала вызначыла нам лідэраў». Паважаючы права аўтара на ацэнкі, дазволю сабе не пагадзіцца ў галоўным - а менавіта ў жаданні прадставіць Раду як супольнасць нейкіх выпадковых людзей, якія да таго ж прымаюць рашэнні, што не сябруюць з мараллю.
Пачнем з таго, што на пляцоўцы, створанай Радай інтэлігенцыі для вызначэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад прыхільнікаў пераменаў, патапталіся ўсе без выключэння прэтэндэнты. Хто больш, хто менш. І ўсе ўшанавалі сваёй асабістай увагай хаця б адно паседжанне Рады. Ігнору, значыцца, не было. Праўда, ад актыўнага ўзаемадзеяння з Радай многіх стрымлівала непрадказальнасць рашэнняў яе сябраў.
Дынько па-майстэрску завярнуў рашэнне Рады ў генеральскі мундзір Валерыя Фралова, які мае схільнасць правакаваць грамадскае меркаванне, мякка кажучы, неардынарнымі дзеяннямі і ўчынкамі. Маўляў, глядзіце, а суддзі хто? Але тады было б сумленным назваць увесь склад судзейскай калегіі. Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Зінаіда Бандарэнка, Пётр Садоўскі, Уладзімір Халіп, Анатоль Вярцінскі, Валянцін Голубеў, Уладзімір Колас і яшчэ дзясяткі два годных, паважаных асобаў.Да таго ж, дзеля аб"ектыўнасці, генерал Фралоў на самім паседжанні Рады, якая прапалола градку з прэтэндэнтамі, заўважаны не быў. Такім чынам, пытанне, а суддзі хто, здаецца, высветлілі. Цяпер да абраннікаў Рады.
Кожны мае права на асабістыя сімпатыі. Дынько падабаецца Мілінкевіч. І калі ласка.
Што да мяне, дык самы перспектыўны і канкурэнтаздольны - Раманчук.Але пра яго іншым разам.
Аўтар прыводзіць галоўны аргумент, чаму Аляксандр Мілінкевіч абавязаны быць у ліку абраных. Раду тыкнулі ўсім яе аўтарытэтам у сацыялогію.Маўляў, экс-адзіны кандыдат у прэзідэнты – самы рэйтынгавы апазіцыйны палітык. Але сацыялогія – гэта не проста лічбы і адсоткі. Яны пераконваюць не самі па сабе, а, як правіла, у параўнанні, у дынаміцы. Прапаную гэта і зрабіць паважаным чытачам. Тым больш што літаральна днямі ў Вільні адбылася прэзентацыя больш свежага апытання грамадскай думкі, праведзенага ў ліпені гэтага года.
Што ж, Андрэй, давайце паглядзім на гэтую самую буржуазную навуку скрозь прызму лічбаў з дамешкам аналізу. Такім чынам, у найбліжэйшую нядзелю за Мілінкевіча гатовыя прагаласаваць 4% выбаршчыкаў. Нягуста. І не вельмі перспектыўна, асабліва з улікам таго, што пяць гадоў таму ў Аляксандра Уладзіміравіча было за 20%. Гэта значыць, трэнд на скарачэнне электаральных сімпатый відавочны. Дзеля справядлівасці варта згадаць, што ў Някляева і Раманчука, што ідуць следам, – каля 1%. Але яны і стартавалі з нулявой адзнакі. Пойдзем далей. А як ідуць справы з такімі паказчыкамі, як адмоўны рэйтынг? 15% апытаных ні пры якіх абставінах не прагаласавалі б за Мілінкевіча. Для параўнання: супраць Някляева катэгарычна настроеныя 6%, а ў дачыненні да Раманчука і таго менш - 3%.
Давайце дадамо да гэтага паказчык перспектывы заваявання сімпатый выбаршчыкаў. Мілінкевіча не ведае 25% выбаршчыкаў. Някляева – 58%. Раманчук для 65% нашых грамадзян абсалютна новае аблічча.Вось цяпер можна аналізаваць сітуацыю і рабіць высновы, а не проста адпраўляць чытача далей у сацыялогію.
І дазволю яшчэ адну рэмарку. Праблема не ў тым, што Мілінкевіч не апынуўся па выніках галасавання ў пяцёрцы. Ён не атрымаў ніводнага голасу. Ніводнага! Значыць, праблема ў нечым іншым. У даверы? У веры?
Анатоль Лябедзька, ucpb.org