Вяселле Шапуцькі і Лабадзенкі адбылося ў Нясвіжы

Першы шлюбны пацалунак.

Глеб і Таццяна выпускаюць птушак.

Графіня Радзівіл віншуе маладых.

24-гадовы Глеб Лабадзенка працуе журналістам у газеце “Звязда”. Ён вядомы таксама як паэт і як блогер. Таццяна Шапуцька стала вядомай, калі яе выключылі з БДУ. Так яе пакаралі за пропуск заняткаў для ўдзелу ў Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства ў Брусэлі. Не дапамогло ані тое, што яна была выдатніцай, ані заступніцтва еўрапейскіх міністраў. Цяпер 20-гадовая намесніца старшыні МФ Таццяна Шапуцька вучыцца на трэцім курсе Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Вянчанне адбылося ў Фарным касцёле Божага Цела. Цяперашнія муж і жонка не змянялі сваіх прозвішчаў. Апроч сяброў і родных павіншаваць маладых з вяселлем прыйшлі Кася Камоцкая, Лявон Вольскі. Адмысловым госцем была княгіня Альжбета Радзівіл, якая жыла ў нясвіжскім замку да Другой сусветнай вайны.
Сведкамі на вяселлі былі журналіст Яўген Валошын і іншая прыгажуня з Маладога Фронту Наста Палажанка.
Вяселле ладзілася ў атмасферы беларускіх традыцыяў. Жаніх і нявеста былі ў святочных нацыянальных беларускіх строях, многія госці таксама апранулі вышыванкі. У Нясвіжскім замку адбыўся невялічкі фуршэт, асноўнае святкаванне праходзіла ў аграсядзібе пад Менскам. Увечары маладых прывітаў салют.
Андрэй Маўрукевіч, Нясвіж—Менск, фота Наста Лойка