Відавочнае

Источник материала:  
10.08.2010 16:52 — Разное
Апошнім часам у апазіцыйных колах, гэтаксама як у расійскай і міжнароднай прэсе, актывізаваліся спекуляцыі наконт таго, хто будзе «крамлёўскім» кандыдатам на наступных прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

Падставай для такіх спекуляцыяў сталі паводзіны вышэйшага кіраўніцтва Расіі ў адносінах да Лукашэнкі, якія пераканалі нават скептыкаў у тым, што, па-першае, крамлёўскі тандэм яўна стаміўся ад беларускага лідэра, па-другое, што Масква сапраўды рэалізуе ў Беларусі ўласны палітычны праект, прычым упершыню — праз галаву Лукашэнкі.

Мэты гэтага палітычнага праекту досыць празрыстыя — «зафіксаваць» Беларусь у сферы расійскага палітычнага і эканамічнага ўплыву, (што Лукашэнка ўжо даўно не хоча гарантаваць, акрамя як за жалезныя гарантыі ўласнай палітычнай бяспекі) і адпаведна змінімізаваць кошты падтрымання ўласнай гегемоніі. Аднак меркаваць, што Крэмль будзе вырашаць уласныя пытанні, змагаючыся з Лукашэнкам на старанна кантраляванай ім псеўда-электаральнай арэне, даволі наіўна. Ані Пуцін, ані Мядзведзеў не збіраюцца быць спарынг-партнёрамі ў чарговай «элегантнай перамозе." Ды і не трэба ім ніякага «прарасійскага прэзідэнта» — адзін ужо быў, дакладней, і ёсць. Ім патрэбна прарасійская Беларусь — прарасійская структурна і інстытуцыйна, завязаная на Расію эканамічна, палітычна і вайскова так, што адтуль ніяк не вырвацца. У першую чаргу, зафіксаваць Беларусь — значыць легітымізаваць свае прэтэнзіі на зону ўплыву, асабліва калі старыя інструменты легітымізацыі (той жа саюз Расіі і Беларусі) замінаюць самому Крамлю і не шкодзяць далучацца да Усходняга партнёрства. Першы акт такой легітымізацыі быў даволі мядзвежы. «Принуждение» Беларусі да мытнага звязу — адзін з прыкладаў, якім чынам старыя знешнепалітычныя мэты Расіі дасягаюцца новымі метадамі.

Задачу адхілення Лукашэнкі, калі такая стаіць, тэарэтычна можна было б вырашыць дэстабілізацыяй унутрыэканамічнай і палітычнай сітуацыі да такой ступені, што няўгодны Крамлю кіраўнік проста губляе рычагі кіравання дзяржавай.

Рэалізацыя такога сцэнару на пачатку года ў Кыргызстане была дэманстрацыяй таго, што чакае нелаяльных Крамлю лідэраў. У гэтым сцэнары і свой палітычны стыль — не «ўлазячы» ў бойку наўпрост, Масква проста «стварыла ўмовы» для рэалізацыі пажаданага сцэнару.

Аднак рэалізаваць кыргызскі сцэнар у Беларусі за кароткі час немагчыма ды й немэтазгодна. Беларуская эканоміка, нягледзячы на ўсе яе слабасці і абсурды, досыць трывалая, каб перыяд ад пачатку ціску да калапсу зацягнуўся на гады, а ад калапсу да сацыяльнага выбуху — і то, невядома наколькі. А месцазнаходжанне і геапалітычны кантэкст у Беларусі такія, што гэты часавы прамежак можа быць выкарыстаны тым жа Лукашэнкам для таго самага развароту, які Расія зараз імкнецца прадухіліць раз і назаўсёды. Дзейнічаць «па-мядзвежы» пад бокам у Еўропы — значыць правакаваць саму Еўропу да дзеянняў. Да таго ж, трэба ўлічваць, што чарговая атака Крамля на блізкае замежжа ажыццяўляецца (што нібыта вядзе да канфрантацыі з Захадам) ў кантэксце высілкаў таго ж Крамля да мадэрнізацыі (якая вымагае хаўрусу з тым жа Захадам). Гэты парадокс — частка 300-гадовай гісторыі Расіі, пра што мы тут не разважаем. Проста зазначым — у сённяшнім сутыкненні Крамля з Лукашэнкам першы мае цудоўную магчымасць легітымізаваць свае геапалітычныя памкненні «па еўрапейскіх стандартах».

Як? Сцэнар вельмі просты. Крэмль не ўлазіць наўпрост у прэзідэнцкую кампанію, але… па яе выніках менавіта Расія заяўляе ў поўны голас, што выбары ў Беларусі не адпавядалі ніякім дэмакратычным і еўрапейскім стандартам, фактычна пазбаўляючы кіраўніка Беларусі легітымнасці на ўсходнім фронце.

Можна толькі ўявіць, як такі крок «паставіць на вушы» заходніх гульцоў. АБСЕ, калі яе дапусцяць да назірання, калі і падзеліцца традыцыйна на «чэсных» і «нячэсных» назіральнікаў, то гэтая мяжа ўжо пройдзе зусім не па мяжы былога СССР.

Што да ЕС, то брусельскай бюракратыі таксама давядзецца хутка перапісваць падрыхтаваныя тэксты рэзалюцый пра «пэўны прагрэс, нягледзячы на ўсцяж наяўныя парушэнні». Карыстаючыся бяздзеяннем і нерашучасцю еўраструктураў, Масква можа захапіць лідэрства і фактычна вызначыць не толькі еўрапейскую палітыку да Беларусі, але і зрабіць сваю палітыку дэ-факта еўрапейскай. Стаміўшыся ад безвыніковага дыялогу, Брусель будзе толькі рады аддаць ініцыятыву ў надзеі, што хоць Масква здолее паўплываць і нешта змяніць.

Да таго ж, гэты крок будзе мець пэўныя наступствы і на ўнутрыпалітычным полі — прарасійская апазіцыя адразу набудзе вагу і папулярнасць. Зрэшты, дзейнічаць праз апазіцыю на гэтым этапе Крэмль усё роўна не будзе.

А што да беларускіх уладаў, тут поле для знешнепалітычнага манеўру ўжо не проста звужаецца — яно знікае. Уявіце сабе, што правакуецца чарговы газавы канфлікт накшталт чэрвеньскага: Бруселю, Берліну і ўсім астатнім папулярна тлумачыцца, што вентыль ім перакрывае нелегітымны, недэмакратычна абраны прэзідэнт. Бегчы плакацца на злую і агрэсіўную Расію ўжо будзе дакладна не да каго.

Што далей? Залежыць ад канкрэтных памкненняў Крамля і кіроўнага тандэму. Заўважым, што такі сцэнар не прывядзе да спыненню гандлёва-эканамічных стасункаў з Расіяй- Лукашэнку апошнім часам у Крамлі і так амаль байкатуюць, а развіваць кантакты з бюракратыяй на крок ніжэй у Маскве будуць толькі рады. Прыватызацыйныя здзелкі і кантракты будуць падпісвацца і надалей цалкам легітымнымі прэм’ерамі і міністрамі.

Галоўнае, што пры нелегітымным на Усходзе прэзідэнце Масква атрымлівае неабмежаваныя магчымасці наўпроставага ўплыву на беларускую бюракратыю. Перамоўная пазіцыя беларускіх уладаў у дачыненні з Масквой пры такім стаўленні да беларускага лідэра робіцца надзвычай слабай — чыноўнікі без палітычнага прыкрыцця прэзідэнта апынуцца сам-насам з непамерна больш магутным апанентам. Разлічваць што беларуская наменклатура будзе «бараніць незалежнасць» проста неразумна- наўрад ці знойдзецца і тузін яе прадстаўнікоў, для якіх яна прадстаўляе большую каштоўнасць, чым уласны інтарэс, — а ствараць зацікаўленасць у Маскве ўмеюць.

Палітычны шантаж стане нормай узаемаадносінаў і, ўрэшце рэшт, метастазы наўпроставага ўплыву Крамля на ўладную машыну дасягнуць і самога кіраўніка дзяржавы. Спачатку прымусяць прызначыць патрэбнага прэм’ер-міністра.

Потым — па канстытуцыі ў нас прэм’ер-міністр у выпадку адстаўкі прэзідэнта… ну вы зразумелі. Карацей, вось вам і сцэнар наменклатурнага перавароту — але зусім не той, пра які дзесяць год балбатала беларуская апазіцыя.

Чытачы ведаюць мае адносіны да расійскіх палітычных сцэнароў у Беларусі. Думаю, што калі ён раптам рэалізуецца, у Беларусі пабольшае толькі Расіі, а не свабоды і дэмакратыі (пераемнік проста скапіюе расійскія палітычныя інстытуты з правам апазіцыі выступіць у парламенце раз у год — дэмакратыя выхадцу з лукашэнкаўскай эліты самому будзе не патрэбна). Але гутарка зараз не пра гэта, а хутчэй проста пра магчымыя варыянты развіцця падзеяў у краіне у ключавым палітычным сезоне.

Безумоўна, гэты сцэнар на наступны год не адзіны магчымы — але ён падаецца цалкам верагодным.

І нават калі ён пачне ажыццяўляцца — зусім не факт, што Лукашэнка «не выплыве».

Аднак, каб выплыць самому, яму прыйдзецца выходзіць з нашмат больш жорсткай ізаляцыі, чым тая, у якую яго заганялі санкцыі ЕС і ЗША. Трэба будзе прапанаваць нешта нашмат большае, каб ізноў зацікавіць заходніх партнэраў — а гэта значыць ўжо цалкам памяняць сістэму — што будзе нашмат больш складана, чым проста прыстойна правесці прэзідэнцкія выбары. Але пра гэта неяк пазней…

Падзяліцца навіной: 
belinstitute.eu

←Отряд МЧС Беларуси тушит пожары в России без потерь личного состава

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика