Хросны бацька як дзяржаўны орган
Кінулася ў вочы механічнасць папярэджанняў, якія атрымала «НН» ад Міністэрства інфармацыі. Без крэатыву працуе апарат. Загадалі пакараць — знайшлася віна: загаловак «БРСМ рэкламаваў фільм „Хросны бацька“ з дапамогай смецця» не адпавядае рэчаіснасці. І падрывае рэпутацыю БРСМ, бо… мэтай акцыі лукамольцаў ля Камароўкі не была рэклама.
Яшчэ адна правіна «НН» — ужыванне слова «канфіскацыя» для характарыстыкі лёсу зніклага нумару (№ 25 ад 7 ліпеня 2010 г.). Бо,
Цікава падмеціла «Салідарнасць»: ці засталося б мокрае месца ад «Советской Белоруссии», каб праверыць на прадмет адпаведнасці фармулёўкам Кодэксаў метафары Ксенафонта Суперфасфатава? Напрыклад, «отравители эфира» (пра канал НТВ).
Яшчэ міністэрства адзначае, што артыкул «Хросны бацька сканфіскаваў» «можа зрабіць шкоду ў тым ліку і дзяржаўным інтарэсам, бо скажае практыку ўзаемадзеяння дзяржавы са СМІ». Што гэта значыць? Мінінфармацыі залічыла ў дзяржаўныя падначаленыя РУП «Белсаюздрук»? Але яго адасобленасць ад дзяржавы тое самае міністэрства ўпарта падкрэслівала, калі незалежныя газеты дабіваліся права вярнуцца ў кіёскі.
Ці, можа, у нас ужо ёсць дзяржаўны орган, што называецца «хросны бацька»?
Вельмі характэрна, што інтарэсы пэўнай асобы чыноўнікі атаясамліваюць з дзяржаўнымі. Забываючыся на Канстытуцыю, паводле якой крыніца ўлады ў краіне — беларускі народ. Гэта значыць — падаткаплатнікі, якія на чыноўніцкія заробкі грошы даюць. Чытачы і аўтары незалежнай прэсы ў тым ліку.
Калі што і робіць шкоду рэальным дзяржаўным інтарэсам, дык гэта папярэджанні падобнага кшталту. Бо ствараюць Беларусі ў свеце імідж краіны, дзе парушаецца адно з базавых правоў асобы — права на свабоду слова. Бо ўскладняюць дыялог улады з незалежным грамадствам. Бо, урэшце,
адрываюць журналістаў ад іх працы на карысць чытачоў і змушаюць займацца бюракратычнай руцінай. Дый час і энергія працаўнікоў Мінінфа марнуюцца на пустое.Відавочна, першаснае значэнне мае не сутнасць дадзеных «НН» папярэджанняў, а іх колькасць. Разам з атрыманым 16 лістапада 2009 за публікацыі пра «свіны грып», газета мае тры папярэджанні. Столькі сама ў «Народнай волі». Наяўнасць трох «званочкаў» ад Мінінфа дае падставы пачаць працэс ліквідацыі газеты. Але, як адзначае юрыст Андрэй Бастунец, у беларускіх умовах на гэта трэба палітычная воля.
У год выбараў улада спрабуе ўзяць прэсу на кароткую шворку.А мы будзем рабіць сваю справу.
Рэд.