Тота Кутуньё заспяваў па-беларуску
На сцэну Летняга амфітэатра ён выйшаў у белым касцюме і белых макасінах, спецыяльна для яго паставілі крэсла, на якое выканаўца часта сядаў адпачываючы. Родны брат, як распарадчык на сцэне, пастаянна сачыў за жаданнямі Тота: то падносіць ваду, то сурвэткі ад поту, ён жа распараджаўся і патокамі нецярплівых прыхільніц з букетамі: цяпер можна...
А іх на сцэну выходзіла да трыццаці адразу.
Тота Кутуньё быў у гэты вечар шматслоўны і адкрыты з гледачамі. Ён дарыў кампліменты беларускім жанчынам, прымушаў беларускіх мужчын спяваць для каханых, дырыжыраваў зводным хорам закаханых, прысьвячаў песні дзяўчатам. Ён пазнаёміў усіх са сваёй сям"ёй - так называе кампазітар музыкаў, якія працуюць з ім і па 16, і па 22, і па 28 гадоў, хтосьці толькі нядаўна прыйшоў у яго групу.
На сцэну Тота Кутуньё запрасіў нават свайго лекара, які не пакідае яго нідзе пасля перанесенай аперацыі: музыканта, які захварэў на рак, па яго ж словах, лекары выхапілі ад смерці літаральна за валасы.
Увесь вечар гучалі самыя прыгожыя італьянскія песні.
А самым неверагодным сюрпрызам для гледачоў ад Тота Кутуньё стала вядомая песня з рэпертуару «Сябры» - «А я лягу, прылягу», якую італьянец старанна праспяваў на беларускай мове, часам аддалена набліжаючыся да арыгіналу.
naviny.by