Аўтуховіч ня можа вывучаць справу, бо пакутуе ад сьпякоты

Источник материала:  
10.07.2010 — Разное
Аўтуховіч ня можа вывучаць справу, бо пакутуе ад сьпякотыЧаму Мікалай Аўтуховіч часова спыніў вывучэньне пратаколу судовага працэсу? Андрэй Бандарэнка спыніў галодоўку, якая доўжылася 22 дні. Уладзімер Асіпенка і Міхаіл Казлоў мусяць чакаць амністыі яшчэ некалькі месяцаў.9 ліпеня ў камэру для Мікалая Аўтуховічу дазволілі перадаць вэнтылятар. «Там стаяла такая сьпякота, што немагчыма было працаваць», — паведаміў адвакат Павал Сапелка, які наведваў вязьня на «Валадарцы». Паводле адваката, самаадчуваньне ягонага падабароннага пагоршылася настолькі, што ён часова прыпыніў азнаямленьне з пратаколам судовага паседжаньня.

«Учора мусіў адмовіцца ад вывучэньня пратаколу, паколькі стаяла такая сьпякота, ад якой у яго балела галава і нават дваілася ў вачах».

Што да справаў адносна пратэзаваньня зубоў Аўтуховічу, яны ідуць наперад, але марудна, зазначыў адвакат Сапелка. Паводле яго, яшчэ працягваюцца перамовы з дантыстам, які пагадзіўся зрабіць апэрацыю, але засталося вырашыць шэраг тэхнічных праблем.

Мікалай Аўтуховіч у зьняволеньні страціў некалькі зубоў, яму патрэбнае пратэзаваньне, але ў менскім сьледчым ізалятары такую дапамогу яму аказаць адмаўляліся, спасылаючыся на адсутнасьць умоваў, і пры гэтым не прадстаўлялі іншых варыянтаў лячэньня. Аўтуховіч правёў пяцідзённую галадоўку, пагражаў сухой галадоўкай і ў выніку дамогся, што яму паабяцалі даць магчымасьць пралячыцца ў прыватнага дантыста.

У Бабруйскай калёніі 7 ліпеня спыніў галадоўку прадпрымальнік, сябра АГП Андрэй Бандарэнка, які пратэставаў супраць незаконнага, як ён лічыць, асуджэньня. Пра гэта паведаміў адвакат Зьміцер Лаеўскі, які наведаў вязьня напярэдадні.

«Я перадаў яму зварот сваякоў аб спыненьні галадоўкі, і ён зь імі пагадзіўся. Бо сапраўды пачуваў сябе ўжо дрэнна, і гэта было бачна па ім», — паведаміў адвакат.

Галадоўка Бандарэнкі доўжылася 22 дні, за гэты час вязень схуднеў болей як на 7 кіляграмаў. Андрэй Бандарэнка накіраваў наглядную скаргу на прысуд старшыні Менскага гарадзкога суду і спадзяецца, што гэта дапаможа перагледзець справу, якую ён лічыць палітычна матываванай.

Фігуранты справы Аўтуховіча Ўладзімер Асіпенка і Міхаіл Казлоў разьлічваюць на амністыю, якая дазволіць ім датэрмінова выйсьці на волю. Абедзьве палаты Нацыянальнага сходу ўхвалілі Закон аб амністыі да 65-годзьдзя Перамогі, але яго дагэтуль не надпісаў Аляксандр Лукашэнка. «Тата жыве толькі чаканьнем амністыі», — кажа пра Ўладзімера Асіпенку ягоная дачка Людміла.
Крынiца: Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода
←Літвіна: гэта прыкмета ажыцьцяўленьня цэнзуры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика