Свабода ад страху
19 чэрвеня славутая бірманская праваабаронца Аўнґ Сан Суў Чжы адзначыла свой
Бірма шмат у чым падобная да Беларусі нават у дробязях: буйная краіна пасярод кантыненту, зачыненая, ізаляваная і забытая сусветнай думкай. Як і з Беларуссю, існуе невялікая супярэчнасць наконт назвы краіны: рэжым увёў новую афіцыйную назву «М’янмар», якой апазіцыя не прызнае. Праз ізаляванасць краіны і неразвітасць інтэрнэту мой браўзэр не падтрымлівае бірманскі алфавіт, а цэнтральны ўрадавы партал ўяўляе з сябе вельмі красамоўнае відовішча. Аўнг Сан Суў Чжы прыводзіць метафару, відавочна з арсеналу дзяржаўнай прапаганды, пра бірманскі народ як ваду, якую дыктатарскі рэжым, маўляў, асцярожна нясе ў складзеных далонях. Як тут не ўзгадаць вядомай фразы А. Лукашэнкі, калі ён параўноўвае Беларусь з хрустальным сасудам у сваіх руках.
Аўнг Сан Суў Чжы — не проста дэмакратка і праваабаронца, але духоўная лідэрка. Свае палітычныя ідэі яна грунтуе на будызме і бірманскіх традыцыях, абвяргаючы любімы ўсімі дыктатарамі ілжывы тэзіс пра «недаспеласць» таго ці іншага народу да дэмакратыі. У іншым сваім эсэ яна піша, што для здаровага грамадства мала проста стварыць людзям прыязныя матэрыяльныя ўмовы, калі прагрэс не суправаджаецца маральным, духоўным ростам чалавека. Смеласць і маральная чысціня — гэта перадумова вызвалення, гэта ўласцівасці, якія мусяць у сабе мацаваць змагары з дыктатураю.
Беларусь не мае апазіцыйнай фігуры такога маштабу, якая была б гэткім эталонам інтэлігентнасці, маральнай сілы і смеласці. Аднак Беларусь мае дзесяткі іншых людзей, якія ў складаных умовах аўтарытарнага рэжыму працягваюць змагацца за нацыянальную і чалавечую годнасць. Словы Аўнг Сан Суў Чжы, напісаныя амаль дваццаць гадоў таму, застаюцца актуальнымі як для Бірмы, так і для сённяшняй Беларусі.
Свабода ад страху
Аўнґ Сан Суў Чжы, 1991
Падобна да таго, як
Грамадская незадаволенасць эканамічнымі цяжкасцямі лічыцца галоўнай прычынай руху за дэмакратыю ў Бірме, які распачалі студэнцкія хваляванні ў 1988 годзе. Гэта праўда, што гады непаслядоўнай палітыкі, няўмелых дзеянняў ураду, высокія тэмпы інфляцыі і падзенне рэальных даходаў абрынулі краіну ў эканамічны хаос. Але тое, што падарвала цярпенне традыцыйна лагодных і спакойных людзей, — гэта больш, чым тыя цяжкасці, якія прымусілі іх зводзіць канцы з канцамі, — гэта таксама і прыніжанасць тым ладам жыцця, знявечаным маральным разлажэннем і страхам.
Студэнты пратэставалі не толькі супраць смерці сваіх таварышаў, але і супраць адмаўлення таталітарным рэжымам іх права на годнае жыццё, супраць рэжыму, які пазбаўляе сэнсу сённяшняе існаванне і не дае ніякай надзеі на будучыню. Ад таго, што пратэсты студэнтаў выказалі расчараванне ўсяго насельніцтва, дэманстрацыі хутка перараслі ў агульнанацыянальны рух. Аднымі з найбольш моцных яго прыхільнікаў былі прадпрымальнікі, якія назапасілі досвед і кантакты, што дазвалялі не толькі выжыць, але і квітнець у межах сістэмы. Але іх багацце не давала ім сапраўднага пачуцця бяспекі і самарэалізацыі, і яны не маглі не бачыць, што калі яны ды іх суграмадзяне, незалежна ад эканамічнага становішча, прагнуць дамагчыся годнага існавання, падсправаздачная народу ўлада — гэта прынамсі неабходная, калі не дастатковая перадумова. Народу Бірмы абрыдла быць аб’ектам пасіўнага трымання, дзе яны былі проста «як вада ў далонях» існай улады.
Свежай прахалодай мы можам быць,
Як вада ў складзеных далонях,
Але ж можам мы быць
І аскепкамі шкла
Ў тых складзеных далонях.
Аскепкі шкла, якія сваёй малой вастрынёй здольныя абараніць сябе ад рук, што імкнуцца іх раструшчыць, можна разглядаць як яркі сімвал усплёску мужнасці, які ёсць неад’емным атрыбутам тых, хто можа вызваліцца ад кайданоў прыгнёту. Камандзір Аўнг Сан [нацыянальны герой Бірмы, лідэр незалежніцкага руху ў першай палове 20 ст. — заўв. перакладчыка] лічыў сябе рэвалюцыянерам і нястомна шукаў развязання праблемаў, з якімі сутыкалася Бірма ў вырашальныя для яе часы. Ён заклікаў людзей да мужнасці: «Не будзьце проста залежнымі ад мужнасці і адвагі іншых. Кожны з вас павінен ахвяраваць, каб стаць героем, апанаваным мужнасцю і адвагай. Толькі тады мы ўсе зможам атрымаць сапраўдную свабоду».
Намаганні, патрэбныя, каб застацца непахісным ва ўмовах, калі страх робіцца неад’емнай часткай штодзённага існавання, не адразу відавочныя для тых, каму пашчасціла жыць у дзяржавах, дзе пануе вяршэнства закону. Законы самі па сабе не проста перадухіляюць разбэшчванне праз аб’ектыўнае пакаранне злачынцаў. Яны таксама дапамагаюць стварыць у грамадстве неабходныя ўмовы для захавання чалавечай годнасці, для жыцця, якое б не патрабавала карупцыі і заганных метадаў.
Дзе такіх законаў няма, там цяжар захавання прынцыпаў справядлівасці і агульнай прыстойнасці кладзецца на простых людзей. Назапашаны эфект ад іх паслядоўных намаганняў і ўстойлівай трываласці — гэта тое, што ператворыць краіну, у якой розум і сумленне скажоныя страхам, у грамадства, дзе існуюць прававыя нормы, якія заахвочваюць памкненні чалавека да гармоніі ды справядлівасці, абмяжоўваючы непажаданыя разбуральныя рысы ў яго характары.У эпоху, калі магутны
Самая важная рэвалюцыя — гэта рэвалюцыя духу, народжаная ад інтэлектуальнай перакананасці ў неабходнасці змяніць інтэлектуальныя устаноўкі і каштоўнасці, якія вызначаюць ход развіцця краіны.
Рэвалюцыя, якая імкнецца толькі да змены афіцыйнай палітыкі ды інстытутаў дзеля паляпшэння матэрыяльнага становішча, мае мала шанцаў на сапраўдны поспех. Без рэвалюцыі духу, сілы, якія чынілі несправядлівасць пры старым парадку, будуць працягваць дзейнічаць, што створыць пастаянную пагрозу працэсу рэформаў і аднаўлення. Недастаткова проста заклікаць да свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека. Мае быць агульная рашучасць працягваць барацьбу, ісці на ахвяры ў імя вечных ісцінаў, процістаяць згубнаму ўплыву жаданняў, варожасці, невуцтва і страху.
Святыя, як было сказана, — гэта грэшнікі, якія працягваюць спрабаваць. Гэтаксама і свабодныя людзі — гэта прыгнечаныя, якія працягваюць спрабаваць, і ў гэтым працэсе робяцца здольнымі несці адказнасць і трымацца таго парадку, які будзе падтрымліваць вольнае грамадства.Сярод асноўных свабодаў, да якіх людзі імкнуцца ў жаданні, каб іхнае жыццё магло быць поўным і вольным, свабода ад страху выступае адначасова як сродак і мэта. Народ, які жадае будаваць дзяржаву, дзе моцныя дэмакратычныя інстытуты трывала замацаваныя ў якасці гарантыі супраць дзяржаўнага дыктату, мусіць спачатку навучыцца вызваляць свой уласны розум ад апатыі і страху.
Заўсёды сам практыкуючы тое, што ён прапаведаваў, Аўнґ Сан пастаянна праяўляў мужнасць — не толькі фізічную, але тую, якая дазваляла яму гаварыць праўду, адстойваць свае думкі, прымаць крытыку, прызнаваць сваю віну, выпраўляць свае памылкі, паважаць апазіцыю, весці перамовы з супернікамі і пакідаць людзям магчымасць судзіць, ці лічыць яго годным лідэрам. Менавіта за гэтую маральную мужнасць яго будуць заўсёды любіць і паважаць ў Бірме — не толькі як гераічнага воіна, але як натхняльніка і сумленне нацыі. Словы, якімі Джавахарлал Нэру апісваў Магатму Ґанды, цалкам можна аднесці і да Аўнґ Сана:
«Сутнасцю яго вучэння была бясстрашнасць і праўда, а таксама дзеянні ў адпаведнасці з імі, увесь час прымаючы да ўвагі дабрабыт народных масаў».
Ґанды, вялікі апостал негвалтоўнасці, і Аўнґ Сан, заснавальнік нацыянальнай арміі, былі вельмі рознымі асобамі, але з прычыны, што ёсць непазбежнае падабенства паміж выклікамі аўтарытарызму ў любым месцы ў любы час, ёсць і падабенства асабістых якасцяў тых, хто падымаецца, каб гэтым выклікам даць рады. Дж. Нэру, які лічыў абуджэнне мужнасці народу Індыі адным з найвялікшых дасягненняў Ґанды, быў палітычным мадэрністам, але ацэньваючы патрэбы руху за незалежнасць у 20 ст. ён у выніку звярнуўся да філасофіі старажытнай Індыі: «Найвялікшым падарункам для асобы ці нацыі… было „абхая“, бясстрашнасць; не толькі фізічная смеласць, але адсутнасць страху ў галаве».
Бясстрашнасць можа быць дарам, але, магчыма, больш каштоўная мужнасць — гэта тая, што набытая праз намаганні; мужнасць, што узнікае са звычкі не дазваляць страху вызначаць дзеянні чалавека, мужнасць, якая можа быць ахарактарызаваная як «годнасць пад ціскам» — годнасць, якая зноў і зноў абнаўляецца перад тварам суровага і бязлітаснага ціску.У сістэме, якая адмаўляе існаванне асноўных правоў чалавека, страх зазвычай дыктуе парадак дня. Страх пазбаўлення волі, страх перад катаваннямі, страх смерці, страх згубіць сяброў, сям’ю, уласнасць або сродкі да існавання, страх перад беднасцю, страх ізаляцыі, страх перад няўдачай.
Найбольш падступнай формай страху ёсць тая, што маскіруецца пад здаровы сэнс і нават мудрасць, асуджаючы як дурныя, бесшабашныя, нязначныя або бяздзейныя малыя, штодзённыя акты мужнасці, якія дапамагаюць чалавеку захаваць самапавагу і прыроджаную чалавечую годнасць.Народу, які ахоплены страхам, выкліканым жалезным прынцыпам «праўда ў сіле», не проста вызваліцца ад расслабляючых міязмаў боязі. Тым не менш, нават пад ціскам самай бязлітаснай дзяржаўнай машыны мужнасць падымаецца зноў і зноў, бо страх не ёсць натуральным станам цывілізаванага чалавека.
Крыніцай мужнасці і трываласці ва ўмовах неабмежаванай ўлады, як правіла, выступае цвёрдая вера ў святасць этычных прынцыпаў у спалучэнні з тым гістарычным сэнсам, што нягледзячы на ўсе няўдачы натура чалавека скіраваная на духоўнае і матэрыяльнае развіццё.Здольнасць да самаўдасканалення і самаасэнсавання — гэта тое, што больш за ўсё адрознівае чалавека ад простай жывёлы. У аснове чалавечай адказнасці ляжыць канцэпцыя дасканаласці, жаданне яе дасягнуць, розум, каб знайсці шлях да яе, і воля ісці па гэтым шляху калі не да канца, дык прынамсі дастаткова, каб падняцца над індывідуальнымі абмежаваннямі і вонкавымі перашкодамі. Бачанне чалавекам свету, які б быў прыдатны для рацыянальнага, цывілізаванага чалавецтва, — гэта тое, што штурхае яго на пакуты дзеля таго, каб пабудаваць грамадства, свабоднае ад патрэбаў і страху. Такія паняцці як праўда, справядлівасць і спачуванне нельга адкінуць як банальныя, бо яны часта ёсць адзіным, што стаіць на шляху бязлітаснай улады.
// http://
Алесь Чайчыц