ДАІ расставіць на дарогах манекены
Як паведамілі ў МУС, такую задачу паставіў міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў на аператыўнай нарадзе 30 чэрвеня.
Сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі даручана звярнуць больш пільную ўвагу на кіроўцаў, якія ўязджаюць у Мінск з іншых рэгіёнаў краіны, бо многія з іх грэбуюць падчас руху рамянямі бяспекі, парушаюць правілы паркоўкі і стаянкі транспартных сродкаў.
Анатоль Куляшоў лічыць неабходным вызначыць аварыйна небяспечныя ўчасткі і геапатагенныя зоны на дарогах краіны, г.зн. зоны шкоднага ўздзеяння зямной паверхні на стан здароўя чалавека ва ўмовах руху.
На нарадзе прагучала інфармацыя аб тым,
што з пачатку года ў Беларусі зарэгістраваны 42 здарэнні з пацярпелымі, дзе нездавальняючыя дарожныя ўмовы сталі спадарожным фактарам.Максімальны рост такіх здарэнняў адзначаецца ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Пры гэтым у Бабруйску адбылося шэсць з сямі зарэгістраваных у вобласці здарэнняў, у якіх зімой людзі пацярпелі з‑за няякаснага ўтрымання вуліц і дарог, што прывяло да стварэння слізкага пакрыцця. Ва ўсіх выпадках у дачыненні да службовых асоб, якія дапусцілі несвоечасовую апрацоўку праезнай часткі супрацьгалалёднымі матэрыяламі і яе няякасную ўборку, адміністрацыйныя пратаколы не складаліся. Падобныя сітуацыі былі ў Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях.
Пры гэтым яшчэ ў студзені рэспубліканская Дзяржаўтаінспекцыя накіравала ў Мінтранс паведамленне аб тым, што пры ўчыненні ДТЗ з гібеллю ці раненнем людзей у месцах, дзе не праведзены запланаваныя работы, матэрыялы па іх будуць накіроўвацца ў органы пракуратуры для разгляду пытання аб завядзенні крымінальных спраў за бяздзейнасць службовых асоб прадпрыемстваў дарожнай гаспадаркі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН