Лявон Вольскі: Я бачу прагрэс
«Наша Ніва»: Сёлета ваш выступ на Be2gether сабраў дзве сотні чалавек. Чаму так мала?
Лявон Вольскі: Я лічу, што так і мае быць. Раней на гэтым фэсце было горш, чым сёлета. Упершыню паўсталі беларускія павільёны. Пры іх ладзіліся нейкія мерапрыемствы, дыскатэкі. Гэта ўсё вельмі станоўча можна ацаніць. Гэта крок наперад.
«НН»: Якім чынам можна сябе папулярызаваць? Павялічыць беларускую прысутнасць на тым жа Be2gether?
ЛВ: Трэба пераконваць арганізатараў у тым, што беларусы таксама вартыя быць хэдлайнерамі і выступаць у той самы час і на той самай сцэне, як сёлета ўкраінскія «Гайдамакі». Трэба высылаць арганізатарам якасны матэрыял, каб яны бачылі, на што мы здатныя. Няма нічога страшнага у тым, што беларускі гурт сабраў сотню гледачоў. Трэба паступова працаваць над тым, каб іх было больш.
Я бачу прагрэс. Сёлета ў Нарвілішкі не даехала страўня «Камяніца». Магчыма, яны будуць на наступным фэсце, з беларускай кухняй. Іншыя цікавыя рэчы можна дэманстраваць. Такі фэст — гэта насамрэч добры спосаб паказаць сябе. Варта гэтым актыўна карыстацца.
Алесь Пілецкі