Рыба можа загінуць

Источник материала:  
25.06.2010 — Разное

У вадзе ракі Сэрвач і Сакаўшчынскага вадасховішча знізілася ўтрыманне кіслароду. Такая тэндэнцыя можа прывесці да замору рыбы.

Даследаванні 22 і 23 чэрвеня правялі супрацоўнікі Маладзечанскай міжраённай лабараторыі аналітычнага кантролю. З Сэрвачы ваду бралі каля вёсак Людвінова і Малышкі. Растворанага кіслароду ў ёй утрымліваецца 5,3–5,4 міліграма на літр пры норме 6 мг/л. У Сакаўшчынскім вадасховішчы – 3,5 мг/л. Па словах загадчыцы лабараторыі Марыны Хвіневіч, узровень некрытычны, але сігнал трывожны. Крытычным з’яўляецца змяншэнне кіслароду да 2-3 мг/л – некаторыя віды рыб выкідваюцца з вады.

Як патлумачыў у інтэрв’ю нашаму выданню Віктар Івашанка, начальнік вілейскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, выправіць сітуацыю можа прыток свежай вады.

Калі газета рыхтавалася да друку, вынікаў даследавання вады на ўтрыманне аманійнага азоту, жалеза і фасфатаў не было. Але папярэднія даследаванні, праведзеныя напрыканцы мая, паказалі, што аманійнага азоту і жалеза ў Сэрвачы больш за норму.

Высокае ўтрыманне аманійнага азоту звычайна ўказвае на тое, што расліны ў рэках ці вадасховішчах пачалі гнісці. Ад гніення змяншаецца ўтрыманне кіслароду ў вадзе, што можа выклікаць масавую гібель рыбы. Прычынай замору можа стаць і павышанае ўтрыманне жалеза: асядаючы на жабрах у выглядзе бурага асадку, яно выклікае ўдушша.

Даследаванні Сакаўшчынскага вадасховішча ў Валожынскім раёне, праведзеныя ў пачатку чэрвеня, паказалі перавышэнне фасфатаў у 2 разы.

Святлана ЦІШКО.

←РФ увеличила экспорт нефти в январе-мае на 0,6%

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика