Іосіф Сярэдзіч: «Мая задача — зберагчы газету і паставіць дачку на ногі»

Источник материала:  
24.06.2010 14:04 — Разное
Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч адсвяткаваў летась сваё 60-годдзе. Пра сваё жыццё - журналіцскае і асабістае - Іосіф Сярэдзіч расказаў часопісу «Абажур».

Рэдакцыя «Народнай газеты».

— Як адсвяткавалі, Іосіф Паўлавіч?

— Я не люблю юбілейнічаць. У нас у рэдакцыі ёсць такое непісанае правіла: у дзень народзінаў ты можаш наогул не з’яўляцца на працу, і гэта не будзе лічыцца прагулам. Праўда, на гэты раз па просьбе калег я мусіў быў парушыць традыцыю. Бо юбілей выпаў на той дзень, калі здавалі ў друк чарговы нумар. Пасля працы накрылі стол, і хто заходзіў, падымаў кілішак‑ другі. Звычайна, у рабочым парадку. Вядома ж, пасля гэтага сваякі, сябры, блізкія сабраліся ўжо за межамі рэдакцыі.

— Падарунак сабе зрабілі? Здаецца, вы хацелі машыну памяняць.

— Так, вельмі хацеў, але не зрабіў і не ведаю ўжо, калі зраблю. Маёй «Санаце» ўжо больш за дзесяць гадоў. Я купляў яе новую, але яна мне абышлася, вы не паверыце, менш як у пяць тысяч даляраў. Было так: прыходзіць да мяне сваяк, якому я колькі гадоў таму дапамог. І ён быў мне вінен пяць тысяч. Ну вось, прыходзіць і цягне мяне: «Усё, едзем, едзем, я стрымаю сваё слова». Вязе ў салон, дзе стаяць новенькія машыны. «Хюн‑ дай Саната» тады каштавала менш за дзесяць тысяч даляраў. І кажа мне: «Пяць тысяч плачу я, астатняе — ты». Вось так я і купіў машыну.

Дарэчы, у хуткім часе мне расказалі, што «наверх» адразу паведамілі, быццам я на новенькім мерседэсе езджу. Мой хюндай серабрысты, можа, здалёк да мерседэса і падобны. Ужо не ведаю, праўда ці не, аднак казалі, што тагачасны кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта патлумачыў Аляксандру Рыгоравічу, што ніякі гэта не мерседэс, а самая танная машына, якая не лічыцца прэстыжнай у асяродку багатых людзей.

Вось на ёй я ўжо дзесяць гадоў і езджу. А зраблю сабе ў рэшце рэшт падарунак ці не зраблю — не ведаю, бо трэба ў першую чаргу не згубіць «Народную Волю».

— Цяжка трымацца?

— Я працую ў журналістыцы больш за 40 гадоў і не памятаю ніводнага дня, каб мог сказаць: як лёгка я пражыў гэты дзень. Я мару пра тое, каб хоць адзін тыдзень адчуць, што я проста рэдактар, журналіст, што гэта мая прафесія і што я нікому не перашкаджаю жыць. Што ніхто за мной не сочыць, не арганізуе ў рэдакцыі ператрус. Што ніхто не прыйдзе заўтра з кайданкамі.

Ніхто не любіць праўды. Ніхто не любіць нашага брата‑журналіста. У многіх іншых краінах таксама не любяць. Але паважаюць!

І вось наша задача — прымусіць нашых апанентаў, хто б гэта ні быў, паважаць нас за наш прафесіяналізм, лічыцца з намі. Любяць жа сёння толькі кішэнных журналістаў.

Калі першая асоба любіць свайго рэдактара, ты ўжо рэдактар кішэнны, бо пад абцасам ходзіш. А для мяне, хто б ні быў на чале дзяржавы, — я б не памяняўся. Аднак калі ты сёння працуеш гэтак, як павінен працаваць, то ты павінен і разумець, што самае нечаканае можа адбыцца ў любы час.

Ваяваў з уладамі дзеля праўды

— А калі вярнуцца ў тыя часы, калі вы толькі пачыналі. Няўжо вам кепска жылося ў гады «махровага» застою?

— Для большасці савецкіх людзей — так, гэта быў перыяд махровага застою. Для мяне ж асабіста ніякага застою не было. З 1966 года і па сённяшні дзень. У савецкія часы я ваяваў з міністрамі, сакратарамі ЦК партыі, даходзіў да Машэрава. Хаця тыя канфлікты так проста не даваліся.

— І дзеля чаго ваявалі?

— Я ж быў не апошнім журналістам. За праўду ваяваў! Яшчэ ў «Сельской газете» я надрукаваў артыкул «Как с одной свиньи две шкуры снимали». Тады паўстала праблема: калгасы і саўгасы не маглі здаць на мясакамбінат жывёлу. Каб прынялі нейкую сотню свіней, дырэктару саўгаса даводзілася суткамі абіваць парогі на мясакамбінаце, даваць хабар… Гэты праблемны матэрыял літаральна ўзарваў ЦК КПБ. Тагачасны міністр мясной і мясаперапрацоўчай прамысловасці спадар Баўрын, у бок якога паляцелі стрэлы, выпушчаныя журналістам‑пачаткоўцам, абараняўся ўсімі сіламі. Была нават створана адмысловая камісія, і выявілася, што ўсё, пра што я напісаў, праўда.

А яшчэ была справа: тэлефануе ў газету сакратар ЦК па сельскай гаспадарцы Віктар Шавялуха: «Вы што, не ведаеце, што ў адным з саўгасаў у Сенненскім раёне робіцца? Там ад адной свінаматкі атрымліваюць па 24 парасяці, вырошчваюць іх на ўласных кармах, без дапамогі дзяржавы. І дабіліся стопрацэнтнага захоўвання маладняку. Трэба тэрмінова журналіста адпраўляць, рабіць паласу пра перадавы вопыт і ўкараняць яго па ўсёй рэспубліцы».

Тады я працаваў у аддзеле жывёлагадоўлі, сям’і яшчэ не было, на пад’ём быў лёгкі. Накіравалі — паехаў.

А палове шостай раніцы з’явіліся мы з фотакорам на тым жывёлагадоўчым комплексе. Бачым: дзядзька нагрузіў сані дохлымі парасятамі, якія ноччу сканалі, і вязе да магільніка.

Далей высветліў, што кормяць парасят не ўласнымі камбікармамі, а атрымліваюць іх па блаце на Ваўкавыскім камбікормавым заводзе. Самога дырэктара на месцы не аказалася, бо ён кінуўся ў Растоўскую вобласць, каб яшчэ адзін «перадавы» вопыт пераняць: Шавялуха яму давёў, што там трымаюць свіней і парасят увогуле ў намётах, і не трэба будаваць жывёлагадоўчыя комплексы.

Карацей, напісаў я артыкул пад назвай «Сплошная липа».

Рэдактар «Сельской газеты» Андрэй Данілавіч Колас пачытаў: «Што ж, я адчуваў, што не таго паслаў». Я пачакаў колькі дзён, артыкул не друкуюць. І я, нічога не кажучы рэдактару, пайшоў у ЦК. Падрабязнасці скасую, але дайшоў я спачатку да сакратара ЦК па ідэалогіі Кузьміна, потым — да галоўнага памочніка першага сакратара Крукава, а затым і да самога Машэрава. Ён здзівіўся: такі малады хлопец, а б’ецца так сур’ёзна. Пасля яго ўмяшання артыкул надрукавалі. А Шавялуху, дарэчы, Машэраў раскусіў і штурхануў з рэспублікі.

Такіх прыкладаў я магу прывесці сотні, а ты кажаш, што лёгкія часы былі. Сапраўдны журналіст, у якую б эпоху ён ні працаваў, павінен быць як байцовы сабака. Галоўнае — ведаць, каго прыціснуць, за што і калі.

— Іосіф Паўлавіч, вы працавалі і ў дзяржаўных выданнях, і ў незалежных. У чым розніца?

— Мне шкада, што ў Беларусі гэтая розніца асабліва заўважная. А яе, па сутнасці, наогул не павінна быць. Вось сёння БелаПАН звярнуўся да адной публікацыі 1989 года ў «Советской Белоруссии» — «Национальные символы Беларуси: народ и история». Гэта быў першы асветніцкі матэрыял пра нацыянальную самасвядомасць. Яго аўтар, Міхась Ткачоў, знакаміты навуковец, не быў упэўнены, што дзяржаўная агульнанацыянальная газета надрукуе такі артыкул. Ён ужо хацеў забраць яго з рэдакцыі, але я адгаварыў, сказаў, што трэба пачакаць. І мы надрукавалі. Памятаю, галоўны рэдактар Аляксандр Кандратавіч Зінін, ад’язджаючы ў камандзіроўку, сказаў мне: «Я з’еду, а ты хуценька артыкул ціскані». Ён ведаў, што прасцей будзе потым абараніць намесніка перад бюро ЦК, чым самому ўтрымацца. Але ўсё абышлося.

Як бачыце, і ў тыя часы можна было прарваць інфармацыйную блакаду. Калі ў журналіста было імкненне, ён знаходзіў магчымасці гаварыць праўду.

«Да маіх пальцаў не прыліпла ніводная капейка!»

— Ці праўду казалі, што ў пачатку 90‑х рэдактар «Народнай газеты» Сярэдзіч усім сваім супрацоўнікам кватэры павыбіваў?

— Я думаю, што кожны кіраўнік павінен думаць не толькі пра тое, што друкуецца на старонках выдання, не толькі пра сваю ўласную кар’еру, а перш за ўсё пра людзей. Калі гэта было магчыма, я сапраўды дапамагаў вырашаць жыллёвыя пытанні.

Памятаю, як яшчэ ў «Советской Белоруссии» выбіваў кватэру загадчыку аддзела партыйнага жыцця Сяргею Сверкунову, зараз ён галоўны рэдактар «Вячэрняга Мінска». У іх з жонкай Вольгай нарадзілася дзіця, а з жыллём былі праблемы.

Дык я вырашыў праз гаркам партыі дзейнічаць, бо праз гэтую ўстанову мы «не прабівалі» яшчэ ніводнай кватэры. Я першага сакратара Таразевіча зморам браў: Сяргея пакінуў у прыёмнай, а сам вырашыў не выходзіць з кабінета, пакуль не атрымаю станоўчага выніку. І ён не вытрымаў майго напору. Падняў трубку, пазваніў у ЦК, заручыўся там падтрымкай. Мы з Сяргеем куляй прыляцелі ў рэдакцыю, зрабілі патрэбную паперку, потым — на подпіс у ЦК, адтуль — у гаркам. А дні праз тры Сверкуновым выдзелілі кватэру на Магілёўскай.

Я гэта да чаго?

Трэба людзям стварыць умовы для жыцця, тады яны і працаваць будуць добра.

Калі мы падымалі «Народную газету», я паставіў пытанне перад Вярхоўным Саветам, каб дапамаглі супрацоўнікам з жытлом. А калі тыраж выйшаў на 500 тысяч, то грошай ужо ў самой газеты было столькі, што мы маглі і самі будаваць кватэры.

Дарэчы, на мяне ледзь крымінальную справу не завялі за кватэру для брэсцкага карэспандэнта «Народнай газеты» Васіля Сарычава.

Калі мяне Лукашэнка хацеў скінуць з рэдактарства, нацкавалі на мяне рэвізію. Рэвізоры ўбачылі, што мы пабудавалі кватэру ў Брэсце, але не ўзгаднілі гэтае пытанне с Прэзідыумам Вярхоўнага Савета. А без іх, бачыце, не мелі права. Я тады рассмяяўся — пайшлі яны!.. Да маіх пальцаў не прыліпла ніводная капейка, я не для сябе і не для сваіх дзяцей будаваў гэтую кватэру. Потым, у нас ёсць дагавор з тым жа Сарычавым, дзе чорным па беламу напісана: калі ён не адпрацуе дзесяць гадоў у «Народнай газеце», то прапарцыянальна неадпрацаванаму часу заплаціць за кватэру. Гэта было самае значнае злоўжыванне маімі паўнамоцтвамі.

Сёння я ўжо не магу выбіць кватэры сваім журналістам. Але клапачуся аб тым, каб яны прыходзілі на працу не галодныя і каб хапала заробку на дах над галавой. Хоць сам я калісьці жыў нават на вакзале.

— Праўда?

— Так. Прыехаў вучыцца, а інтэрнат не далі. Дык я на вакзале тыдзень жыў, пакуль мяне не пашкадаваў старшыня студэнцкага прафкама Мікола Дрозд. Я ж не адразу трапіў на стацыянар, а пераводзіўся з завочнага на трэцім курсе. У 1966 годзе была рэформа адукацыі, два выпускныя класы. Конкурс шалёны. А тут нейкі хлопчык з палескай вёскі прыехаў паступаць на факультэт журналістыкі. Па конкурсе я не дабраў адзін ці два балы. А ў верасні быў яшчэ адзін паток для завочнікаў. Я хуценька вярнуўся дахаты, завёў працоўную кніжку і паступіў на завочнае. Два гады правучыўся на завочным. Працаваў у школе лабарантам, адмываў прабіркі ад хімрэактываў і кіно вучням паказваў. Потым у калгасе працаваў вызваленым сакратаром камітэта камсамола, у мяне было 159 камсамольцаў.

Аднойчы я, як сумленны сакратар, пагрузіў на грузавік 30 даярак і свінарак і павёз іх у Пінскі райкам камсамола, каб выключыць з арганізацыі, бо яны ўнёскі ўжо год не плацілі.

Першы сакратар райкама ледзь прытомнасць не страціў, калі ўбачыў гэтую карціну: «Едзьце хутчэй дахаты, пакуль з райкама партыі ніхто не ўбачыў. Потым выключыш іх, па адным».

— Дык вы былі прынцыповым нават у 17 гадоў?

— Мабыць, так. Наша камсамольская арганізацыя была лепшай у вобласці. Напрыклад, едзем гуляць у футбол з суседнім калгасам. Хлопцам што трэба? Каб у машыне стаяла хаця б дзве скрыні віна, па 12 бутэлек у кожнай. Каб потым перамогу адзначыць. Іду да старшыні калгаса, якім у той час быў былы дырэктар школы, дзе я вучыўся. Кажу: Мікалай Васільевіч, трэба нейкую капейчыну. Ён мне прапануе рублёў 50. Я яму — 150. Пачынаем таргавацца, сыходзімся на сотні. Усе задаволеныя. Збіраю хлопцаў, гуляем ад душы ў футбол, выйграем ці прайграем — не надта і важна. Потым у лес, святкуем. Вечарам — у клуб, і да раніцы танчым.

У той час на мяне нават хацелі завесці крымінальную справу. Неяк пракладалі ў нас высакавольтную лінію, навезлі слупоў, раскідалі па вёсках. А мы зрабілі вялізную танцпляцоўку, трэба было святло да яе падвесці.

Дык мы з хлопцамі ноччу пазбіралі па суседніх вёсках гэтыя слупы, да раніцы іх укапалі, а на вечар замовілі аркестр з Пінска на ўрачыстае адкрыццё пляцоўкі.

Участковы паабураўся, але выкопваць тыя слупы ніхто не стаў.

Рознае было. Студэнтам год пражыў у інтэрнаце пад прозвішчам Віктара Навуменкі, сына Івана Навуменкі. Нас у пакоі было шэсць чалавек, у тым ліку будучы знакаміты журналіст Толя Кудраўцаў. Ён быў з нейкай смаленскай глыбінкі, але паводзіў сябе гэтак, быццам выйшаў з князёў ці з каралеўскай сям’і. На чацвёртым курсе ён прапанаваў: «Хлопцы, навошта нам дзяжурыць па прыбіральнях, калі мы можам наняць бабку з бюро паслуг? Няхай яна тыдзень аддзяжурыць». Нанялі. На трэці дзень нас выклікаюць да прарэктара, тады ім быў Герой Савецкага Саюза Кірсанаў. Шыбуем да яго і бачым: у кабінеце стаіць вялізная скураная трафейная канапа. Кудраўцаў заходзіць і на гэтую канапу — хлёп! Прарэктар раззлаваўся страшэнна: «Хто вам дазволіў?!» А Толя яму ў адказ: «Любы культурны чалавек спачатку запрашае сесці».

Пасля чаго, зразумела, з намі ўжо размаўляць не сталі, мы куляй вылецелі ў калідор. А пакуль мы вярталіся ў інтэрнат, дык нас ужо паводле загаду ўсіх адтуль выселілі. Мне пашанцавала, што сын Івана Навуменкі ад першага шлюбу, Віктар, які вучыўся на фізфаку, якраз ажаніўся і пайшоў з жонкай на прыватную кватэру. А я папрасіўся пажыць па яго дакументах. Мы былі з ім кволыя, таму пад выглядам фізіка я пражыў у інтэрнаце цэлы год.

«Лукашэнка абяцаў прыехаць з самагонкай»

— Вам давялося шмат дзе папрацаваць. Якая рэдакцыя зараз успамінаецца часцей за ўсё?

— «Советская Белоруссия». Які там быў рэдактар! І як мне сёння яго нестае! А «Народная газета»… Пэўны час мы мелі памяшканне ў Доме ўрада. Гэта была адзіная рэдакцыя за ўсю гісторыю беларускай журналістыкі, якая рабіла газету ў Доме ўрада. Чаму там? Таму што нас хацеў «прылашчыць» хітры Вячаслаў Францавіч Кебіч. Ён думаў, што я як дэпутат стану больш мяккі і як рэдактар буду на вачах. Мой пакой быў той самы, у якім раней сядзеў Шушкевіч. Журналісты займалі таксама добрыя кабінеты. Валера Драздоў, які вёў тэматыку ўрада, атрымаў кабінет у тым крыле, дзе ўрад і знаходзіўся.

А ў Драздова была звычка днём выпіць і паспаць. Дык ягоны храп тады разносіўся на ўвесь Дом урада. Прыбягаюць да мяне чыноўнікі: «Там ваш хлопец так храпіць! Зрабіце што‑небудзь».

Адчыняю кабінет — на белай канапе спіць Драздоў.

Чаго толькі ні было! Ладзілі «пікнікі» на працы з салам і бульбай. Галоўнае было пранесці міма вахты чыгуны. Ну як можна было не адзначыць першы нумар 16‑палоснай вялікай газеты? У той час гэта была ці не рэвалюцыя.

— А ці памятаеце сваю першую сустрэчу з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам?

— Гэта было яшчэ да «Народнай газеты», я тады працаваў у «СБ» намеснікам рэдактара. Раздаецца званок другога сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Мікалая Ігрунова: «Ты ведаеш, што мы адкапалі самародка? Першы сакратар ЦК Сакалоў і сакратар па сельскай гаспадарцы Дземянцей патэлефанавалі толькі што са Шклоўшчыны. Едзь і ты як былы аграрнік у саўгас «Гарадзец». Там дырэктар Аляксандр Лукашэнка выводзіць сельскую гаспадарку Беларусі на шырокі прастор — укараняе метад гаспадарчага разліку». Само па сабе гэта было новым, але яны тады галоўнага не зразумелі: калі застаецца саўгас, а гэта нічэйная ўласнасць, ты хоць сто розных схем прыдумай, аднак яны не будуць працаваць.

Мы паехалі з фотакорам Аляксандрам Шаблюком у Шклоў. Гэта быў 1988 год. Акрамя нас у раён прыехала яшчэ цэкоўская група, каб таксама напісаць пра перадавы вопыт. Я прапанаваў Аляксандру Рыгоравічу: няхай фотакарэспандэнт зробіць добры панарамны здымак, а матэрыял мы напішам, калі пазнаёмімся з цэкоўскай даведкай. З

дымак, дарэчы, добры атрымаўся: стаіць шмат народу, а наперадзе, як малады Ленін, правадыр Аляксандр Рыгоравіч.

Мы яго на ўсе восем слупкоў на першай паласе газеты і паставілі. А як працяг — публікацыю Лукашэнкі. Ён прыязджаў яе вычытваць, падхапіў мяне пад рукі, радасны. Шчырую падзяку рэдактару таксама выказаў. Сказаў, што «ў наступны Гермянчук, раз, хлопцы, прыеду з бутэлькай самагонкі». Але не прывёз.

А калі ён здымаў мяне з пасады, дык тлумачыў майму калектыву, што, маўляў, «хачу выратаваць Сярэдзіча, бо гэта той чалавек, які адыграў у маім лёсе значную ролю. Але я павінен яго выратаваць, таму што ён апынуўся ў палоне пазнякоўцаў, БНФ і іншых».

— А ўсё ж такі за што здымаў?

— Адчуваў, што на свой бок мяне не перацягне. Увечары раздаўся тэлефонны званок: «Вас беспокоит адъютант президента Республики Беларусь. Президент приглашает вас завтра в 8 часов утра на встречу». Я адразу зразумеў, што гэта будзе апошняя размова. Я патэлефанаваў Мечыславу Грыбу з прапановай на 7 гадзін раніцы склікаць прэзідыум Вярхоўнага Савета, каб выпрацаваць пэўную тактыку, абараніць мяне як рэдактара. Я да таго не раз на прапанову пакінуць крэсла рэдактара «Народнай газеты» адказваў прэзідэнту, што на пасаду мяне прызначыў Вярхоўны Савет, яму мяне і звальняць. Але Грыб са сну так і не спадобіўся на такі кардынальны крок. Словам, я пайшоў раніцай да Лукашэнкі. А ён трымае дзве паперы: адну з указам аб маім вызваленні ад пасады, а другую — чыстую.

Я фактычна мог сам выбіраць сабе любую іншую пасаду. Але сысці з рэдактарства?! Я адмовіўся, і Лукашэнка адкінуў чысты ліст, і тут жа ўказ падпісаў, быццам «Народная газета» расколвае грамадства… Я выйшаў, патэлефанаваў Грыбу, сказаў, што ў іх больш няма рэдактара, а хутка не будзе і газеты. Так і адбылося.

— Іосіф Паўлавіч, вы ж разумееце, што сёння прэзідэнт, калі б толькі захацеў, лёгка прыхлопнуў бы і «Народную Волю». Чаму не робяць гэтага?

— Сёння кожны разумны чыноўнік павінен быць мне ўдзячны ў тысячу разоў болей, чым любому майму калегу з дзяржаўнай газеты. Незалежныя сродкі масавай інфармацыі — гэта для іх глыток свежага паветра. Мы многім расплюшчваем вочы. Разумныя чыноўнікі моляцца сёння на «Народную Волю» і на таго ж Сярэдзіча. Мы што, ворагі сваёй краіны? Мы што, хочам горш зрабіць?

Калі б заўтра «Народная Воля» выйшла тыражом 700 тысяч, нам было б, зразумела, цяжэй. З такім тыражом мы б расплюшчылі вочы не толькі чыноўнікам, але і таму электарату, якому даўным‑даўно начапілі ружовыя акуляры. Але ж такім тыражом нам ніхто не дасць выйсці, бо любая ўлада баіцца згубіць сваё месца. Я так лічу: гісторыя пакарае сённяшнюю ўладу не за спазненне з нейкімі рэформамі, а за расчалавечванне чалавека. За тое, што яны перакрылі кісларод незалежным сродкам масавай інфармацыі, свабоднаму слову. Савецкая прапаганда ў параўнанні з сённяшняй і блізка не стаяла. Я ж памятаю, якой была газета «СБ» у савецкі час і што такое «СБ» сёння, якім было тэлебачанне Генадзя Бураўкіна і што такое тэлебачанне Зімоўскага. Раней у аснове дзейнасці журналістаў усё ж такі ляжала творчасць. Ідэалогія прысутнічала, але не такім актыўным чынам. А сёння ідэалагічныя «танкі» проста напралом пруць!

— Ці падтрымліваеце стасункі са сваімі калегамі з дзяржаўных СМІ? З сённяшнім галоўным рэдактарам «Советской Белоруссии» Паўлам Ізотавічам Якубовічам, напрыклад?

— Апошнія два гады амаль не падтрымліваем, бо зразумелі: я не магу перацягнуць яго ў сваю «веру», а ён мяне — у сваю. Але ж некалькі хвілін таму ён патэлефанаваў мне і павіншаваў з юбілеем.

— Чаго, на ваш погляд, не хапае сучасным ма‑ладым журналістам?

— Мне хацелася б, каб больш самаахвярнасці было ў журналістыцы. Хоць мяне за гэта маладыя журналісты і крытыкуюць, гавораць, што «Народная Воля» з гэтай самаахвярнасцю падобная да газеты «Правда» 1950‑х гадоў, а не да сучаснага друкаванага выдання, якое павінна толькі інфармаваць, а не ўвязвацца ў вайну з уладай.

— А вы не згодны?

— Згодны. Тэарэтычна ўсё слушна. Але ж трэба ўлічваць, што сёння людзі не атрымліваюць інфармацыю з дзяржаўных СМІ, яны атрымліваюць толькі прапаганду. Значыць, павінна быць нейкая альтэрнатыва той жа «Советской Белоруссии».

Тут мы павінны прайсці пэўны асветніцкі этап. Увогуле, добра ўжо тое, што «Народная Воля» выжыла ў той час, як іншыя выданні зніклі. Нам споўніцца 15 гадоў. За гэты час мы тройчы былі ў эміграцыі — два разы ў Літве, і не па месяцы, а па пары гадоў. Больш як тры гады друкаваліся ў Смаленску. Ёсць у нас нумар газеты, які прайшоў палон і дзе былі надрукаваны ўсе выступленні Казуліна. Нумар арыштавалі на мяжы, калі мы яго везлі са Смаленска, пратрымалі ў Віцебску два гады, а потым міліцэйскае начальства само з Віцебска прыцягнула гэтыя 300 тысяч экзэмпляраў у нашу мінскую рэдакцыю.

— Вам двухмоўе ў газеце не замінае?

— На жаль, сёння перайсці ў адзін момант толькі на беларускую мову — гэта, як ні прыкра казаць, азначае страціць частку чытачоў. Пераходзіць цалкам на расейскую мову таксама не будзем, бо згубім нацыянальную ідэю. Мову трэба захаваць. І газету неабходна захаваць. Таму на нашых старонках пакуль дзве мовы.

«Як мужчына я адбыўся»

— Іосіф Паўлавіч, мы так падрабязна пагаварылі пра вашы кватэрныя подзвігі дзеля іншых. А як пачуваецеся самі?

— Дык мне няма чаго хаваць. Я сваю кватэру атрымаў, калі працаваў яшчэ ў «Советской Белоруссии». Разам з Мясніковічам атрымлівалі. Кватэрка была не самая горшая, чатырохпакаёвая, на Старавіленскім тракце. А калі сын ажаніўся і на адной кухні пачалі дзве жанчыны таўчыся, пайшоў параіцца да Ярмошына, які тады быў намеснікам мэра Мінска, як бы гэта вырашыць праблему з набыццём асобнай кватэры. У той час горад якраз пачынаў прадаваць жытло. Ярмошын мне параіў уступіць у кааператыў і будавацца. Вярнуўся дахаты, расказаў жонцы, мы пайшлі з шапкай па сваяках, назбіралі, колькі не хапала. І пабудавалі двухпакаёвую кватэру ў раёне Вяснянкі, яна тады каштавала тысяч шэсць.

Сын з сям’ёй пераехаў туды. А я хутка зазбіраўся за горад.

Гэта мяне Якубовіч падбіў.

Ён да мяне яшчэ ў 1992 годзе прыбег, мы тады разам працавалі ў «Народнай газеце»: «Юзаф, Тарасава разбіраюць!» А я нават не ведаў, дзе гэта. Якубовіч патлумачыў: ад горада блізка, роза вятроў добрая. Трэба папрасіць, каб для «Народнай газеты» далі пару ўчасткаў. Я хуценька напісаў ліст, і нам з Якубовічам далі па ўчастку на гары. Праходзіць паўгода, я туды прывожу якіх пяць блокаў, а Якубовіч ужо пачаў будаўніцтва. Зіма будоўлю замарозіла. Вясной кажу: «Паша, ты чаго не з’яўляешся дом будаваць?» Аказалася, ён ужо прадаў гэты ўчастак і купіў дом сярод хвояў пад Ждановічамі, побач з генераламі. А я не спалохаўся цяжкасцей і ўсё ж такі пабудаваў на гары дом з бярвенняў. І пераехаў жыць туды. Дзесяць гадоў ужо як вясковы жыхар. І гэтак здарылася, што пасля пяцідзесяці мне давялося займацца яшчэ адным будаўніцтвам — будаваць новую сям’ю.

— Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну?

— Не, зусім не так. Калі б мне хто сказаў, што пасля 50 у мяне будзе новая сям’я, цудоўная дачка, якой сёння ўжо шэсць гадоў, я б не паверыў. Злом, гістарычны злом! Вось што такое жыць на гістарычным зломе!

Жонка, калі даведалася пра гэты ўчастак, адразу заявіла: «Ты дурань. Навошта табе гэты ўчастак? Я ў вёску не паеду». А я будаваў не катэдж, а звычайную беларускую хату. Заказаў зруб на Палессі, прывёз сюды, сабраў.

І ўсе гэтыя гады, пакуль я хадзіў з сякерай вакол таго дома, Света, першая жонка, казала, што не паедзе. Я думаў, што гэта — абы гаварыць… А яна пайшла на прынцып. І вось набліжаецца маё 50‑годдзе, я збіраюся трывала перабрацца ў вёску і пытаюся: «Хто едзе са мной?»

Сын і нявестка гавораць, што дзеці маленькія, у горадзе ім лепей — паліклініка, садок, школа. А жонка зноў: «Не паеду!»

Прайшоў час. Я ўжо там свой юбілей адзначыў, наваселле зрабіў. І ў рэшце рэшт даў жонцы час на пераезд. Я тады Якубовіча не раз узгадваў: мяне падбіў, сам збег, а ў мяне цяпер разбураецца сям’я праз гэтае перасяленне.

Прайшло з паўгода. Света так і не пераехала…

А я сустрэў дзяўчыну, Наташу. У яе сям’і не было. Сябры нас пазнаёмілі. Яна маладзейшая за мяне на 15 гадоў. Я ўсё пазіраў на яе: прыгожанькая, добрая.

І калі я ўжо атрымаў права быць свабодным ад першага шлюбу, тады спытаў у яе: «Наташа, ты не супраць, калі мы пабудуем з табой новую сям’ю?» Яна згадзілася. А тут праз тыдзень прыязджае мая першая жонка з усімі манаткамі: «Я буду тут жыць». А я ж ужо паабяцаў Наташы, і яна ўжо займаецца ўладкаваннем хаты. Што рабіць? Адмовіцца — ты сволач. Адмовіць першай жонцы — у яе вачах таксама сволач. Я сказаў: «Света, хто перашкаджаў табе пераехаць да мяне паўгода таму? Цяпер я перад табой не нясу ніякай маральнай адказнасці. Мы выхавалі сына, больш дзяцей няма. Ты дарослы чалавек, у цябе ёсць ква

тэра. Усё, я падаю на развод, таму што даў слова іншаму чалавеку». Тыдзень быў вэрхал. Ох і цяжка было! Гэта сёння ўсё ўладкавалася, і я задаволены, што менавіта гэтак усё здарылася. І мы сустракаемся сёння цывілізавана, ціха. На душы ў кожнага сваё, але ж усё прыстойна.

— Дачку не страшна было нараджаць у такім узросце?

— Ну, 50 з лішнім гадоў — гэта ж яшчэ не канец жыцця. Мая задача — паставіць дачку на ногі. Яшчэ дзесяць гадоў — і яна амаль дарослы чалавек. А калі маці маладзейшая, то будзе яшчэ падтрымкай і для маці. Часам бывае, што нельга даць дзіцяці і за сорак гадоў сумеснага жыцця тое, што можна даць за тыя ж 15—20 гадоў. Думаю, Бог дасць мне яшчэ пажыць. Я задаволены, што сёння як мужчына адбыўся, таму што ёсць сын і ёсць дачка, ёсць дом і ёсць сад, ёсць жонка і ёсць газета.

— Чым жонка займаецца?

— Яна займаецца выхаваннем дачкі. І вырашыла атрымаць другую адукацыю, толькі што закончыла наргас.

— А сын вас не асудзіў?

— Не. У нас усё адкрыта было, Руслан ведаў сітуацыю. Ён, дарэчы, прадаў нашу чатырохпакаёвую кватэру і купіў недабудаваны катэдж у Тарасаве. Недалёка ад нас жыве.

«Сярэдзіч усё жыццё прызямляецца на лапкі»

— Іосіф Паўлавіч, даўно хацела вас спытаць пра гісторыю з Пэзяй Чіздэрясам. Гэта праўда ці легенда?

— Першы раз чую! Раскажы! Цікава паслухаць.

— Размова пра ваш першы матэрыял у раённай газеце. Ходзіць такая легенда, што вы ўсё думалі, як яго падпісаць: Іосіф Сярэдзіч? Язэп Сярэдзіч? Падпісалі: «Язэп Сярэдзіч». А лінатыпістка набрала наадварот. І выйшла ў газеце — Пэзя Чіздэряс.

— Во даюць! Хто ж гэта склаў такую легенду? Я так разумею, той, хто хоча нацкаваць шчырых беларусаў на «яўрэя» Сярэдзіча. Але ж Язэп Сярэдзіч ніколі яўрэем па нацыянальнасці не быў. Я палескі хлопец. Вось ад таго, што журналіст Сярэдзіч, калі спатрэбіцца, можа дзесяць яўрэяў ашукаць, не адмаўляюся. Гэта прыродны дар. Кажуць, пацука як ні кідай у сцену, ён усё адно на лапкі прызямліцца. Так і Сярэдзіч усё жыццё прызямляецца на лапкі.

— На пенсію не збіраецеся?

— Якая пенсія?! Пакуль я жывы, ніхто не адбярэ ў мяне права працаваць. Не буду я газету выдаваць — сад падыму. Не будзе саду — яшчэ адзін дом пабудую. Не пабудую дом — дзіця нараджу.

— Няўжо не стаміліся?

— Стаміўся. І калі б змянілася сітуацыя, з задавальненнем перадаў бы газету ў надзейныя рукі. Але каб я быў упэўнены, што яе не прыхлопнуць. Нельга дапусціць, каб пацярпелі людзі, калектыў.

«Народная Воля» і так выжывае насуперак «здароваму» сэнсу. У такой сітуацыі, як казалі замежныя калегі, не выжываюць. Мабыць, мы насамрэч жывем і працуем насуперак шматлікім цяжкасцям і перашкодам.


Размаўляла Наталля Крывец, Абажур

←Туристы из Германии, России и Англии чаще других ездят отдыхать в Турцию

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика