Сумленне Расіі

Источник материала:  
22.06.2010 21:43 — Разное
Над прыродай і мэтамі цяперашняга газавага канфлікту разважае ў выданьні «Газета» рэдактар часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдар Лук’янаў.

Чарговы канфлікт Масквы і Менска нікога не зьдзіўляе, бо ад «саюзнай братэрства» даўно не засталося і сьледу. Але цяперашняе супрацьстаяньне не падобна на папярэднія раўнды. Зьмяніўся агульны кантэкст, што паўплывала і на лёгіку паводзінаў бакоў.

Адрозьненьне расейска-беларускіх сувязяў ад стасункаў Расеі з іншымі суседзямі палягала ў тым, што яны грунтаваліся на эканамічным падмурку. Гэта можа здацца парадоксам, бо Масква і Менск з канца 1990-х гадоў былі як раз у палітычным саюзе і практычна заўсёды займалі ідэнтычныя пазыцыі па пытаньнях зьнешняй і ўнутранай палітыкі. Але гэты альянс меў пераважна дэкляратыўны характар. Затое дзякуючы наяўнасьці саюзнай дзяржавы палітычныя супярэчнасьці фармальна былі зьнятыя і не патрабавалі спэцыяльнага ўрэгуляваньня, у тым ліку з дапамогай эканамічных рычагоў узьдзеяньня (як гэта мела месца ў выпадках, напрыклад, Украіны, Малдовы, Грузіі, краін Балтыі).

У двухбаковых канфліктаў нулявых гадоў, часам вельмі вострых, сутнасьць была заўсёды адна — спробы канвэртаваць палітычнае сяброўства ў эканамічныя дывідэнды. З боку Расеі гаворка ішла аб набыцьці беларускіх актываў, неабходных для аднаўленьня яшчэ савецкіх вытворчых ланцугоў, з боку Беларусі — аб забесьпячэньні максымальнага субсыдаваньня нацыянальнай эканомікі з боку Масквы. І хоць зьнешне транзытныя сутыкненьня Расіі і Беларусі нагадвалі падобны расейска-украінскі сцэнар, палітычнага прысмаку, уласьцівага апошняму, яны не мелі.

Зараз адносіны набылі характар палітычнага супрацьстаяньня.

Аляксандр Лукашэнка адкрыта выступіў супраць Крамля ў вострым і вельмі небясьпечным крызісе — пераварот у Кіргізстане і падзеі, якія адбыліся ў гэтай краіне потым. Падтрымаўшы Курманбека Бакіева, даўшы яму трыбуну СНД (экс-прэзыдэнт выступае ў менскай штаб-кватэры гэтай арганізацыі) і фактычна абвінаваціўшы Маскву ў падтрымцы скіданьня легітымнага кіраўніка дзяржавы, беларускі лідэр паставіў пад сумнеў права Расеі на постсавецкае лідэрства. Прычым адбываецца гэта ў момант, калі для такога лідэрства ўзьніклі аб’ектыўныя перадумовы. Астатнія суб’екты вялікай сусьветнай палітыкі пагружаная ва ўласныя праблемы, і, па сутнасьці, не пярэчаць таму, каб з праблемамі на тэрыторыі былога СССР, якія ўсім надакучылі, разьбіралася Масква.

У папярэднія гады ўсё сілы — інтэлектуальныя, палітыка-дыпляматычныя, эканамічныя аж да вайсковых — былі накіраваныя на тое, каб даказаць зьнешнім гульцам на Захадзе права Масквы на пераважны ўплыў у гэтай частцы плянэты. Курс атрымаў посьпех, збольшага з-за наступстваў сусьветнага крызісу, але тым не менш. І тут высьветлілася, што прадуманага пляну аднаўленьня лідэрства няма. А Лукашэнка самастойна ўзяў на сябе ролю гэткага «сумленьня Расеі», ўвесь час закідаючы Маскве непасьлядоўнасьць і супярэчлівасьць яе палітыкі.

Непрызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі — напамін аб ранейшай пазыцыі Расеі адносна Косава, ад якой Масква адмовілася у грузінскім выпадку. Абарона Бакіева — акцэнтаваньне таго, што ў часовага ўрада, падтрыманага Расеяй, адсутнічае прававая база, усё, што ён робіць, строга кажучы, незаконна, а Масква дзеліць адказнасьць за беззаконьне. Адмова далучыцца да Мытнага саюзу — падкрэсьліваньне нераўнапраўнага характару інтэграцыі, пры якой самы моцны партнэр робіць занадта мала крокаў насустрач больш слабым. Нарэшце, газавы канфлікт — выкрыцьцё падвойных стандартаў Расеі, якая ідзе на саступкі Кіеву, які ні ў якія аб’яднаньні з Масквой не ўваходзіць, але робіць больш жорсткім падыход да Менска, фармальна — бліжэйшага саюзьніка.

Усё гэта Лукашэнка кажа публічна, з уласьцівым яму талентам і пераканаўчасьцю, а таксама вельмі вольна жангліруючы фактамі. Прэзыдэнт Беларусі, ясная рэч, дбае не за закон і справядлівасьць, ўвогуле, ён выбудоўвае самастойную лінію абароны супраць расейскага напору, павышаючы стаўкі на выпадак «вялікай зьдзелкі».

Самастойная лінія патрэбна, таму што разьлічваць на падтрымку Эўропы, да якой звычайна апэлююць апанэнты Расеі на постсавецкай прасторы, яму не даводзіцца. І справа не ў тым, што Захад не задавальняе аўтарытарная практыка «бацькі», на гэта вочы б заплюшчылі. Уласна, Эўразвяз пачаў відавочна «цяплець» да Менску яшчэ да расейска-грузінскай вайны, а пасьля жніўні 2008 г. працэс паскорыўся. Але эканамічны, а потым і палітычны крызіс Эўрапейскага саюза зьвёў яго актыўнасьць на постсавецкай прасторы да мінімуму, Брусэлю і сталіцам вядучых дзяржаў відавочна не да таго. Беларусь, вядома, пастараецца рэанімаваць эўрапейскую фобію з нагоды расейскага энэргетычнага імперыялізму, але рэзананс не будзе супастаўны з папярэднімі «газавымі войнамі». Да таго ж, аб’ёмы транзыту празь Беларусь у разы менш, чым праз Украіну, на двары лета, а Эўропе больш за ўсё хацелася б, каб яе не адцягвалі ад бітвы за еўра.

Менск гэта, верагодна, разумее, так што мае намер абапірацца на свае сілы. На руках у Лукашэнкі ёсьць козыры. Акрамя Мытнага саюза, які застаецца ключавым прыярытэтам Масквы, да іх дабавілася і АДКБ. Гэтая арганізацыя неабходная Расеі для легітымацыі магчымых дзеяньняў у Кіргізстане, а Беларусь цалкам здольная накласьці вэта. Тым больш што пазыцыя Лукашэнкі па Бакіеву (нельга мяняць статус-кво) знаходзіць калі не падтрымку, то негалоснае разуменьне калегаў — Іслама Карымава, Эмамалі Рахмона і Нурсултана Назарбаева. Усе яны ў той ці іншай ступені асьцерагаюцца таго, што калі Расеі дазволіць умешвацца ва ўнутраныя справы, то рана ці позна гэта закране іх.

Для Масквы канфлікт з Мінскам на гэты раз таксама ў першую чаргу палітычнае. Інтэграцыйныя праекты — стварэньне Мытнага саюза, умацаваньне АДКБ — гэта спроба Расеі выкарыстаць сусьветную кан’юнктуру і адсутнасьць цікавасьці іншых гульцоў, каб спыніць экспансію іншых цэнтраў сілы (ЭЗ, Кітай, ЗША) на постсавецкую прастору. Як ні дзіўна, менавіта Беларусь ператварылася ў галоўную перашкоду на шляху рэалізацыі гэтай мэты, асабліва таму што Лукашэнка немагчыма назваць ні чыёйсьці марыянэткай, ні агалцелым русафобам.

Адносіны Расіі і Беларусі зараз на ростанях. Невыпадкова амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што ў выпадку адмовы Менска далучыцца да Мытнага саюзу Масква можа вярнуць на мяжу паміж дзьвюма краінамі поўны мытны кантроль. Гэта лягічна. Праект Саюзнай дзяржавы ў тым выглядзе, у якім яго калісьці задумвалі Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка, сябе цалкам вычарпаў. Далей павінна адбыцца якаснае зьмяненьне. Альбо гэта пачатак сапраўднай паэтапнай інтэграцыі, што прадугледжвае праект Мытнага саюза. Альбо вяртаньне да цалкам аўтаномнага існаваньня з татальным пераразьлікам (пастаўкі, транзыт, мыты, рынкі, аплата ваенных аб’ектаў і г.д.).

Зрэшты, другі варыянт будзе для Расеі палітычных паразай, паколькі прадэманструе няздольнасьць пераканаць нават самага блізкага саюзьніка ў карысьці каапэрацыі.

Цяперашняе супрацьстаяньне Масквы і Мінска — вайна нэрваў. Расеі трэба у што бы то ні стала даказаць, што яна здольная пераадолець любую фронду і дамагацца пастаўленых мэтаў. Беларусі — замацаваць статус прывілеяванага партнэра, зь якім трэба дамаўляцца сур’ёзна і з поўнай да яго павагай. Гульня ў вочкі працягваецца.


Пераклад радыё «Свабода»; скарочана

←Сидорский и Миллер по телефону обсудили пути урегулирования газового спора

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика