Справа для дамскіх пальчыкаў + фота
Настаўнік працы па адукацыі Алена Бараўцова (на фота ў цэнтры) прыйшла ў Гарадоцкі Дом рамёстваў шаснаццаць гадоў таму і вырашыла аднавіць колішнюю, амаль згубленую традыцыю стварэння глінянага посуду. Яна адшукала даўнейшых майстроў працы з глінай і пераняла ад іх сакрэты ляпіць і абпальваць гладышы, місы, спарышы, макітры. Майстры былі яшчэ з даваенных ганчарных дынастый і не забылі, як з кавалка гліны можна атрымаць патрэбную і практычную ў гаспадарцы рэч. Алена засвоіла ад іх тэхніку загартоўкі керамікі дымленнем і абварваннем, а ганчарны круг цяпер бездакорна дапамагае яе таленавітым рукам у стварэнні формаў.
Хоць шмат гадоў Алена Бараўцова ўзначальвае Гарадоцкі Дом рамёстваў, ганчарства не перастала быць яе захапленнем. Дарэчы, гэтая культурная ўстанова не раз прызнавалася лепшай у краіне, а ў 2007 годзе калектыў Дома рамёстваў за адраджэнне сваіх уласных традыцый атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта.
— Я заўсёды глядзела на ганчарства з узрушэннем, — кажа Алена Міхайлаўна, пачынаючы выводзіць на ганчарным крузе тонкасценны сувенірны збаночак. — Гэтае захапленне стала для мене не толькі любімым, але і справай гонару — адрадзіць наноў шматвяковую традыцыю.
Цяпер побач з Аленай ганчарны круг круціць і Ірына Шалаева (на фотаздымку). Яна, як і Алена Бараўцова, не лічыць, што ганчарства і кераміка — толькі мужчынскія абавязкі. Гэтак лічыць і яшчэ адзін кераміст цэнтра — Алена Архіпава. Нашчадкі колішніх майстроў у Гарадку ў асобах гэтых абаяльных жанчын імкнуцца да сваіх сапраўдных вытокаў, высока трымаючы планку народнага мастацтва. Не чакаючы, калі яго нарэшце пяроймуць моцныя мужчынскія рукі.
Анатоль Кляшчук, Звязда. Фота аўтара.
І ў працяг тэмы
І ў працяг тэмы
Сёння ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна — гэта поўдзень Беларусі і ў супрацьлеглым баку ад Гарадка, пачынаецца Другі міжнародны пленэр ганчароў. Ён будзе доўжыцца да 5 ліпеня і чакаецца, што ў ім прымуць удзел майстры з Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі, Германіі і Даніі. Вядома, не абыдзецца без сваіх утаймавальнікаў гліны і агню, толькі адных гараднянскіх будзе з дзясятак. Палескі фэст канстатуе жывую цікавасць і вяртанне да рамяства, якое існуе ад часоў з’яўлення на зямлі чалавека. Верагодней за ўсё менавіта ганчары былі першымі майстрамі на зямлі. Значыць, першымі ў Гарадку і Гарадной.