Час назад №1: Як беларусы адзінага кандыдата абіралі
На бяду, як толькі нехта прапануе нейкі механізм аб’яднання, тут жа ўзнікне яшчэ пара‑тройка кандыдатаў, і як кажуць, гэта песня хараша, пачынай спачатку. Рэцэптаў кааліцыйнага будаўніцтва якіх толькі не прапаноўваецца, але як іх пачуеш, то і пачынаеш адчуваць, што даўно тут жывеш! Здаецца, гэтыя пытанні ўжо сто разоў паўставалі і адказы на іх шукалі! Дык чаму не ўзгадаць сваё нядаўняе мінулае і не ўзважыць , што ў ім працавала а што не? Гэтым і пачынаю на блогу BISS серыю нататак «Час назад,» у якіх паспрабую прааналізаваць дылемы сённяшняга палітычнага жыцця праз досвед нядаўняга мінулага. Думаю, узгадаць усім разам будзе вельмі карысна, а найкарысней — моладзі, для якой і дзесяць год — вечнасць.
Такім чынам…. Як жа беларусы адзінага кандыдата ад апазіцыі абіралі?У 2001 годзе апазіцыя запэўніла сябе і сваіх прыхільнікаў на Дзікім Захадзе што дэмакратыю выратуе «наменклатурны пераварот», а таму кандыдатам у прэзідэнты трэба вылучыць кагосьці, хто будзе нагадваць дзядзечку са славутага «андатравага запаведніку» ў цэнтры Мінска (з тоўстымі акулярамі і скуранай тэчкай у руках). Так паўстала першая «пяцёрка» (тады яшчэ без плюса). Тагачасныя АДС (каардынацыйная рада дэмсіл) вылучыла кандыдатамі Сямёна Домаша, Уладзіміра Ганчарыка і Міхаіла Чыгіра, шляхам самавылучэння дадаліся Павал Казлоўскі і Сяргей Калякін. Але паставіўшы на былых класавых ворагаў, апазіцыя зусім не паклапацілася пра механізм вылучэння адзінага, ды яго і не магло быць, калі кандыдатаў — не кантралюеш. Палітычныя партыі не неслі адказнасці за кандыдатаў і тыя ім ніяк не падпарадкоўваліся.
КРДС больш займаўся тым, каб выгнаць Міколу Статкевіча,(які адмовіўся байкатаваць папярэднія парламенцкія выбары) чым уласна кажучы выбарамі прэзідэнцкімі. Эксперты рабілі ціпа ацэнкі, хто з пяці найлепшы, здаецца перамог Ганчарык за кошт «сувязяў з Расіяй» і «сувязяў з наменклатурай» (Расію і наменклатуру канешне не спыталі).
А яшчэ ж па‑за пяцёркай якія былі кандыдаты! Сініцын! Марыніч! Наталля Машэрава, якая ўзварушыла ўсё палітычнае поле і якую вельмі хутка папрасілі «куды падалей»…Гэта вам не касманаўты і не талібы ў ружовых штоніках…. У такой кампаніі герояў учорашніх дзён без понтазакідацельства не абышлося. Дамовіцца, хто галоўны, было проста немагчыма — як былы кіраўнік адміністрацыі мог прызнаць, што ён ніжэй за былога міністра абароны? Але паколькі ніхто нічога путнага, каб вылучыць адзінага, так і не прыдумаў, то працэс аддалі на откуп самім кандыдатам
Збор подпісаў ішоў пад бравурныя прэсавыя рэлізы, некаторыя штабы (ў першую чаргу Сініцына) заяўлялі пра тое, што запаветныя 100.000 сабраныя ўжо ў сярэдзіне кампаніі… Самапіяр быў сродкам пераманьвання актывістаў з кампаніі ў кампанію, як і абяцанні «шчодра» заплаціць за сабраныя подпісы. У выніку, падпісныя лісты ператварыліся ў каштоўныя паперы, якія банальна прадаваліся і перадзіраліся. Перамовы пра вылучэнне адзінага ішлі паралельным працэсам і завяршыліся праз дзень пасля таго, як скончыўся збор подпісаў. Эх, калі б перамовы зацягнуліся на пару дзён…
Справа ў тым што ў пяцёрцы падтрымкай сваіх старых наменклатурных сяброў заручыўся Ўладзімір Ганчарык, якога і абвясцілі адзіным кандыдатам.Але праз два дні высветлілася, што больш за 100 тысяч подпісаў сабралі, акрамя традыцыйных Сашы і Сірожы, толькі два кандыдаты — Домаш і Ганчарык! То бок, «пяцёрка» згубіла сэнс, засталася двойка. Каманда Домаша, якая ад пачатку працавала, прымаючы як дадзенае, што менавіта іх кандыдат будзе адзіным, пачала пратэставаць і нават заклікаць свайго кандыдата працягваць барацьбу.
Але працягваць было немагчыма.
Усе рэсурсы Домаша былі «завязаны» на донараў, якія падпісаліся пад ідэю кандыдата і былі звязаны не з прэзідэнцкай кампаніяй, як такой, а з яе элементамі, заточанымі пад «югаслаўскі варыянт» — назіранне, мабілізацыя і г.д. Гэтыя элементы маглі працаваць і працавалі незалежна ад таго, хто будзе адзіным кандыдатам і ці будзе ён. Таму ўдзельнікі гэтага выбарчага «гарніру» зусім не збіраліся класціся касцьмі за Домаша — балазе што і на Ганчарыка напружвацца ім не асабліва было патрэбна.А што да саміх кандыдатаў, то пацвердзіць «дамовы 21 ліпеня» прымусіла цяжкая артылерыя — кааліцыя з тагачасных амбасадара ЗША ў Беларусі Майкла Козака і шэфа місіі АБСЕ Ханса‑Георга Віка, якія таксама паставілі на Ганчарыка акурат за яго больш важкія наменклатурныя рэгаліі. У якасці сінекуры Домашу прапанавалі скуру незабітага мядзведзя — пост прэм’ер‑міністра ва ўрадзе Ганчарыка (гы гы), з чым ён урэшце рэшт пагадзіўся.
Што далей? Далей было «аб’яднанне штабоў» Ганчарыка і Домаша, якое, здаецца, скончылася толькі за тры дні да выбараў,
адкрыты сабатаж кампаніі часткай каманды і схаваны — другой яе часткай (матэрыялы і ўлёткі прывозілі ў будынак прафсаюзаў на Мельнікайтэ праз тры дні пасля выбараў). Высветлілася, што такі расклад не задаволіў толькі тых, хто шчыра хацеў працаваць на перамогу, але такіх аказалася зусім не шмат.9 верасня, у дзень выбараў, на плошчу выйшлі толькі тыя, хто выходзіць на плошчу на аўтамаце.
У 2006 годзе палітычная сітуацыя была і падобная, і адрозная.Зноў апазіцыя спрабавала дзейнічаць па адаптаванаму сцэнару (на гэты раз — аранжавай рэвалюцыі), шанцы яе на перамогу былі яшчэ больш мізэрнымі (за плячамі краіны было пяць год імклівага эканамічнага росту і падвышэння рэальных даходаў), але вось улада, напалоханая каляровымі рэвалюцыямі, у кошкі‑мышкі гуляць ніяк не збіралася і наладзіла «мачылава» апазіцыі задоўга да выбараў.
Ва ўмовах жорсткага палітычнага прэсінгу прастора для байцоў‑адзіночак рэзка звужаецца, і таму кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду было вылучана няшмат. З іх выдзяляліся дзве постаці — Аляксандры Мілінкевіч і Казулін. Мілінкевіч прайшоў адбор праз сіта працэсу праймэрыз аб’яднаных дэмакратычных сілаў, зарганізаванага і праведзенага пад пільным вокам вядомых усім арганізацыяў (а хто не ведае — то і ладна), і заточанага акурат пад сцэнар каляровай рэвалюцыі. Працэс быў збольшага адкрыты і дэмакратычны але не без эксцэсаў — некаторыя кандыдаты актыўна «пладзілі існасці» малавядомых арганізацыяў, каб мець на праймэрыз і заключным кангрэсе больш галасоў, —
і калі на заключным раундзе Мілінкевіч перамог Анатоля Лябедзьку з розніцай толькі ў 8 галасоў, падставаў для скандалу было хоць адбаўляй. Але ж…Пачаць скандал значыць было сарваць працэс і цалкам адсекчы сябе ад рэсурсаў тых, хто ўвесь працэс прыдумаў.
Аляксандр Казулін у гэтым працэсе не ўдзельнічаў і крыніцы падтрымкі меў іншыя. Таму з ім у рэшце рэшт было дасягнутае джэнтльмэнскае пагадненне пра ненападзенне, а нефармальны дуэт з паважлівага Мілінкевіча і агрэсіўнага Казуліна працаваў пад час кампаніі нашмат больш цікава, чым «адзіны» інтэлігентны, але такі сумны Ганчарык. Плошча Каліноўскага, праўда, мела мала дачынення і да таго, і да іншага кандыдата.
Такім чынам, з папярэдніх дзвюх кампаніяў можна зрабіць агульныя высновы:Асноўная маса тых, хто заяўляе пра прэзідэнцкія амбіцыі, не маюць за душой ніякай, пардон за каламбур, амуніцыі. Сабраць больш за 100 тысяч подпісаў больш чым дзвюм камандам дэмакратаў не ўдавалася ніколі (лічы і 1994 год). Таму большасць з самавылучэнцаў не могуць проста разглядвацца суб’ектамі вядзення перамоваў.
Асноўныя перамовы па вылучэнні адзінага праходзяць не паміж самімі кандыдатамі, а паміж тымі, хто іх фінансуе. Стары жарт аўтара, кінуты аднаму польскаму журналісту ў 2003 г., што каб аб’яднаць апазіцыю, трэба стварыць кааліцыю донараў, застаецца актуальным. Але роля донараў у выбарчай кампаніі не толькі фінансавая — яны таксама прапаноўвалі ці бласлаўлялі сцэнар, па якім дзейнічала апазіцыя.
Не факт, што адзіны кандыдат, гэта лепш, чым два. Галоўная задача адзінага кандыдата — прадухіліць размыванне электарату, але калі галасы не лічаць, то больш важнымі прадстаўляюцца іншымі задачы, скажам, масавая мабілізацыя, з чым лепш даць рады могуць акурат некалькі кандыдатаў.
Не гвалтуйце людзей. Не хочуць яны галасаваць за кандыдата А — ніколі яны за яго не прагаласуюць нават у якасці адзінага. І дакладна не пойдуць за яго на плошчу.
Нарэшце, пры наяўнасці веры ў перамогу кандыдаты і хутчэй аб’ядноўваюцца, і калі ідуць поруч, то працуюць у звязцы, а не адзін супраць аднаго.
А што цяпер, у 2010 годзе? У прынцыпе, колькасць вылучаных і самавылучаных кандыдатаў у прэзідэнты пакуль што нашмат меншая, чым у 2001, але трошкі большы, чым у 2006. Адзінага донарскага сцэнару для апазіцыі зараз няма і наўрад ці будзе, а свайго, як заўжды, не прадбачыцца. Палітычная апазіцыя зменшылася ў памеры настолькі, што і двум кандыдатам будзе цяжка сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў. Сэнс ва ўсёй катавасіі па вылучэнні адзінага? На мой погляд — зэро. Дачакайцеся збору подпісаў, а потым — або зрабіце кааліцыю, або проста дамоўцеся, як будзеце працаваць разам.
Віталь Сіліцкі, belinstitute.eu