У Расонскім раёне прайшоў фестываль беларускага каня

Источник материала:  
07.06.2010 10:13 — Разное
У вёсцы Забор’е Расонскага раёна 5—6 чэрвеня прайшоў фестываль беларускага каня.

Як паведамілі ў аддзеле культуры Расонскага райвыканкама, такое мерапрыемства ў Беларусі арганізавана ўпершыню і гэтае свята з’яўляецца састаўной часткай традыцыйнага рэспубліканскага фестывалю сельскага турызму «Заборскі фэст», які праводзіцца з 2005 года.

На фестывалі можна было набыць каня і конную амуніцыю на спецыяльнай выставе‑продажы. Прайшлі таксама спаборніцтвы па трэйле — самым відовішчным спаборніцтве ў конным спорце, якое ўяўляе сабой праходжанне пэўнага маршруту з пераадоленнем размешчаных на ім перашкод. У праграме фестывалю былі таксама адукацыйныя семінары з удзелам спецыялістаў па конегадоўлі, розныя забаўляльныя мерапрыемствы: касцюмаваны парад коней, конкурсы, катанне конна.

Фестываль «Заборскі фэст» арганізатарамі якога выступаюць Расонскі райвыканкам і грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы», адбудзецца ў наступныя выхадныя, 12—13 чэрвеня.

У першы фестывальны дзень тураператары з Мінска, Віцебска і Полацка правядуць прэзентацыі турыстычных маршрутаў, удзельнікаў пазнаёмяць з лепшымі аграэкасядзібамі Расонскага раёна. Госці свята змогуць пакатацца на конях, наведаць кірмаш народных умельцаў, тэатралізаваны паказ, канцэрт самадзейных калектываў, паказ кінафільмаў на гістарычную тэматыку, канцэрт бардаўскай песні ля вогнішча, дыскатэку. Завершыцца «Заборскі фэст» святам рыбака на беразе возера Белае.


Таццяна Чабатарова, БелаПАН

←У цэнтры Цюрыха гадзіну лавілі збеглага слана

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика