Наступствы «супрацьусіхства»
Мы ўсе ведаем са школы, што палітыка — гэта мастацтва магчымага, але часта забываемся пра гэта, калі надыходзіць час рабіць сапраўдны выбар. Хай маім беларускім сябрам дапаможа свежы досвед Украіны.
Ніколі за апошнія 19 гадоў Украіна не была так блізка ад страты незалежнасці, як цяпер — праз 100 дзён пасля пятых прэзідэнцкіх выбараў.Падчас выбараў сітуацыя не выглядала фатальнай, і шанцы праеўрапейскай Юліі Цімашэнка выглядалі нават большымі за шанцы Януковіча. Многія выбаршчыкі бачылі яе слабыя месцы, але схіляліся да падтрымкі Цімашэнка як «меншага зла», асабліва пасля яе заявы пра тое, што яна будзе дамагацца поўнай энергетычнай незалежнасці Украіны.
Але частка апазіцыі заклікала байкатаваць выбары, а другая — галасаваць супраць усіх. Маўляў, абодва кандыдаты далёкія ад нацыянальнага ідэалу. І хоць праваслаўны і грэка‑каталіцкі патрыярхі перасцерагалі ад гэтага, у 2‑м туры больш за 4% выбаршчыкаў прагаласавалі «супраць усіх», а Януковіч набраў на 3% галасоў больш за Цімашэнка.
Вось так «супрацьусіхі» разам з выбаршчыкамі‑»абстынентамі» дапамаглі Януковічу перамагчы.І цяпер ім застаецца хіба што лічыць, колькі гадоў ім будзе ў 2042 — да гэтага часу ва ўкраінскім Севастопалі будуць стаяць расійскія баявыя караблі.
Віталій Панамароў, Кіеў