Ачагі сібірскай язвы
Тэрыторыі жывёльных могільнікаў паблізу нашых паселішчаў – небяспечная зона, адкуль можа распаўзціся зараза сібірскай язвы. (Архіўны матэрыял. Дата публікацыі ў “РГ” – 16 лістапада 2001 года).
На карце паказаныя, у асноўным, пункты пахавання жывёлы, што здохла ад сібірскай язвы. Зразумела, што ў большасці выпадкаў жывёльныя могільнікі знаходзяццаа за межамі гэтых населеных пунктаў. Часта побач, нярэдка – за адзін-два кіламетры ад бліжэйшага паселішча. Ёсць і такія (Краснае), што месцяцца ў самім паселішчы. Хутар Мазулёўшчына трапіў на нашу карту не таму, што тут ёсць жывёльны могільнік, а з прычыны факту захворвання. Сама ж жывёліна была забітая на бойні ў Івянцы.
У мінулым ад халеры, чумы, воспы, жоўтай ліхаманкі гінулі гарады, захворванні распаўсюджваліся на цэлы кантынент. Цяпер воспа ліквідаваная, жоўтая ліхаманка – захворванне, пераважна, краін Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Аднак халера і чума ў краінах СНД рэгіструюцца штогод.
Нягледзячы на адлегласці, гэта выклікае заклапочанасць і медработнікаў нашай рэспублікі, бо пры сучасных транспартных сувязях інфекцыя пераадольвае ўсе межы, і нельга выключыць магчымасць прыезду хворага чалавека ў нашую дзяржаву. Дзейсны кантроль на межах і насцярожанасць урачоў адыгрываюць вырашальную ролю ў недапушчэнні завозу і распаўсюджвання гэтай групы інфекцый на тэрыторыі рэспублікі.
Сёння з’явілася рэальная пагроза прымянення ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў у якасці бактэрыялагічнай зброі. І хаця ва ўсім свеце ўспомнілі пра сібірскую язву пасля тэрактаў у ЗША, нельга забывацца, што гэтае захворванне было распаўсюджана на тэрыторыі Расіі больш за 100 год таму. Ахвярамі эпідэмій і эпізаотый рабіліся многія тысячы людзей і дзесяткі тысяч галоў скаціны. У цяперашні час рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі захворвання.
Заражэнне чалавека магчымае пры доглядзе за хворымі жывёламі (часцей, буйной рагатай скацінай), пры ўжыванні інфіцыраванага мяса і малака, пры ўдыханні спор, якія знаходзяцца ў пыле ў месцах гібелі жывёл. Таму часцей за ўсё захворванні людзей рэгіструюцца ў сельскай мясцовасці, дзе і раней былі выпадкі сібірскай язвы сярод жывёлы.
У Маладзечанскім раёне патэнцыяльна небяспечнай з’яўляецца тэрыторыя жывёльных могільнікаў, размешчаных паблізу вёсак Краснае, Гарадок, Вязавец. Месцы захавання здохлых жывёлін абгароджаныя, маюць сігнальныя знакі, сельскагаспадарчыя работы на іх тэрыторыі забароненыя.
Выкарыстанне спор сібірскай язвы ў сумесі з парашком з мэтай біятэрарызму – вынаходніцтва невядомага аўтара, але “паслядоўнікі” з’явіліся і ў нас. Ужо ў 13 рэгіёнах рэспублікі былі знойдзеныя канверты з парашкападобным рэчывам. Пры даследаванні ўзбуджальнікаў хваробы ў іх знойдзена не было. Пра апошні выпадак у Маладзечне паведамляла ў мінулым нумары “РГ“. Аднак трэба памятаць, што пры знаходжанні такіх канвертаў у першую чаргу неабходна выклікаць спецыялістаў МНС. Выманне і даследаванне будуць праводзіцца адпаведнымі спецыялістамі.
Алена БЕЛЬСКАЯ, урач-эпідэміёлаг Маладзечанскага райЦГіЭ.