Не прымушайце сябе гуляць
Гуляючы, дзеці вучацца сацыяльным ролям, якія будуць граць у дарослым жыцці. Клопат пра ляльку, частаванне іншых дзяцей тортам з пяску і ратаванне бабулі з пажару — гэта навыкі, у якіх трэба практыкавацца, перш чым выкарыстоўваць сур’ёзна. Неацэнны элемент гульні — супольныя дзеянні з аднагодкамі, бо менавіта так дзеці вучацца сацыяльным паводзінам: імкненню да супольнай мэты, адстойванню свайго меркавання і падпарадкаванню рашэнням іншых. Да таго ж, паводле дадзеных даследчыкаў, гульні з аднагодкамі спрыяюць развіццю маўлення ў дзяцей: ім трэба такія ж, як яны, каб вучыцца размаўляць.
Гульні з бацькамі выконваюць іншыя функцыі.Перш за ўсё, баўленне часу разам служыць для ўмацавання сувязяў з найбліжэйшымі людзьмі — сувязяў, якія не страцяць важнасці на працягу ўсяго жыцця. Акрамя таго, дзякуючы гульням з бацькамі, дзеці пераймаюць дарослыя паводзіны наўпрост — ад людзей, якія з’яўляюцца найбольш аўтарытэтным для іх узорам.
Але нашая культура часта змушае нас адчуваць, што мы вымушаныя гуляць з дзецьмі. Да гэтага нас падахвочваюць не толькі сродкі масавай інфармацыі, і не толькі разнастайныя грамадскія інстытуцыі ад нас гэтага чакаюць. Але жаданне гуляць з дзіцем залежыць не толькі ад настрою, але і ад псіхалагічных асаблівасцяў. Тое, што ў вас ёсць дзіця, не значыць аўтаматычна, што вы хацелі б гадзінамі кампаставаць квіткі ў гульні ў трамвай ці бегаць па хаце ў індзейскім апярэнні пасля вяртання з працы.
Быць разам, будаваць сям’ю — гэта прыгода: вы спазнаяце вашае дзіця, а яно — вас, вашыя густы і запатрабаванні.Ёсць і іншыя шляхі паглыблення адносінаў: казкі, сумесная выпечка торта, прыкручванне дзверак да шафы ці проста звычайная размова. Дзіцяці патрэбныя ад вас увага і адкрытасць. Але не прымушайце сябе ні да чаго, бо дзіця адчувае гэта і гульня губляе прыемнасць.
Сама ідэя гуляць з дзіцем у нашай культуры з’яўляецца адносна новай. Яна паўстала разам з канцэпцыяй дзяцінства ў канцы васямнаццатага стагоддзя. У Сярэднявеччы нікому з дарослых не магла прыйсці ў галаву ідэя пагуляць з дзецьмі! Дзеці бавілі час з аднагодкамі, а ў дарослых пераймалі дарослыя паводзіны. Разумення дзяцінства як асобнага перыяду жыцця са сваімі законамі не існавала. Для маці і бацькі сын ці дачка былі проста малымі людзьмі — нават касцюмы дзяцей былі не чым іншым, як меншымі копіямі дарослых строяў.
Таму варта памятаць, што калі вы любіце гуляць з дзіцем — і яму, і вам вельмі пашанцавала.Аднак калі вы ў гэтым не знаходзіце задавальнення, не значыць, што вашае бацькоўства нічога не вартае. А яшчэ гульні з дзіцем змяняюцца, як у калейдаскопе, у залежнасці ад стадыі яго развіцця. Цалкам магчыма, што маці, якая не магла з двухгадовым дзіцем рабіць з пяску торт, да пяцігадовага прыбяжыць сама: «Ну, дава‑а‑а‑а‑а‑ай у кіча!»
Падрыхтавала КаМ