Марціновіч: Мова і гісторыя – большае, чым фактары палітычнай гульні

Источник материала:  
18.05.2010 10:56 — Разное
Якія наступствы меў рэфэрэндум 1995 году па мове і сымболіцы? Якім чынам працягвалася фармаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў ва ўмовах двухмоўя і падноўленай савецкай дзяржаўнай сымболікі? Якімі будуць статус моваў і дзяржаўная сымболіка ў будучыні? Разважае кіраўнік дэпартамэнту паліталегіі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Віктар Марціновіч.

Тое, што адбылося ў 1995 годзе, было ў пэўнай ступені адлюстраваньнем настрояў, якія панавалі тады ў грамадзкасьці. Але 15-гадовы прамежак часу запэўніў нас, што

гэты рэфэрэндум быў памылкай. Ён вынікаў не з жаданьня ўлады юрыдычна замацаваць грамадзкія настроі да моўнага пытаньня, бо стаўленьне грамадзтва да моўнага пытаньня ў посткаляніяльнай краіне зьяўляецца канструктарам, яго трэба канструяваць. І яно было сканструяванае па шляху найменшага супраціву.

Асноўнай мэтай, зь якой гэтае пытаньне выносілася на рэфэрэндум, было пнуць Пазьняка. Пытаньне нацыянальнай ідэнтычнасьці вырашалася ў гэтыя гады кан"юнктурна. Учора нам трэба было пнуць Пазьняка – мы правялі рэфэрэндум і ўраўнялі расейскую мову ў правах зь беларускай. Сёньня нам трэба адмежавацца ад Расеі – будзем адкрываць беларускамоўныя школы, будзем пераводзіць тэлебачаньне на беларускую мову і міністрам загадваць, каб яны справаздачы ў парлямэнце рабілі па-беларуску. І тады была кан"юнктура – барацьба з Пазьняком, і сёньня кан"юнктура – барацьба з Крамлём.

Мова, ідэнтычнасьць, нацыя – усё гэта ляжыць на ўзбочыне, на другім ці трэцім узроўні публічнай дыскусіі. Гэта вельмі прыкра.

Нельга ставіцца да мовы, як да сродку ў змаганьні са сваімі ўнутрыпалітычнымі ці геапалітычнымі апанэнтамі. Гісторыя ставіць цябе твар у твар з тымі посткаляніяльнымі наступствамі, зь якімі б мова прымірыла цябе вельмі хутка.

У публічнай палітыцы моўнае пытаньне і пытаньне ідэнтычнасьці зьяўляюцца прыстаўкамі да іншых пытаньняў. Быў бы ў 1995 годзе іншы расклад, быў бы альянс, напрыклад, Антончыка і Лукашэнкі, і беларуская мова сёньня была б паўсюль. Бел-чырвона-белы сьцяг, які так раздражняе некаторых нашых суразмоўцаў, вісеў бы паўсюль.

Што адбываецца ў гэтай сфэры сёньня? Статус моваў , мне здаецца, ужо мяняецца. Што тычыцца сымболікі, то тут таксама ёсьць пэўныя зрухі. Здаецца, у мінулым ці пазамінулым годзе самае «чырвона-зялёнае» сьвята горада праходзіла пад гукі «Пагоні». І гэта вельмі сымбалічна, палітычная кан"юнктура вымушае зьмяняць рашэньні наконт ідэнтычнасьці.

Але ўсё гэта паўстае з таго, што мы ня маем уласнай ідэнтычнасьці.

Краіна, якая мае ідэнтычнасьць, не залежыць у гэтых пытаньнях ад таго, хто прыйдзе да ўлады. А мы залежым. Мне прыкра ад гэтага.

Мне здаецца, што наша мова, гісторыя і культура – нешта большае, чым фактары палітычнай гульні.
Паводле «Праскі акцэнт», радыё «Свабода»

←Вспышка ящура на юге Японии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика