Алімпія: дзялок памёр, жыве дзялок!
Леа Вальнэр. |
Хто жадае зарабіць сапраўды шмат грошай, мусіць прыдумаць новую рэлігію. Алімпійскі рух акурат і ёсць такім стабільна прыбытковым веравызнаннем. З догмамі (справядлівасць, аб’ектыўнасць), рытуаламі (Алімпійскія гульні), ахвярадаўцамі (спонсары) і клірам (сябры Міжнароднага алімпійскага камітэта), якія старанна ахоўваюць сваю рэлігію ад усялякай крытыкі. Пастановы ex cathedra (рэгулярныя сесіі МАК) абвяшчаюцца беззаганнымі і беспамылковымі.
Хуан Антоніа Самаранч (1920 — 2010 г.) на працягу 1980 — 2001 г. іграў ролю алімпійскага Папы. У часы іспанскага дыктатара Франка ён ператварыўся з апартуніста ў дыпламата і з дапамогай агента КГБ Уладзіміра Пуціна і галасоў з Усходняга блока абраўся прэзідэнтам МАК. Яго папярэднік, амерыканец Эверы Брэндэдж, трымаў МАК, нібы той кляштар, у адасобленасці ад свету.
Самаранч завязаў сувязі з кіраўнікамі дзяржаваў, ААН і сусветных канцэрнаў, а таксама падвысіў прыбыткі ад тэлерэкламы і аб’ёмы спонсарскіх ахвяраванняў з плюс‑мінус нуля да больш чым двух мільярдаў долараў за Алімпіяду. Акрамя гэтага, ён перашкодзіў Зальцбургу прыняць зімовыя Алімпійскія гульні 2014 г. Што было апошняй сумеснай акцыяй Самаранча і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
У 1998 г. Самаранч запрасіў 75‑гадовага Леа Вальнэра ў МАК. Кемлівы менеджэр кампаніі Casinos Austria з’яўляўся тым тыпам чалавека, які быў дужа даспадобы Самаранчу. Азы свайго майстэрства Вальнэр спасціг, працуючы дарадцам бундэсканцлера Ёзэфа Клаўса. Яшчэ да таго, як Клаўс прайграў выбары ў 1970 г., Вальнэр паспеў зрабіцца шэфам Casinos Austria і заставаўся на гэтай кіраўнічай пасадзе з 1968 па 2007 г. Ён здолеў ператварыць гэтую жабрацкую кантору ў найбуйнейшага падаткаплатніка Аўстрыі, які валодае храмамі азартных гульняў у многіх краінах.
Самаранч даверыў аўстрыйцу‑паліглоту кіраўніцтва кантрольнымі камісіямі МАК, то бок скарбніцай. Працуючы ў МАК, Леа Вальнэр займеў кантакты з бізнэсоўцамі з Ізраіля, Аўстраліі, Ганконга і Сінгапура (і шматлікімі іншымі). Вельмі верагодна, што Casinos Austria выгадна скарысталіся з алімпійскага духу і яго сусветнай сеткі.
Магчыма, ідэя запрашаць да эканамічнага супрацоўніцтва такіх партнёраў, як беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка, з’явілася ў нетрах самога МАК, які ўспрымае грошы і спорт не як супярэчныя элементы, а як спалучаныя сасуды. Нацыянальны алімпійскі камітэт Аўстрыі ў такім выпадку мог сыграць ролю кур’ера‑інкасатара. Варта прызнаць, што глеба, на якой існуе НАК Аўстрыі (як і аўстрыйскі спорт у цэлым), шчодра ўвільгатнялася з лейкі прадпрыемстваў Вальнэра (казіно, латарэі, Lotto‑Toto). Аднак, застаецца незразумелым, чаму Вальнэр (на якога, натуральна, распаўсюджваецца, як і на кожнага з нас, прэзумпцыя невінаватасці) выбраў такі патаемны і сумнеўны, а не сумленны і адкрыты шлях для таго, каб завабліваць саюзнікаў у сваю справу. Верагодна, яго метад спраўдзіў сваю эфектыўнасць. Але спартовым яго можна назваць толькі ў алімпійскім сэнсе.