У краіне цудаў цуд не адбыўся
Але вось і пытанне: ці сапраўды было такое магчыма? На жаль – не, не было. Чаму? Бо па другі бок лукашэнкаўскай барыкады няма аўтарытэтнага, харызматычнага лідэра. Лідэра, на чый голас пайшла б грамада. Ніхто нават не рызыкнуў узяць на сябе такі груз, а падстрахоўка партыйных кіраўнікоў дайшла да межаў абсурду, калі здымаючы з выбараў свае партыі, рашэнне балатавацца ці не балатавацца пакідалася за радавымі партыйцамі. І гэта зразумела, навошта каралю рызыкаваць неіснуючай вопраткай, калі радавы сябра партыі можа раптам закрычаць: паглядзіце, а наш кароль голы. То бок пайсці ў кандыдаты насуперак партыйнай вярхушцы.
За ўдзелам у выбарах называліся два асноўныя аргументы. Першы - ідзем каб нечаму вучыцца і скарыстаць досвед у прэзідэнцкіх выбарах. Другі - ідзем да выбараў каб даказаць фальсіфікацыю вынікаў. Аргументы мутныя. Бо і чаму новаму, чаго не ведалі раней, навучыліся кандыдаты? І каму даказалі фальсіфікацыю? Выбарчым камісіям? Уладзе? Нібыта яны аб тым не ведалі раней? А вось адсутнасць і лідэрства, і стратэгіі даказалі і ўладзе, і грамадзтву. Праўда, грамадзтву ўжо даўно на палітыку напляваць, а вось Аляксандр Лукашэнка можа запісаць плюс на свой рахунак. Пасля непрыемных перабояў з Бакіевым, Мядзведзевым і ўсім астатнім светам, і ў ягонае ваконца засвяціла сонца. У перакладзе на прозу – ні украінскі, ні кіргізскі варыянты беларускай уладзе не пагражаюць. Пры нагодзе прэзідэнцкіх выбараў, як і раней можна без сумневу маляваць патрэбныя адсоткі.
Гуляць у выбары на прынцыпах улады, у таталітарнай краіне апазіцыя можа толькі ў адным выпадку – калі яна здольная абараняць выбарчы вынік. Абараняць не ў судзе, не гучнымі заявамі і рэзалюцыямі. Абараняць на вуліцы.
Пакуль у беларускай апазіцыі няма лідэра, хто палітычнай харызмай хаця б на сто крокаў набліжаўся да актуальнага кіраўніка дзяржавы, дарма разлічваць на які колечы выбарчы поспех.
andromix.livejournal.com