Мілінкевіч: Міжнародная супольнасць не прызнае выбары ў мясцовыя саветы

Источник материала:  
22.04.2010 10:14 — Разное
Міжнародная супольнасць не прызнае выбары ў мясцовыя саветы. Такую думку ў інтэрв’ю БелаПАН выказаў лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

21 красавіка экс‑кандыдат у прэзідэнты браў удзел у сустрэчы з гомельскімі выбаршчыкамі ў якасці даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты гарсавета Дзмітрыя Сцепанца.

«Выбары не будуць прызнаныя па ўсіх параметрах хаця б таму, што ў камісіі практычна не ўключылі прадстаўнікоў незалежных кандыдатаў, — сказаў Мілінкевіч. — Улады звальняюць людзей — і тых, хто збіраў подпісы, і саміх кандыдатаў. Ёсць вельмі шмат фактаў. Улады перашкаджаюць праводзіць сходы, прапаноўваюць праводзіць пікеты ў малалюдных месцах».

«У нашай краіне самае галоўнае — змяніць практыку правядзення выбараў, і пачынаць трэба з участковых камісій», — заявіў Мілінкевіч.

Кажучы пра прэзідэнцкія выбары, што маюць адбыцца, старшыня руху «За Свабоду» падкрэсліў,

што галоўнай задачай адзінага дэмакратычнага кандыдата, калі такі будзе, стане аб’яднанне «велізарнай колькасці актывістаў па ўсёй краіне».

«Я перад сабой мэту пастаўлю, калі пайду на выбары: сабраць як мага больш людзей па ўсёй краіне, якім патрэбна незалежная, свабодная, дэмакратычная, еўрапейская Беларусь. Думаю, што змагу гэта зрабіць», — сказаў палітык. Ён лічыць, што на прэзідэнцкія выбары пойдзе «шмат дэмакратычных кандыдатаў». «Хто па шчасце, хто па грошы, хто па славу — але подпісы збяруць адзінкі, самадастатковых партый не існуе», — рэзюмаваў лідэр руху «За Свабоду».

На сустрэчы прысутнічалі прыкладна 70 чалавек. Выбаршчыкаў цікавілі такія пытанні, як бяздзеянне дэпутатаў, знаходжанне ў Беларусі прэзідэнта Кыргызстана, будаўніцтва АЭС, арганізацыя вольнага часу моладзі ў мікрараёне, беспрацоўе, магчымыя фальсіфікацыі пры падліку галасоў, праблемы ЖКГ, адсутнасць кантролю за расходаваннем бюджэтных грошай.


Алена Германовіч, БелаПАН

←Газпром одобрил перевод России на рыночные цены

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика