Вольга Карач. Клінічны выпадак
“Ах, я чем виноват?” – "Молчи! устал я слушать,
Досуг мне разбирать вины твои, щенок!
Ты виноват уж тем, что хочется мне кушать".
Сказал и в темный лес Ягненка поволок..
І.А. Крылоў. «Воўк і Ягня».
У аўторак мне адначасова патэлефанавалі з абедзвюх выбарчых камісій і радасна паведамілі, што пазбаўляюць мяне рэгістрацыі кандыдатам і здымаюць з выбараў. Афіцыйная прычына зняцця мяне з выбараў такая: дзецям раздаваліся зялёныя шарыкі.Шарыкі раздаваліся не на тэрыторыі выбарчай акругі, але камісію гэта не збянтэжыла. Як не збянтэжыла і тое, што заявы "ад імя абураных грамадзянаў” былі напісаныя людзьмі, якія не з"яўляюцца маімі выбаршчыкамі. І, як я падазраю, займаюць пэўныя пасады і пісалі гэтыя заявы пад дыктоўку. Адзін з іх – гэта начальнік ЖЭУ-9. Другая заява напісаная Андрэевай Таццянай Тадэвушаўнай, якая жыве на вул. Праўды, 68-4, трэцяя – ад безыменнага і бясполага чалавека па прозвішчы Старыковіч з адрасам: Маскоўскі пр-т, 76, кватэру адмовіліся паведаміць. Але ў судзе, вядома, мы атрымаем усе іх дадзеныя і паведамім вам.
Ці забяспечаныя роўныя ўмовы на выбарах? Не, яны не забяспечаныя. Гэтыя выбары не сумленныя, не роўныя і не справядлівыя. Кандыдат ад улады Башметаў на ўсю моц выкарыстоўваў адміністрацыйныя рэсурсы: чыноўнікі заганялі дактароў на сустрэчу з рэктарам тэхналагічнага універсітэта, а потым дакладна гэтак жа гналі пасля заняткаў студэнтаў слухаць яго.Ён абяцаў маладым людзям на сустрэчы, што прыме іх усіх вучыцца, абы толькі прагаласавалі. Рэктар на сваіх сустрэчах з выбаршчыкамі выкарыстаў студэнтак са свайго універсітэта для агітацыі за сябе – і паспрабуй адмовіцца: наперадзе вясновая сесія. Пісаў паклёпніцкія скаргі... З 6 скаргаў, напісаных мной з 14 красавіка, разгледжаная толькі адна, і тое дасланая здзеклівых адпіска за подпісам старшыні камісіі Мядзельца, што, аказваецца, «былі знойдзеныя рашэнні, якія задаволілі ўсе бакі». Хоць не было разгледжана ніводнага пытання, па якіх я звярталася... 5 скаргаў не разгледжаныя да гэтага часу. Затое ўсе скаргі супраць мяне разглядаліся на працягу пары гадзін.
Што напалохала чыноўнікаў? Напалохала вялікая колькасць назіральнікаў ад мяне.Яны раптам зразумелі, што мы зробім усё, каб пракантраляваць працэс падліку галасоў і... спалохаліся. А раптам не атрымаецца забяспечыць патрэбны вынік? Занадта ўжо відавочна непапулярныя кандыдаты ад улады.
У аўторак у 18.30 павінен быў прагучаць па радыё мой зварот да выбаршчыкаў – зварот, якога вы не пачуеце, таму што мяне пазбавілі рэгістрацыі за гадзіну да трансляцыі. Там ёсць і такія словы: «Цяпер усе абмяркоўваюць падзеі ў Кіргізіі – падзеі крывавыя і трагічныя. Толькі высновы з іх беларуская ўлада робіць не тыя, якія варта было б.Прасцей бачыць у гэтым нейкую змову, пераварот, ужо ў Беларусі людзей палохаюць – глядзіце, маўляў, вось што творыць апазіцыя. Але вось незадача – усю апазіцыю ў самым пачатку кіргізскіх падзей пасадзілі ў турму. Праўда заключаецца ў тым, што падзеі ў Кіргізіі былі народнай рэакцыяй – дзікай, жорсткай рэакцыяй – на дзікую і жорсткую несправядлівасць. І прычым ва ўсіх сферах: ад фальсіфікацыі выбараў да падвышэння камунальных тарыфаў. На дарагую электрычнасць і не менш дарагое тэхабслугоўванне, за нязроблены рамонт і за жудасныя дарогі. Урок Кіргізіі ў тым, што народ мае значэнне, што не трэба даводзіць яго да скрайнасці, не трэба выпрабоўваць яго цярпенне, не трэба пляваць на яго пачуццё справядлівасці».
У аўторак у Беларусь прыляцеў Бакіеў, «дарагі госць» Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Я так разумею, што віцебскаму маньяку Міхасевічу проста не пашанцавала пабываць "у гасцях" у Лукашэнкі – яго злавілі за 7 гадоў да з"яўлення першага прэзідэнта.Праўда, Генадзь Міхасевіч забіў ўсяго толькі 36 чалавек – на фоне Бакіева, на чыім рахунку 79 ахвяраў і каля 500 параненых, гэта, вядома, слабавата. Андрэю Чыкацілу таксама не ўдалося стаць “самым дарагім госцем” нашага прэзідэнта – хоць і ён цьмянее на фоне Бакіева: Чыкаціла забіў усяго 53 чалавекі. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі месца хопіць усім. Але мне незразумела, чаму ў Беларусі хапае месца маньякам і злачынцам, а вось для звычайных людзей гэтага месца становіцца ўсё менш? Чаму мы далі прытулак забойцу, які даў загад страляць у бяззбройных людзей? У Бакіева на руках кроў нявінных людзей. Людзі ж выходзілі на вуліцы, таму што не маглі больш плаціць такую дарагую камуналку, таму што ўлады іх давялі да галечы. І ў іх былі дзеці, якія пазбавіліся бацькоў. Чаму мы павінны шкадаваць 5-гадовае дзіця Бакіева, калі Бакіеў не пашкадаваў маленькіх дзяцей 79-ці бацькоў, чые жыцці ён адабраў?
Мяне ўчора спыталі: «Вольга, няўжо ўся нашая барацьба – гэта дарма?». Паўтару: не, не дарма.Маё зняцце з выбараў – гэта паказчык страху ўлады. І баіцца яна не мяне – яна баіцца вас і вашага выбару. А значыць, чыноўнікі пачынаюць разумець, што вы маеце значэнне. Чыноўнікі вельмі спадзяюцца, што калі яны пазбавяць вас вашага выбару, то ім не давядзецца нічога рабіць – ні рамонтаў пад"ездаў, ні дзіцячых пляцовак, ні дарог... Яны спадзяюцца, што Вы моўчкі праглынеце тое, што яны зрабілі выбар за вас. Але так не будзе.
Вялікі дзякуй за падтрымку! Я вельмі шаную Ваш давер і пастараюся яго апраўдаць.Мая прапанова да вас – раз улада цягне гэтых «кандыдатаў» за вушы ў дэпутацкія крэслы, не пагарджаючы ніякімі бруднымі метадамі, пагрозамі, запалохваннямі, фальсіфікацыямі дакументаў, то давайце пасля выбараў прымусім гэтых прызначаных дэпутатаў працаваць. Так, як належыць працаваць па законе дэпутату... Як збіралася працаваць я. Яны хочуць гэтай пасады – хай адпрацоўваюць. А мы пракантралюем, каб гэтыя дэпутаты не хаваліся ад народа ў цёплых крэслах, а абаранялі менавіта нашыя інтарэсы.
Вольга Карач, Віцебск