Лябедзька: Апазіцыі неабходна выкарыстоўваць расійскі вектар
Пра гэта 21 красавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску заявіў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Ён нагадаў, што 20 красавіка ў пасланні беларускаму народу і нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка «дапускаў негатыўныя выказванні адносна перспектыў саюзных адносінаў».
«Пасланне Лукашэнкі адлюстравала крызіс у замежнай палітыцы краіны, — сказаў Лябедзька. — Раней улады мелі тыл у выглядзе Расійскай Федэрацыі. Цяпер тыл стаў перадавой лініяй фронту. Поспехі ў замежнай палітыцы сённяшніх уладаў фрагментарныя».
Можна гаварыць з вялікай доляй верагоднасці, лічыць палітык, што Лукашэнка «страціў манаполію на расійскі вектар у знешняй палітыцы».
Лябедзька ўпэўнены, што «гэта стварае пэўны шанс для апазіцыі».«Найбліжэйшым часам АГП паспрабуе выкарыстаць расійскі вектар, — сказаў ён. — Трэба пераканаць Расію, што лепш арыентавацца на рэаліі, а не на размовы сённяшніх уладаў».
Лябедзька паведаміў, што ў партыі »ёсць сваё бачанне беларуска‑расійскіх адносінаў, якое прадугледжвае рэалізацыю канкрэтных дзеянняў для пераходу да цывілізаваных адносінаў паміж краінамі».
БелаПАН