Бакіеў як талісман Лукашэнкі
«Буду страляць»
Найперш — беларускаму народу: як было сказана падчас выступу на Гомельшчыне, у выпадку чаго буду страляць, рука не здрыганецца. Вось Бакіеў страляў, а я яго паважаю і абараняю, бунт трэба душыць жорстка і бязьлітасна. Праўда, менавіта кіргіскі досьвед паказвае, што часам нават і страляніна нічога не вырашае. Ну загадаў Бакіеў страляць, ну нават выканалі загад. І, кажучы словамі Лукашэнкі, «мала не падалося» ў рэшце рэшт ня толькі забітым, а самому Бакіеву. А што ж рабіць тады, калі і кулі не дапамагаюць?
«Рука Масквы»
Другое пасланьне — Расеі. Яна Бакіева з рахункаў сьпісала адразу, запрашэньнем Бакіева Лукашэнка дае зразумець, што зь ім у выпадку чаго так проста не атрымаецца. Пры гэтым калі вышэйшая ўлада абмяжоўваецца празрыстымі намёкамі, маўляў, мы яшчэ даведаемся, хто стаіць за гэтым пераваротам, то прыдворныя мысьляры кшталту Сяргея Мусіенкі гэтыя намёкі расшыфроўваюць: «Да крываваму путчу, зладжанага ў Бішкеку, расейскія спэцслужбы, хутчэй за ўсё, маюць дачыненьне». Але як ні парадаксальна, глыбакадумныя развагі пра змову — ня толькі стандартная рэакцыя мысьленьня адпаведнага тыпу, але і спроба адсланіцца ад больш страшнага. Змова — гэта небясьпечна, але зразумела, іх спэцслужбы — нашы спэцслужбы (ясна ж, што ўсё прымяраецца на Беларусь), на іх спэцапэрацыю — наша контрапэрацыя. А калі праўда — прасьцей, і не было ні змовы, ні спэцапэрацыі, ні злавесных плянаў апазыцыі, якую Бакіеў абачліва перасаджаў за краты на самым пачатку сёлетніх падзеяў?
Вашынгтонска‑маскоўскі кансэнсус
Яшчэ адно пасланьне — і Расеі, і Амэрыцы разам. Яшчэ адна падстава для жахаў афіцыйнага Менску — тое, што ці не ўпершыню падчас падобных падзеяў за ўсе апошнія гады Масква і Вашынгтон дзейнічалі калі ня разам, то ўзгоднена. Супярэчнасьці паміж імі нікуды не падзеліся, матывам магло быць усяго толькі банальнае жаданьне не дапусьціць грамадзянскай вайны ў краіне, дзе і ЗША, і Расея маюць ваенныя базы. Але насамрэч важныя не прычыны, а прэцэдэнт — яны ў такой сытуацыі могуць дзейнічаць разам. Бакіеў патрэбны яшчэ і для таго, каб паламаць гэтую згоду: «Захоча ён (Бакіеў) даць прэс‑канферэнцыю журналістам, ён будзе яе свабодна даваць, свабодна гаварыць. І мы потым паглядзім: хто больш свабодная краіна — Беларусь ці нейкія іншыя дзяржавы. Думаю, ён шмат раскажа». Масква і Вашынгтон імкнуцца патушыць полымя грамадзянскай вайны ў Кіргізстане, афіцыйны Мінск, гаворачы папросту, імкнецца яго раздзьмуць. Каб Злучаным Штатам і Расеі, барані Бог, не прыйшло ў галаву дамовіцца пра нешта адносна Беларусі.
Як можа спытаць народ?
Уся гэтая сыстэма пасланьняў базуецца на тэзе пра легітымнасьць Бакіева. Лукашэнка сваім запрашэньнем прадэманстраваў пэўную пасьлядоўнасьць: кіргіскія падзеі — антыдзяржаўны пераварот, Бакіеў — легітымны, канстытуцыйны кіраўнік, усе — ад Амэрыкі да Расеі — яго кінулі, хаця яшчэ ўчора паціскалі рукі, а Лукашэнка — чалавек прынцыпаў: «Толькі народ мае права спытаць з прэзыдэнта. Ніякія банды, ніякія групы, апазыцыя. Толькі народ».
Прыгожа, толькі вось незадача — а як народ можа спытаць? У якіх формах? Можа, на выбарах? Ну вось каму цікава, можа паглядзець, як АБСЭ ацаніла леташнія прэзыдэнцкія выбары ў Кіргізстане.
Калі коратка, то асноўная ацэнка наступная: «Прэзыдэнцкія выбары не адпавядалі ключавым абавязкам у межах АБСЭ па правядзеньні дэмакратычных выбараў, давер грамадзкасьці да выбарчага працэсу быў падарваны».
Можна параўнаць высновы з высновамі чатырохгадовай даўніны наконт беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў. Праглядаецца пэўнае падабенства.
Што такое легітымнасьць?
І якое значэньне маюць гэтыя паперкі? Ды на першы погляд ніякага. Нікому вайну за кепскія выбары не абвяшчаюць. Сапраўды, і запрашаюць, і справы маюць, і рукі паціскаюць. І Бакіеву паціскалі, і Лукашэнку паціскаюць. Але вось як каму? Ёсьць досыць цынічная дыпляматычная формула — як асобе, якая рэальна кантралюе сытуацыю ў краіне. Але гэтыя на першы погляд нязначныя паперкі АБСЭ ўносяць невялічкае ўдакладненьне — толькі як асобе, якая рэальна кантралюе сытуацыю і пакуль яна рэальна кантралюе сытуацыю.
А калі перастае кантраляваць? Ну тады ўступае ў сілу выключна цынічная палітычная мэтазгоднасьць: выгадна — будуць працягваць падтрымліваць, нявыгадна — можна хуценька падтрымаць іншых, якія пачынаюць рэальна кантраляваць сытуацыю. Якая такая легітымнасьць? У несправядлівых выбарах яе ня больш, чым ў разьюшаным натоўпе, які штурмуе прэзыдэнцкі палац. Прынамсі для вонкавага гульца. Насамрэч дэмакратыя — гэта самы бясьпечны спосаб кіраваньня. Бакіеў у Менску — гэта своеасаблівы талісман, спроба заваражыць гэтыя надзвычай непрыемныя меркаваньні.
Юры Дракахруст, Радыё Свабода