У агароды палешукоў паводка прыгнала буслоў + фота
Пенсіянерка Праскоўя Аскерка з вуліцы Прыпяцкая расказвае, што ў яе гаспадарцы ўсё затаплена, плот павалены, у хаце вялікая вільгаць.
«Вада дабралася да парога, заліла склеп, падтапіла хляўчук. Ходзім па насцілах. Адзін год вада ў мяне была нават ў печы», — бядуе бабуля.
Разводдзе прымусіла шукаць паратунку нават буслоў. Пажывіцца ў пойме ракі яны не могуць — усё заліта вадой. Буслы сталі прылятаць у агарод бабулі Праскоўі, каб на мелкаводдзі знайсці сабе здабычу — чарвяка, жабу ці яшчэ якую жыўнасць, што прынесла паводка.
Тутэйшыя жыхары мяркуюць, што ад разводдзя можна было б уратавацца, калі б каля паромнай пераправы падвысіць левы бераг Прыпяці. Але ж справа гэта працаёмкая і нябачная для вачэй высокага начальства. Ходнік пліткай вымасціць — гэта, калі ласка, а бераг ці вуліцу на ўскрайку гораду — не.
БелаПАН