Бераг Віліі ачысцілі
“Рэгіянальная газета” 29 сакавіка звярнулася з гэтай праблемай у райаддзел па надзвычайных сітуацыях. Там адрэагавалі аператыўна.
Старшы оперупаўнаважаны Вілейскага РАУС Валеры Сухалет і начальнік Вілейскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Альшэўскі -- на месцы здарэння.
Хімік-дазіметрыст службы хімічнай і радыяцыйнай аховы Маладзечанскага ГРАНС Віталь Падбярэзскі.
Пра тое, што на высокім беразе раскіданыя бітыя выкарыстаныя лямпы, нашаму выданню ў суботу паведамілі жыхары Вілейкі. Людзі былі занепакоеныя: на прывычным месцы адпачынку віляйчан і маладзечанцаў раскіданыя асколкі лямпаў, у якіх можа ўтрымлівацца ртуць.
У панядзелак каля 10 гадзін раніцы наш карэспандэнт пазваніў намесніку начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Анатолю Стрэжу, а таксама начальніку раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандру Альшэўскаму.
Анатоль Стрэж выклікаў з Маладзечна сваіх калег са службы хімічнай радыяцыйнай аховы. Бліжэй да абеду на месца знаходкі выехалі прадстаўнікі ўсіх структур, зацікаўленых у ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі.
Узровень канцэнтрацыі хімічнай пары ў паветры спецыяльным прыборам праверыў сяржант унутранай службы Маладзечанскага ГРАНС Віталь Падбярэзскі. Ён зрабіў выснову: перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі пары ртуці прыбор не выявіў.
Аляксандр Альшэўскі даў прадпісанне Вілейскаму лясніцтву прыбраць шкло ад лямпаў, што і было зроблена на наступны дзень. Выкарыстаныя лямпы ўтылізуюць.
Міліцыя па факце здарэння праводзіць праверку. Надзея на тое, што парушальнікаў знойдуць, ёсць, сказаў старшы оперупаўнаважаны райаддзела міліцыі Валеры Сухалет. Згодна з артыкулам Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за забруджванне навакольнага асяроддзя можна атрымаць ад 5 да 30 базавых велічынь штрафу (175 000–1 050 000 рублёў). А каб ртуццю было пашкоджанае паветра, за дэградацыю зямель трэба было б заплаціць ад 0,1 (3 500 рублёў) да 0,3 (10 500 рублёў) базавай велічыні за адзін квадратны метр.
Шкло ад лямпаў, па словах Аляксандра Альшэўскага, было раскіданае прыкладна на тэрыторыі 80-100 квадратных метраў.
Сяргей ЗЯНЬКО.
Фота Сяргея ЗЯНЬКО.
Чытайце таксама: Экалагічны кашмар на Вяллі