Мужчына ў Маладзечне пайшоў у гараж па закаткі і правісеў уніз галавой больш за суткі
Здарэнне адбылося 25 жніўня, расказалi «Рэгіянальнай газеце» суседзі па гаражы пацярпелага.
Мужчыны, што прыйшлі ў гаражы, што месцяцца па вуліцы Тургенева, пачулі крыкі, якія даносіліся з аднаго з зачыненых гаражных боксаў. Паколькі дзверы былі запёртыя знутры, давялося выклікаць МНС.
Выратавальнікі, што прыбылі на месца здарэння, адкрылі дзверы гаража і ўбачылі, што ў яме, уніз галавой вісіць мужчына сярэдніх гадоў. Аказалася, што мужчына прыйшоў у гараж, хацеў спусціцца ў яму па закаткі, але аступіўся на лесвіцы. Нага захрасла, мужчына ўпаў уніз галавой.
Суседзі па гаражы дакладна не маглі сказаць, колькі часу мужчына правёў у такім становішчы: адныя казалі, што суткі, другія — што два дні.
У Маладзечанскам аддзеле МНС распавялі, што такі выпадак насамрэч быў. Дапамога спатрэбілася, каб адкрыць дзверы і прывесці мужчыну ў «вертыкальнае» становішча. Ён шпіталізаваны.