У Віцебску падлетак з п'янай кампаніі стрэліў у мужчыну
У Віцебску непаўнагадовы выстраліў з пнеўматычнага пісталета і параніў мужчыну. А цэліўся ў жанчыну — за тое, што яна спрабавала супакоіць шумную кампанію.
— Хлопец святкаваў у кампаніі дзень нараджэння сябра. Сядзелі за сталом у кватэры, якая належыць бацькам аднаго з падлеткаў. Выпівалі, шумелі, перашкаджалі адпачываць суседзям па пад'ездзе. Жанчына з ніжняга паверха выйшла на вуліцу, зрабіла заўвагу моладзі, якая весялілася на балконе. Падчас лаянкі адзін з маладзёнаў пачаў страляць у суседку. Яе закрыў ад чарговага стрэлу сужыцель. Ён быў лёгка паранены ў руку, — паведаміла памочніца пракурора горада Віцебска Яўгенія Пруднікава.
Высветлілася, што хлопец узяў пісталет у старэйшай сястры. "Стралку" свеціць да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Падобны выпадак адбыўся і ў Брэсце. 15-гадовы навучэнец каледжа будаўнікоў з балкона бацькоўскай кватэры страляў з пнеўматычнага пісталета. Падлетак зрабіў некалькі выстралаў па школьніках 10-ці і 11-ці гадоў, якія знаходзіліся ў двары. На шчасце, ніхто з дзяцей не пацярпеў, быў пашкоджаны аўтамабіль, прыпаркаваны ля дома. Супраць падлетка завялі крымінальную справу па артыкуле «Хуліганства».