Такі шлюб, такія стрэлы
У Буда-Кашалёве муж застрэліў жонку ў шлюбную ноч. Вядома, што да вяселля 35-гадовая пара дзесяць гадоў жыла разам. Сумесных дзяцей не мелі, але выхоўвалі дачку жанчыны ад першага шлюбу. Ён ездзіў у Расію на заробкі, яна працавала на мясцовым масласырзаводзе. Па словах суседзяў, сварыліся часта.
Трагедыя адбылася прыблізна апоўначы, калі госці разышліся. У доме пры маладых засталася толькі цешча. Пачалося ўсё з цыгарэты. Муж абурыўся, што жонка, нягледзячы на абяцанні, курыць. Прыгразіў, што развядзецца. Калі жанчына пачала здымаць пярсцёнак, ударыў яе кулаком у твар і пабег у суседні пакой. Літаральна праз хвіліну з ружжом у руках ужо стаяў у дзвярах. Стрэліў і трапіў каханай у галаву. Затым ён уставіў дула сабе ў рот і нажаў на курок.
— Мужчыну забралі ў рэанімацыю, — расказвае Марыя Крываногава, афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці. — Ад смерці яго ўратавала тое, што куля трапіла ў паднябенне. Зараз ён апрытомнеў і дае паказанні.