Навучэнец маладзечанскага каледжа з бацькам выратавалі ад смерці суседа
10.03.2014
—
ЧП
Фота fototelegraf.ru.
Аднак выцягнуць з агню яго брата не змаглі. Для гэтага жыхара вёскі Зарудзічы на Смаргоншчыне 8 сакавіка скончылася гібеллю.Пажар у вёсцы Зарудзічы здарыўся ў свята 8 сакавіка каля 20 гадзін вечара. Выратавальнікаў выклікалі суседзі.
45-гадовы Аляксандр Залескі разам з 21-гадовым сынам Дзянісам зайшлі ў дом, які ўжо ахапіў агонь, і выцягнулі аднаго з жыхароў. Зайсці ўнутр яшчэ раз, каб выратаваць яго брата, ужо не было магчымасці – драўляны аднапавярховы дом палаў.
Загінуламу было 40 гадоў. Яго 38-гадовага брата ў моцным алкагольным ап’яненні завезлі ў Смаргонскую ЦРБ.
Па словах суседзяў, гаспадары дома, дзе здарыўся пажар, часта выпівалі. У дзень здарэння іх таксама бачылі нецвярозымі.
Пра выпадак распавёў “Рэгіянальнай газеце” аператыўны дзяжурны Смаргонскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Астрынскі.