На Ашмяншчыне суседка не паспела выратаваць ад смерці мужчыну (+ВІДЭА)

Пра тое, што ў Крэйванцах у доме аднаго з жыхароў здарыўся пажар, выратавальнікам стала вядома вечарам 5 сакавіка. Пажар заўважыла суседка, калі агонь ужо вырываўся на двор.
Калі прыехалі пажарнікі, частка даху ўжо абрынулася.
У доме жыў 73-гадовы пенсіянер. Дзеці даўно выраслі і пакінулі бацькоўскі дом. Наведвалі бацьку не часта – дачка жыве ў другім раёне, сын – за мяжой. Дапамагаў мужчыну па гаспадарцы сацыяльны работнік, які прыходзіў два разы на тыдзень.
Загінулага гаспадара дома знайшлі на падлозе ў адным з пакояў.
Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.
Можа, хопіць глядзець на чужыя памылкі?
Мы жывём у век навуковых тэхналогій, інавацый і тэхнічнага прагрэсу. І сёння ўжо цяжка ўявіць, што раней для асвятлення жылля трэба было запаліць лучыну, а каб папіць чайку – “раскачагарыць” самавар. Усё гэта стала гісторыяй.
На змену прыйшлі зручныя і сучасныя электрапрыборы.
Многія, устаўшы раніцай з ложка, звыкла націскаюць кнопку тэлевізара, электрачайніка і пачынаюць збірацца на працу. А праз некаторы час, выбягаючы з хаты і, як заўсёды, спазняючыся, пакідаюць усё, як ёсць.
І часам пакінутыя без нагляду ўключаныя электрапрыборы прыносяць непрыемныя сюрпрызы. Пазбегнуць гэтага можна. Бо выконваць нескладаныя правілы эксплуатацыі электраабсталявання значна лягчэй і танней, чым рамантаваць або адбудоўваць ўласнае жыллё.
Усталюйце ў сваім доме пажарны апавяшчальнік і аўтаматычныя электразасцерагальнікі. Задумайцеся, можа, ужо надышоў час не проста бачыць чужыя памылкі, а рабіць высновы і прымаць меры?