Запал да бульбы загубіў двух хлопцаў
05.03.2014
—
ЧП
Фота st.oede.by.
Які беларус не любіць бульбу, асабліва, калі ён жыве ў вёсцы? Аднак любоў да чужога дабра можа мець непрыемныя наступствы.На днях цяга да нацыянальнага згубіла двух вяскоўцаў з Ашмянскага раёна. Аднаму з іх 21 год, а другому – 22. Браты пад покрывам ночы папоўнілі свае запасы бульбы са склепу суседа-пенсіянера.
Мужчына ні пра што не падазраваў і на момант крадзяжу прыбываў у абдымках Марфея. А раніцай, калі ўбачыў, што яго абакралі, звярнуўся ў міліцыю.
Зладзейства раскрылі “па гарачых слядах” аператыўнікі крымінальнага вышуку мясцовага райаддзела міліцыі.
Аказалася, што ў склеп маладзёны трапілі праз адтуліну па засыпанні бульбы, прыхапіўшы з сабой мяшок і пакет.
Усяго на іх сумленні крадзеж 33 кілаграмаў любімага многімі беларусамі прадукту. З’есці хоць бы частку яны не паспелі – усю бульбу канфіскавалі.