У Бярозаўскім раёне браканьер атрымаў адзін год абмежавання волі
Да аднаго года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову прыгавораны браканьер з вёскі Пяскі Бярозаўскага раёна.
Мужчына быў затрыманы на возеры Чорнае з забароненай прыладай - стаўной сеткай. У той момант ён быў нападпітку. У адпаведнасці з заключэннямі экспертаў, яму прызначана прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
"Пры вынясенні прыгавору суд улічыў і той факт, што за чатыры месяцы да таго парушальнік ужо быў судзімы - таксама за незаконнае рыбалоўства, - распавяла прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Грамовіч.
Па 9 мільёнаў рублёў штрафу давядзецца заплаціць і двум рыбакам-нелегалам з Гомельскага раёна. Яны рыбачылі сеткамі ў арандаваных угоддзях на возеры Валодзькіна. Шкоду, нанесеную прыродзе, - 7 мільёнаў рублёў - парушальнікі пакрылі добраахвотна ў дасудовым парадку.