Крадзяжы з гаражоў у Вілейцы працягваюцца (абноўлена). Частку скрадзенага знайшлі ва ўгнанай машыне
У райцэнтры ў ноч на 16 студзеня абакралі гаражы ў гаражным кааператыве “Зеніт-2002” па вуліцы Гагарына.
Каб пранікнуць усярэдзіну, злодзей збіваў навясныя замкі. Залез ён у сем гаражоў.
Браў зламыснік усё, што траплялася пад руку: набор інструментаў, бензакасілку, бензапілу, дызпаліва...
Таксама злодзей угнаў з аднаго з гаражоў аўтамашыну “Фальксваген-пасат В3”. Але далёка на ёй не з'ехаў. Машыну 16 студзеня знайшлі ў кювеце на аўтадарозе Вілейка – Вязынь – Маладзечна каля вёскі Селішча. У машыне была і частка скрадзенага, расказаў начальнік Вілейскага раённага аддзела Следчага камітэта РБ Мікалай Раманчук. Вядуцца пошукі злачынцы.
З пачатку года гэта другі падобны выпадак у Вілейцы. “РГ” паведамляла, што ў ноч з 4 на 5 студзеня невядомы пранік у гараж гаражна-будаўнічага кааператыва-1 (ён знаходзіцца непадалёку ад “Зеніта-2002” ).
Аддзел інфармацыі.
Фота region4.by