Відавочца: на запраўцы ў Мядзеле загарэўся Volkswagen. Пажар патушыў супрацоўнік АЗС (відэа)
Языкі полымя ўзвіліся літаральна побач з палівараздатачнымі калонкамі на адной з заправак Мядзела.
Кіроўцы спешна пакідалі тэрыторыю АЗС, мінакі паскаралі крок, пераходзячы на бег. Па словах відавочцы Аляксандра, які даслаў нам відэа, героем сітуацыі стаў супрацоўнік запраўкі.
– Усё адбылося 30 снежня каля 12:30, – удакладніў Аляксандр. – Падпалены аўтамабіль – Volkswagen Golf другога пакалення.
Мяркуючы па відэа, машына гарэла адкрытым полымем. Пакуль кіроўцы паспешліва з'язджалі з запраўкі, супрацоўнік АЗС патушыў пажар з дапамогай вогнетушыцеля. Фактычна ён выканаў тое, што ад яго патрабавалася ў падобнай сітуацыі. Экзамен здадзены на выдатна!
– Дарэчы, у момант узгарання там знаходзілася цыстэрна з газам і толькі што скончылі заліваць бензін у сховішча, – дадае Аляксандр.
У МНС паведамілі, што пажарныя на месца здарэння не выязджалі, узгаранне было ліквідавана без іх удзелу. “Менавіта падобным дзеянням персанал любога аб'екта, тым больш такога, і павінен быць навучаны”, – падкрэслілі ў прэс-службе.