У Маладзечне дзяўчаты скралі грошы ў кавалераў, якія запрасілі іх у госці
200 долараў і мабільны тэлефон скралі ў сваіх выпадковых знаёмых двое дзяўчат з Маладзечна.
Дзяўчаты 17 і 18-гадовага ўзросту 17 снежня адпачывалі ў адной з гарадскіх кавярняў. Там яны пазнаёміліся з маладымі людзьмі. Час набліжаўся за закрыцця кавярні і хлопцы, не жадаючы развітвацца з упадабанымі дзяўчатамі, запрасілі іх прадоўжыць вечар у гасцініцы “Маладзечна”.
Адзін з хлопцаў, які быў прыезджы, на сваё імя зняў два нумары ў гасцініцы. У адным з нумароў кампанія працягвала знаёмства: распівалі спіртныя напоі, весяліліся. Праз некаторы час адна з дзяўчат адлучылася быццам у прыбіральню. А па дарозе захапіла з сабой куртку свайго новага знаёмага.
У прыбіральні дзяўчына дастала з кішэні партаманет, узяла адтуль 200 долараў, але калі вяртала партаманет зноў у кішэнь, прамахнулася, і ён застаўся ляжаць на падлозе ў прыбіральні.
Дзяўчына, як ні ў чым не бывала, вярнулася за стол, гутарка працягвалася. Калі ж хлопцы выйшлі з пакоя пакурыць, яна перадала 100 долараў сваёй сяброўцы, падзялілася скрадзеным пароўну.
Дзяўчаты, карыстаючыся тым, што хлопцы выйшлі з пакоя, хуценька зазбіраліся дадому, прыхапіўшы з сабой і мабільны тэлефон аднаго з кавалераў.
Сыходзілі па-англійску, не развітаўшыся. Але па нейкай фатальнай выпадковасці адна з дзяўчат забылася свой мабільны тэлефон. Мусілі вярнуцца.
А хлопцы ўжо ў гэты час не далічыліся грошай і свайго тэлефона, выклікалі міліцыю. Пры аглядзе ў дзяўчат і знайшлі скрадзеныя рэчы і грошы.
Узбуджаная справа па артыкуле 205 ч. 2 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Дзяўчаты нідзе не вучыліся, адна з іх нават не працавала, − паведаміла “Рэгіянальнай газеце” Марына Рагінская, следчы па асабліва важных справах Маладзечанскага аддзела Следчага камітэта Маладзечна.
Наталля ТУР.
Фота x2.kiev.ua