На цыркача, які ашукаў брэсцкую публіку, завялі крымінальную справу
Цырк "Мадагаскар" павінен быў выступіць у брэсцкім Лядовым палацы, але артысты так і не прыехалі.
Нагадаем, што два паказы цырка былі заяўленыя на 3 лістапада. У той жа дзень пакупнікам квіткоў паведамілі, што паказ не адбудзецца па тэхнічных прычынах. Высветлілася, што арганізатар зарэгістраваў у Мінску прыватнае ўнітарнае прадпрыемства "Цырк шоу".
Агулам было прададзена 4400 квіткоў. Кошт аднаго - ад 60 тысяч рублёў да 120 тысяч рублёў. Дырэктар фірмы зняў прыбытак ад іх рэалізацыі, а пазней знік.
Як паведамляе прэс-служба абласной міліцыі, па матэрыялах праверкі 29 лістапада была распачата крымінальная справа. Кіраўніка цырка вінавацяць у махлярстве ў буйным памеры: памер шкоды, нанесенай брэстаўчанам, ацэньваецца больш як у 32 мільёны рублёў.
Прадпрымальніку, 36-гадоваму грамадзяніну Расіі, пагражае да 7 год пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Мужчыну, які пражывае ва ўкраінскім горадзе Сімферопаль, абвясцілі ў вышук.