Сумны лёс
Сумны лёс напаткаў цыгарэтных кантрабандыстаў
Аб падазроным аўто, якое знаходзілася ў вёсцы Ласі Астравецкага раёна, пагранічнікам паведамілі мясцовыя жыхары. Правяраючы атрыманую інфармацыю, нарад знайшоў «газель» без рэгістрацыйных нумароў. Заўважыўшы людзей у пагонах, вадзіцель даў па газах, але яго, а гэта аказаўся 30-гадовы жыхар Пастаў, нагналі ў лесе. У машыне аказалася 80 скрынь цыгарэт, легальнасць набыцця якіх мужчына даказаў толькі часткова.
Некалькімі гадзінамі пазней у тым жа раёне спынілі УАЗ, што таксама ехаў без нумароў. Мясцовы жыхар перавозіў у ім 81 скрыню цыгарэт.
Узаемасувязь абодвух выпадкаў устаноўлена. Вызначаны і папярэдні кошт нелегальнай прадукцыі — 408 млн. рублёў. Далейшы лёс машын і кантрабанднага тавару вырашыць суд.