“У мяне там муж з каханкай, дастаньце, я тут пад балконам з дзецьмі мерзну”
У міліцыю ў нядзелю, 27 кастрычніка, патэлефанавала ўсхваляваная жанчына і вельмі прасіла дапамагчы.
– Наш супрацоўнік, як звычайна, пачаў высвятляць абставіны, – распавядае намеснік начальніка РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Андрэй Дударчык. – Аказалася, жанчына прыйшла разам з дзецьмі пад балкон каханкі мужа і прасіла міліцыю яго адтуль дастаць ды зрабіць так, каб мужчына пайшоў з імі дамоў.
Вядома, такі выпадак мы не рэгістравалі афіцыйна, а запісалі ў працоўны журнал. Але па-чалавечы паспрабавалі дапамагчы, бо ўсё ж адправілі туды міліцыянера. Праз колькі часу ён убачыў мяне і сказаў, што ў той час вярнуць мужчыну ў сям’ю не ўдалося.
Цешыць, што людзі песцяць надзею, быццам органы ўнутраных спраў могуць усё: дзе трэба і дзе не трэба. Аднак, людзі, майце сумленне, дайце магчымасць дапамагчы тым, каму гэта сапраўды трэба.
Настасся РОЎДА.
Фота maxpark.com